ЧАМУ СПРАЦАВАЛІ НЕ ЛЕПШЫМ ЧЫНАМ? | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

ЧАМУ СПРАЦАВАЛІ НЕ ЛЕПШЫМ ЧЫНАМ?

ПРЫ абмеркаванні сацыяльна-эканамічнага развіцця Мядзельшчыны за мінулы год на пасяджэнні райвыканкама ў мінулую пятніцу прэваліраваў крытычны падыход. І для гэтага меліся сур’ёзныя падставы. З васьмі прагнозных паказчыкаў наш азёрны край справіўся толькі з двума. Ды і то адзін з іх выклікае не адназначнае меркаванне. Маецца на ўвазе вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Сапраўды, даведзенае заданне выканана, аднак у аграпрамысловым комплексе па-ранейшаму няма чым хваліцца ў справе зніжэння затрат, маем мінусавую рэнтабельнасць, хаця станоўчая тэндэнцыя і забяспечваецца. На такой акалічнасці акцэнтаваў увагу прысутных ва ўступным слове старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка. Далёка не лепшая сітуацыя і з фінансавымі абавязацельствамі арганізацый. Расце крэдыторская запазычанасць, некаторыя несвоечасова разлічваюцца за электраэнергію, узнікаюць праблемы па адлічэннях у фонд сацыяльнай абароны. Не выйшаў раён і на прагнозны паказчык па экспарце паслуг. У першую чаргу тут недапрацавалі санаторыі “Нарачанка” і “Нарачанскі бераг”, для якіх аказаўся недасягальным нават узровень папярэдняга года. Не змаглі належным чынам наладзіць і прыцягненне прамых замежных інвестыцый, што для курортнага рэгіёну недаравальна, стварэнне новых рабочых месцаў. А гэта, як і рост заработнай платы працуючых, напрамую ўвязваецца з узроўнем тавараабароту ў гандлі. Указвалася, што значна ніжэй сваіх магчымасцей тут працуюць як раённае спажывецкае таварыства, так і ўнітарнае прадпрыемства “Ілаўскае”, ААТ “Занарачанскі”. Сёння час настойліва патрабуе пошуку эфектыўных мер і шляхоў па выхадзе з такога незайздроснага становішча, каб больш не сутыкацца з падобнымі ганебнымі праваламі ў рабоце.
З асноўным дакладам па гэтым пытанні на пасяджэнні выступіла намеснік старшыні райвыканкама Наталля Апановіч. Яна спынілася на недапрацоўках па асноўных прагнозных паказчыках. У прыватнасці, Наталля Расціславаўна адзначыла, што па тым жа рознічным тавараабароце па шэрагу пазіцый стаяла дасягальная задача. Аднак дала пра сябе ведаць нагнаўшая ўжо аскоміну непаваротлівасць кадраў. Так, на ўнітарным прадпрыемстве “Ілаўскае” для выканання даведзенага параметра не хапіла ўсяго 15 тысяч рублёў — тыднёвая выручка свайго магазіна. Важкую прыбаўку ў гандлі можна мець, калі належным чынам забяспечыць запатрабаванымі ў насельніцтва прамысловымі таварамі абноўлены ў райцэнтры ўнівермаг…
Са стратамі завяршылі мінулы год чатыры арганізацыі. Найбольшыя яны па свінакомплексе “Брусы” Вілейскага камбікормавага завода — 1 мільён 391 тысяча рублёў. За ім ідзе санаторый “Нарачанка” — 507 тысяч рублёў. Патрапілі сюды і два сельскагаспадарчыя таварыствы — “Слабадская зара” і “Пруднікі-Агра”. Не можа не засмучаць і вялікая па раёне пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць — 27 мільёнаў 661 тысяча рублёў.
Важнай справе працаўладкавання грамадзян павінна паспрыяць стварэнне новых прадпрыемстваў і вытворчасцей. Чакаецца, што гэты працэс значна актывізуецца з прыняццем Дэкрэта №7 “Аб развіцці прадпрыемніцтва”, які ўступіў у сілу пазаўчора. Ён накіраваны на спрашчэнне ўмоў вядзення сваёй справы, мінімізацыю ўмяшання дзяржавы ў дзейнасць суб’ектаў гаспадарання. Узмацняюцца і механізмы самарэгулявання бізнесу, яго адказнасць за сваю работу перад грамадствам. Дарэчы, на пачатак года на Мядзельшчыне зарэгістраваны 883 суб’екты прадпрыемніцкай дзейнасці, а колькасць занятых у эканоміцы раёна складала 12050 чалавек. Яшчэ адна з актуальных задач на сёння, па меркаванні Наталлі Апановіч, — рост ва ўсіх арганізацыях заработнай платы. Яна павінна планамерна і няўхільна павялічвацца, бо за гэтым — дабрабыт і жыццёвы ўзровень нашых людзей…
Наталлю Расціславаўну істотна дапоўніў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Дытко, які спыніўся на рабоце аграпрамысловага комплексу. На вялікі жаль, два нашы таварыствы папрацавалі летась горш, чым у папярэднім годзе — “Свір-Агра” і “Пруднікі-Агра”. У той жа час упэўнена справіліся з даведзенымі заданнямі па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі “Нарачанская Ніва 2004”, “Мядзелаграсэрвіс”, “Мядзельскае аграпрамэнерга”, свінакомплекс “Брусы”, СГФ “Дзягілі” і Нацпарк “Нарачанскі”. Прыкметная прыбаўка забяспечана ў вытворчасці малака. Яго надой ад каровы склаў 4071 кілаграм — на 365 кілаграмаў больш у параўнанне з 2016 годам. Мінус дапусцілі толькі ў таварыствах “Занарачанскі” і “Пруднікі-Агра”. Узрасла ў цэлым і выручка ад рэалізацыі малака: як за кошт павелічэння яго аб’ёмаў, так і якасных паказчыкаў прадукцыі. Але не ва ўсіх. Самыя вялікія страты ад рэалізацыі малака атрымалі ў таварыстве “Слабадская зара” — рэнтабельнасць склала мінус 22,7 працэнта. Адна з прычын гэтага — значнае перавышэнне нарматыву расходу кармоў на адзінку прадукцыі. Ды і наогул, гэта — “хвароба” многіх гаспадарак. У прыватнасці, з прычыны перарасходу кармоў пры вытворчасці малака раён згубіў 754 тысячы рублёў, а на вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы і таго больш — амаль 2 мільёны рублёў. Не садзейнічае ўмацаванню эканомікі аграрнага сектара раёна і той факт, што ўдзельная вага заработнай платы ў выручцы за мінулы год пры нарматыве 25 склала 38,1 працэнта.
Спыніўся Уладзімір Аляксандравіч і на рэзервах павышэння прадуктыўнасці ў жывёлагадоўлі. Важкі з іх — зніжэнне сэрвіс-перыяду кароў ад расцёлу да першага прадуктыўнага апладнення. Як сведчыць нават мясцовая практыка, дзе ён невялікі, на ўзроўні 53-61 дня — “Мядзельскае аграпрамэнерга”, СГФ “Дзягілі”, — там маюць даволі важкія надоі, працуюць з прыбыткам. І зусім іншы малюнак бачым па таварыствах “Слабадская зара”, “Мядзелаграсэрвіс”, “Будслаўскае”, АСП “Вузлянка”, дзе гэты сэрвіс-перыяд у тры разы большы. На што яшчэ ў абавязковым парадку неабходна звярнуць пільную ўвагу ў гаспадарках? Гэта вырошчванне цялушак для ўзнаўлення дойнага статка. Яны павінны штодзень прыбаўляць у вазе не менш за 700-800 грамаў. Тады іх можна апладняць у 15 месяцаў з наступным расцёлам у 24 і, такім чынам, пазбягаць перарасходу кармоў, недаатрымання прадукцыі. У нас жа пакуль дзе-нідзе цялушак апладняюць і ў 22, і ў 23 месяцы. Многія фінансавыя праблемы на вёсцы можна таксама павырашаць за кошт павышэння таварнасці малака і яго якасці, сярэднясутачных прыбаўленняў у вазе жывёлы, паляпшэння збалансаванасці рацыёнаў кармлення пагалоўя.
На пасяджэнні давялося трымаць справаздачы выконваючаму абавязкі кіраўніка ўнітарнага прадпрыемства “Ілаўскае” Уладзіміру Калясеню, дырэктарам свінакомплексу “Брусы” Аляксандру Кокашу і санаторыя “Нарачанка” Сяргею Куруленку. У прынятым рашэнні адзначана станоўчая дынаміка выканання паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця шэрагу арганізацый, па экспарце паслуг. Адначасна па выніках мінулага года прызнана нездавальняючай работа многіх кіраўнікоў па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. У іх ліку таварыстваў “Занарачанскі” Аляксандра Бачко, “Слабадская зара” Сяргея Роўды, “Будслаўскае” Алега Ермаковіча, “Зані” Уладзіміра Шмары, “Свір-Агра” Эдварда Люткоўскага, “Пруднікі-Агра” Аляксандра Дзяконскага, АСП “Вузлянка” Сяргея Кірыленкі; па выкананні заданняў па экспарце паслуг — санаторыяў “Нарачанскі бераг” Андрэя Крайко і “Нарачанка” Сяргея Куруленкі; па росце аб’ёмаў рознічнага тавараабароту — раённага спажывецкага таварыства Аксаны Грузд; па фінансавым стане прадпрыемстваў — свінакомплексу “Брусы” Аляксандра Кокаша, таварыстваў “Слабадская зара” Сяргея Роўды і “Пруднікі-Агра” Аляксандра Дзяконскага. Намечаны таксама меры па нарошчванні ў гэтым годзе аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, выхадзе арганізацый на бясстратную работу, павышэнні заробкаў, своечасовых разліках за прыродны газ, цеплавую і электрычную энергіі, пералічэнні абавязковых страхавых узносаў у дзяржаўны пазабюджэтны Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.

Павел ЖУКАЎ.



28 лютага 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Афіцыйна

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-043 84 Царква ў Крывічах Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси