У накірунку вызначаных прыярытэтаў

НЯДАЎНА ў актавай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Танка на чарговае пасяджэнне сабраліся прафсаюзныя лідары. Як гэта звычайна робіцца ў пачатку года — падвялі вынікі дзейнасці за 2017-ы, вызначыліся з задачамі на 2018. З грунтоўным дакладам перад прафсаюзнымі актывістамі выступіла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Чарняўская. Яе дапоўнілі старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Сівіцкая, член маладзёжнага Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў Аксана Мельнічэнка. Пазнаёміліся прысутныя і з ходам спраў у іншых прафсаюзных арганізацыях. Ірына Глінская паведаміла, як ва ўстановах адукацыі арганізоўваецца работа па абароне працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў, Марыя Мялешка расказала аб рэалізацыі прыярытэтных задач, якія стаяць перад прафсаюзнай арганізацыяй жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна, на асноўных момантах прафсаюзнага жыцця ў санаторыі “Нарачанскі бераг” спынілася Ірына Малафей.
У рабоце пасяджэння прыняла ўдзел саветнік Галоўнага ўпраўлення сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін апарата Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Наталля Пасканная.
У гэтай жа аўдыторыі адбылася і сустрэча з кандыдатам у дэпутаты Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага склікання па Мядзельскай выбарчай акрузе №1 Віктарам Чабатаром.
Віктара Іосіфавіча ў раёне ведаюць многія: ён тут нарадзіўся, жыве, працуе. У Восаве жывуць і працуюць яго дзеці. На слыху і тое, наколькі паспяхова функцыянуе іх сялянская гаспадарка “Антэй-Сад”, створаная ў 1997 годзе.
— Усё маё працоўнае жыццё, за выключэннем шасці гадоў, што некалі прысвяціў камсамолу, аддадзена працы на зямлі, — звяртаецца да прысутных Віктар Іосіфавіч. — І хоць сельскагаспадарчай вытворчасцю займаюся як прыватная асоба, усё роўна і я, і мае памочнікі прытрымліваемся дзяржаўных інтарэсаў і дзяржаўнай ідэалогіі. Часта наша гаспадарка прымае ўдзел у рэалізацыі многіх дзяржаўных праграм, звязаных з сельгасвытворчасцю, у прыватнасці, з развіццём садоўніцтва і агародніцтва. Мы вырошчваем прадукцыю, запатрабаваную на рынку. На сёння ў нас задэкларавана 22 яе віды. Большасць прадукцыі, у адпаведнасці з дзяржаўнымі задачамі, ідзе на экспарт, у асноўным у Расію. Але працуем над магчымасцю яе прасоўвання і на еўрапейскія рынкі.
Сярод планаў і задач на будучае, якія акрэслівае перад сабой кандыдат у дэпутаты, — цалкам рэальныя праекты. Напрыклад, аказанне дапамогі ў рамонце Крывіцкіх установы адукацыі і Дома культуры, работа са зваротамі грамадзян, стварэнне новых працоўных месцаў. Што тычыцца апошняга, то ў гаспадарцы развіваецца праект, які запатрабуе ў хуткім часе адкрыцця двух дзясяткаў працоўных месцаў. У гаспадарцы, як расказаў Віктар Іосіфавіч, будуюцца тунэльныя цяпліцы для вырошчвання клубніц. Адкуль такая экзотыка? Гэта ўсё новыя сучасныя тэхналогіі, перанятыя ў Еўропе. Надакучыла змагацца з прыродна-кліматычнымі ўмовамі, а прадукцыя павінна быць якаснай, адпавядаць патрабаванням, у тым ліку і экспартным. Віктар Іосіфавіч, дарэчы, дзеючы дэпутат Княгінінскага сельскага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання, запэўніў, што гатовы і надалей працягваць працу ўжо на абласным узроўні над самымі важнымі пытаннямі развіцця Мядзельшчыны: у эканоміцы, сацыяльнай сферы, у маладзёжным асяроддзі.
Зрабіць жа свой выбар і прагаласаваць за таго ці іншага кандыдата ў дэпутаты ў мясцовыя Саветы дэпутатаў — грамадзянскі абавязак кожнага дарослага жыхара азёрнага краю.

Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.



19 лютага 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе wjx6x-f4hhi від на Мядзел Касцёл у Мядзеле

Пабрацімы Мядзела