Ад токара да каморніка

ЯЎГЕН Клус, які жыве ў гарадскім пасёлку Крывічы, працуе спецыялістам землеўпарадкавальнай службы райвыканкама. Ён курыруе Крывіцкі, Будслаўскі і Княгінінскі сельсаветы. Зразумела, клопатаў хоць адбаўляй. Але ён не прывык скардзіцца на цяжкасці, а добрасумленна выконвае службовыя абавязкі. Сярод іх — вядзенне ўліку зямлі, вырашэнне спрэчных пытанняў, пераафармленне права на валоданне зямлёю, правядзенне аўкцыёнаў, вызначэнне кадастравага кошту ўчастка для падаткаабкладання і многае іншае.
— Зусім нядаўна быў час, калі людзі актыўна рэгістравалі асабістыя падсобныя гаспадаркі з адводам зямлі. Вось тады, як кажуць, не было калі і дыхнуць. Зараз усё абціхла, — расказвае Яўген Аляксеевіч. — Але гэта не азначае, што сяджу без справы. Пастаянна даводзіцца вырашаць спрэчныя пытанні. А ўзнікаюць яны пры афармленні дакументаў на ўчастак, калі трэба ўзгадніць межы з суседам. Іншым часам здараецца, што спрэчка між суседзямі ўзнікае з прычыны нейкай бытавой дробязі, а пасля перакідваецца на зямельныя межы. І пішуць скаргі, маўляў, сусед плот паставіў не на сваім участку, ці самавольна змяніў мяжу. У такіх выпадках вельмі важна прыняць правільнае, рашэнне. Зямля ж з’яўляецца дзяржаўнай уласнасцю, гэта значыць, усенародным здабыткам, і мерапрыемствы, якія праводзіць наша служба, павінны спрыяць развіццю народнай гаспадаркі, умацаванню эканомікі.
— Стаць каморнікам — мара з дзяцінства ці выпадковасць? — пытаюся.
— Выпадковасць. Так здарылася, — чую ў адказ.
Яўген расказаў, што пасля заканчэння Крывіцкай школы паехаў да знаёмых у Латвію. Працаваць уладкаваўся на цукровы завод у Елгаве. Менавіта на заводзе набыў прафесію токара. Потым — тры гады службы на падводнай лодцы. Менавіта тады з сябрам дамовіліся пасля службы паступаць вучыцца ў Латвійскую сельскагаспадарчую акадэмію, якая знаходзілася ў Елгаве, па спецыяльнасці “аграномія”.
— Чым было абумоўлена рашэнне? — перапытваю.
— Аграном на цукровым заводзе быў самы багаты чалавек. Ён мог сабе дазволіць злётаць у Егіпет, іншыя замежныя краіны. Вось і нам вельмі хацелася пабачыць свет, — усміхаецца суразмоўца. — Будучы на другім курсе, ажаніўся. Разам з жонкай здымалі кватэру.
— Жонка латышка?
— Не. Галіна родам з Крывічоў. Пазнаёміліся мы тут, на вяселлі. Пасябравалі, пакахалі адзін аднаго, пажаніліся. Галіна ўладкавалася на масласырзавод у Елгаве, я працягваў вучыцца. На пятым курсе мне прапанавалі працу на сортавыпрабавальнай станцыі, прыкладна за 30 кіламетраў ад горада. Там нам далі дом з усімі выгодамі. Падпарадкоўвалася арганізацыя непасрэдна Маскве, адтуль было і фінансаванне, — працягвае размову Яўген Клус. — Завялі асабістую гаспадарку. Гадавалі свіней, кароў, быкоў. Безумоўна, працаваць даводзілася шмат, але ўсё гэта апраўдвалася някепскай капейкай.
Пачалася перабудова. Распаўся СССР. Многія тады не ведалі, як быць, як жыць далей.
— Хаця з латышамі былі ў добрых адносінах, аднак разумелі, што нам лепш вярнуцца на радзіму ў Беларусь. Так у 1992 годзе прыехалі ў родныя Крывічы. Спачатку жылі ў доме разам з мамай. Потым задумаў будавацца. Звярнуўся ў гарпассавет — выдзелілі ўчастак. Распачынаць будаўніцтва падштурхнула інфляцыя, — кажа Яўген.
— Як інфляцыя? — перапытваю.
— З Латвіі прывёз крыху грошай, якія хутка абясцэньваліся. Вось і вырашыў набыць будматэрыялы. Купіў лесу, цэменту, цэглы, блокаў, — адказвае ён.
Яўген Аляксеевіч уладкаваўся настаўнікам працоўнага навучання ў тагачасную Крывіцкую дапаможную школу-інтэрнат. Але не доўга давялося папрацаваць. Школу закрылі. Вось тады, як сам расказвае, сродкі для існавання стала прыносіць хобі. А займаўся Яўген разьбой па дрэве. Яго вырабы куплялі многія адпачываючыя курорта…
— Колькі б гэта працягвалася, не магу сказаць, але аднойчы Вольга Касцевіч, якая працавала спецыялістам землеўпарадкавальнай службы райвыканкама па Крывіцкім сельсавеце, прапанавала мне заняць гэту пасаду. Сама яна пераходзіла на пасаду кіраўніка справамі сельвыканкама. Падумаў крыху — і даў згоду, — гаворыць Яўген Клус. — Вельмі ўдзячны Вользе Міхайлаўне. Менавіта яна была маім настаўнікам. Вучыла, падказвала, раіла, дапамагала.
Удзячны тагачаснаму начальніку службы Леаніду Яворскаму, спецыялістам Францу Абодзічу, Вячаславу Жуку, які і зараз курыруе Нарацкі сельсавет. Ніколі не адмаўляюць у дапамозе начальнік службы Аляксандр Чарняўскі, яго намеснік Віктар Хіла, іншыя калегі.
— Можа, дзеці пайшлі вашым шляхам і сталі землеўпарадкавальнікамі? — пытаюся.
— Не. Сын Аляксандр закончыў універсітэт, набыў прафесію педагога. Зараз ён жыве ў Мазыры, будуе ўласны дом. А дачка Марына працуе медсястрой у шпіталі МУС у Мінску. У іх свае сем’і. А мы радуемся ўнучкам і ўнуку, якія штогод летам прыязджаюць да нас у Крывічы. Тады ў доме — весела і шумна. А гэта вельмі добра, — адказвае Яўген Аляксеевіч.
На развітанне ён папрасіў шчыра павіншаваць калег з прафесійным святам.
— Пажаданні мае самыя простыя: поспехаў, дабрабыту, здароўя, дастойнага заробку, паменш спрэчных пытанняў і мірнага неба над галавой, — дадаў ён.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: спецыяліст землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Яўген Клус.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



21 лютага 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай  возера Мястра  84

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси