ХТО ЗВЯРНУЎСЯ, НЕ ПАШКАДАВАЎ

ПАЗАЎЧОРА ў райвыканкаме прыём насельніцтва з адзінаццаці да дванаццаці гадзін праводзіў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэй Худык. Патрапіць да Андрэя Паўлавіча пажадалі ўсяго два чалавекі, аднак пытанні для азёрнага краю яны ўзнялі надзвычай злабадзённыя. Пры гэтым прысутнічалі таксама старшыні Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Баранаў і раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка. Першым на прыём завітаў намеснік дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі Уладзімір Клімовіч. Ён распавёў, што ачышчальныя збудаванні ў курортным пасёлку працуюць без рамонту з 1981 года. Яны прымаюць зараз у суткі каля 5 тысяч кубічных метраў сцёкаў пры наяўнай магутнасці 5,4. Пры максімальнай загрузцы здраўніц, у прыватнасці, у 2014 годзе нагрузка ўзрастала і да шасці тысяч кубічных метраў. Тым не менш, ачышчальныя са сваёй задачай і ў такіх умовах спраўляліся. Якасць іх работы сёння добрая. Аднак, па запэўніванні Уладзіміра Пятровіча, многія праблемы з прычыны зношанасці абсталявання ўдаецца аператыўна вырашаць толькі дзякуючы высокаму майстэрству абслугоўваючага персаналу.
Гадоў з пяць таму ў рамках Дзяржпраграмы “Чыстая вада” прымалася рашэнне наконт рэканструкцыі курортных ачышчальных збудаванняў, была распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя. На жаль, фінансавага падмацавання яна не атрымала. А цяпер на парадку дня не рэканструкцыя, а наспелая замена абсталявання, якое выпрацавала свой рэсурс. На гэта, па словах Уладзіміра Пятровіча, патрабуецца парадку 1,7 мільёна рублёў. Такой сумы ім самім не адшукаць, таму спадзяюцца на дапамогу Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Уважліва выслухаўшы наведвальніка, Андрэй Худык запэўніў, што яго Міністэрства таксама паўдзельнічае ў падрыхтоўцы да абласных “Дажынак-2018”. Андрэй Паўлавіч паабяцаў, што яны пасля вывучэння пытання пастараюцца “зрабіць свой уклад у гэту добрую справу”. Асабліва з улікам таго, што Мядзельшчына — найбуйнейшы ў краіне курорт, і ахова навакольнага асяроддзя тут павінна быць на самым высокім узроўні, “са знакам якасці”, як падкрэсліў міністр.
Просьба прывяла да Андрэя Худыка і намесніка начальніка філіяла “ДЭУ № 66” РУП “Мінскаўтадар-Цэнтр” Андрэя Брэскага. Справа ў тым, што напярэдадні Рэспубліканскага экалагічнага форуму 2006 года, які праходзіў у Мядзеле, іх арганізацыі “перапаў” смеццявоз. З той пары спецыялізаваны аўтамабіль праехаў 517 тысяч кіламетраў, добра паднасіўся, кузаў адольвае ржа. На балансе ў “ДЭУ № 66” 206 кіламетраў рэспубліканскіх дарог з альтанкамі і прыпынкамі, пляцоўкамі для збору смецця. Асаблівая нагрузка на трасы кладзецца з вясны да восені, калі ў некалькі разоў узрастае паток турыстаў. Усе дарогі трэба рэгулярна абслугоўваць, таму такая спецмашына арганізацыі проста неабходна. А для набыцця новай няма грошай… І да гэтага наведвальніка Андрэй Паўлавіч аднёсся з разуменнем, адзначыў, што пры магчымасці паспрыяе вырашэнню ўзнікшага пытання. У той жа час міністр параіў мядзяльчанам праяўляць больш ініцыятывы, актыўна ўдзельнічаць у міжнародных праектах і конкурсах, што дазволіць прыцягваць у курортны рэгіён важкія гранты з Еўрасаюза, Глабальнага экалагічнага фонду, якія выдзяляюцца ў тым ліку і на вырашэнне праблем навакольнага асяроддзя.

Павел ЖУКАЎ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



26 лютага 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Афіцыйна

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

1-12 06-012 Касцёл у Шэметава   223_

Пабрацімы Мядзела