А памяць сэрца беражэ

Па традыцыі Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў збірае былых ваеннаслужачых, якія прайшлі вогненнымі дарогамі Афганістана, пабывалі ў Егіпце, Анголе, на Кубе, у іншых “гарачых” кропках. Яны служылі там, куды іх накіроўвала Радзіма, годна і сумленна выконвалі свой воінскі абавязак. Урачыстасць, прысвечаная гэтай даце, адбылася на мінулым тыдні ў гарадскім Доме культуры. Як і звычайна, на яе сабраліся мужчыны з сівізной на скронях з розных куточкаў азёрнага краю, у мірнае жыццё якіх у розныя перыяды ўварвалася вайна. Усіх іх аб’ядноўвае памяць пра перажытыя цяжкасці і выпрабаванні, якія выпалі на іх лёс. І сёння многім сняцца разрывы мін, свіст куль над галавой, вярэдзяць душу ўспаміны пра баявых таварышаў, якія загінулі на чужыне ці рана пайшлі з жыцця ўжо тут, на радзіме.
Пераносяць у мінулае прысутных і відэафрагменты з эпізодаў ваенных дзеянняў у Афганістане. Да месца там і фотаздымкі воінаў-інтэрнацыяналістаў Мядзельшчыны, якія прыходзілі на дапамогу мірным жыхарам краін, дзе разгортваліся ваенныя канфлікты, праяўлялі мужнасць і самаадданасць, доблесць і адвагу, часам нават цаной уласных жыццяў.


На сцэну запрашаецца старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Юрый Мяркулаў. Юрый Мікалаевіч падкрэсліў, што ўсе мядзяльчане, якія служылі ў Афганістане, іншых “гарачых” кропках, не падвялі сваё камандаванне. Яны добрасумленна выканалі воінскі абавязак. Многія вярнуліся дадому з баявымі ўзнагародамі, што пацвярджае іх стойкасць і гераізм.
З вітальнымі словамі звярнуўся да воінаў-інтэрнацыяналістаў ваенны камісар раёна Алег Радкевіч. Ён падзякаваў прысутным за вернасць прысязе і воінскаму абавязку. Пажадаў моцнага здароўя, цярпення, поспехаў у працы і жыцці, а яшчэ, каб падрастаючае пакаленне ведала пра іх подзвіг і памяць пра яго перадало з часам сваім нашчадкам. Карыстаючыся выпадкам, райваенкам уручыў граматы раённага ваеннага камісарыята за ўвекавечанне памяці герояў мінулых войнаў, актыўны ўдзел у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі старшыні грамадскага аб’яднання “БСВВА” Юрыю Мяркулаву, актыўным яго членам Аляксандру Штуру і Уладзіміру Зуеўскаму. Ад раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” атрымалі граматы Леанід Макарэвіч, Канстанцін Худы, Франц Лаўрыновіч.


За перыяд з 25 снежня 1979 па 15 лютага 1989 года ў Афганістане выконвалі інтэрнацыянальны абавязак 620 тысяч савецкіх салдат і афіцэраў. За гэты час загінулі, памерлі ад ран, няшчасных выпадкаў, прапалі без вестак, не вярнуліся з палону 14453 чалавекі, 35000 — атрымалі раненні. Загінуў там, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак, і наш зямляк Іван Аніська. Пахаваны ён на радзіме, на тэрыторыі былога Сырмежскага, а зараз Занарацкага сельсавета. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі пасмяротна… Дарэчы, штогод напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў супрацоўнікі райваенкамата сумесна з прадстаўнікамі раённай арганізацыі ГА “БСВВА” наведваюцца на магілу героя, каб аддаць яму даніну пашаны. З гадамі адыходзіць у мінулае чужая і далёкая вайна, аднак не забываюцца тыя, хто змагаўся і аддаў жыццё, не запляміўшы гонар і сумленне салдата. У памяць пра іх аб’яўляецца хвіліна маўчання.
Да мікрафона запрашаецца старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка. Алег Алегавіч адзначае, што Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў — даніна павагі ўсім салдатам і афіцэрам, якія за межамі сваёй Радзімы выконвалі інтэрнацыянальны абавязак, засталіся вернымі воінскай прысязе, у мірны час сталі прадаўжальнікамі слаўных традыцый ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Большасць з іх сваёй шчырай і стараннай працай прымнажае багацці роднай зямлі, паказвае прыклад руплівасці іншым. Воіны-інтэрнацыяналісты Мядзельшчыны прымаюць актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення,


вучаць моладзь любіць сваю Айчыну, быць гатовымі, калі будзе такая неабходнасць, стаць на абарону мірнага жыцця і стваральнай працы. Таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў уручыў падзякі старшыні райвыканкама Леаніду Кайрэлісу, Анатолію Сідарэнку і Уладзіміру Ракецкаму.
У зале прысутнічала дэлегацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў з Вілейкі. Прадстаўнікі яе падняліся на сцэну і прывіталі сяброў па зброі, якія прайшлі Афган, пабывалі ў многіх “гарачых” кропках планеты з нагоды адметнай даты календара. Яны перадалі Юрыю Мяркулаву ў падарунак пано з панарамай Афганістана, якое зойме дастойнае месца ў якасці экспаната ў кутку воінаў-інтэрнацыяналістаў у Мядзельскім музеі народнай славы.
Сімвалічна і тое, што пастаянна падчас такіх мерапрыемстваў лепшыя вучні ўстаноў адукацыі горада атрымліваюць ва ўрачыстай абстаноўцы білеты і значкі членаў грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. На гэты раз такой прыемнай місіі былі ўдастоены Дар’я Церашкевіч, Іванна Макіева, Анастасія Станілевіч, Паліна Пусько, Паліна Паляніна, Яна Мінчук, Сняжана Маляёнак, якія прадстаўлялі Мядзельскую СШ №1 імя У. Дубоўкі і гімназію-інтэрнат г. Мядзела. З вітальным словам да іх звярнулася першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Марына Апанасёнак. Яна ж уручыла ім білеты і значкі членаў БРСМ.
Дарэчы, на працягу ўсяго мерапрыемства вершаваныя і празаічныя радкі, адрасаваныя віноўнікам урачыстасці, чаргаваліся з канцэртнымі нумарамі. Музычнае віншаванне падрыхтаваў для прысутных воін-інтэрнацыяналіст Уладзімір Гульцяеў. Хораша спявалі Вікторыя Багінская, Вольга Буянава, Ян Рубанюк, Віктар Гуд, Ірына Селязнёва, Аксана Вязевіч, Анжаліка Кароль. Дружнымі апладысментамі сустрэла публіка дуэт у складзе Віктара Гуда і Ірыны Селязнёвай. Упрыгожаннем канцэрта сталі таксама танцавальныя нумары, падрыхтаваныя ўдзельнікамі малодшай і старэйшай груп харэаграфічнага аддзялення Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў. А з роляй вядучай бліскуча справілася Вікторыя Стэрнад.
Добразычлівая атмасфера, якая панавала ў зале, мяркую, прымусіла воінаў-інтэрнацыяналістаў узгадаць тыя далёкія падзеі, сяброў, якіх няма і ўжо ніколі не будзе побач. Нагадала яна ім у чарговы раз і пра тое, як важна і надалей жыць годна і дастойна, заставацца прыкладам для сваіх родных, блізкіх і асабліва для дзяцей і моладзі.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



26 лютага 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Лебедзі на Нарачы Сядзіба Максіма Танка  _dsc1133-3 1-12

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси