У брыльянтавым зіхценні часу

У ДАЛЁКІМ 1958 годзе 15 лютага ў дзень свайго нараджэння ва ўзросце 28 гадоў ажаніўся наш брат Леанід Дубоўскі. Вяселле па тых часах было пышным і мнагалюдным. Бравы жаніх меў і нявесту, якая была яму да пары — маладзейшую на шэсць гадоў, вельмі прыгожую, з румянцам на твары, без кроплі касметыкі. Соня ўвайшла ў нашу сям’ю так арганічна, нібы заўсёды жыла з намі. Яе бацькі далі ёй цудоўнае выхаванне. Дзяўчына мела паважлівыя адносіны да старэйшых, да бацькоў мужа, была працавітай, узорнай захавальніцай сямейнага агменю. Яе навучылі шыць, вышываць, вязаць, смачна гатаваць, ствараць утульнасць у доме.
Рана памёр наш тата, а з матуляй, гэта значыць са свекрывёй, Соня пражыла ў адным доме амаль 40 гадоў. Дзве гаспадыні на кухні — па сучасных мерках хутчэй фантастыка, чым рэальнасць. А вось у Соні, дзякуючы характару і выхаванню, ніколі з гэтай прычыны не ўзнікала негатыўных момантаў.
Калі каханне, лад і згода ў сям’і, тады ўсё атрымліваецца ў жыцці. Дзе б ні працавалі брат і яго Соня, заўсёды адказна адносіліся да работы. Пра гэта сведчаць папкі, дзе захоўваюцца граматы і падзякі, іх шмат. Леанід працаваў на кіруючых пасадах, але ніколі не размяжоўваў людзей па катэгорыях, да ўсіх адносіўся аднолькава. Калі мог — дапамагаў, стаяў за падначаленых гарой, за што меў ад іх павагу і ўдзячнасць.
Асабліва хочацца адзначыць сваяцкія пачуцці брата і яго жонкі. Гэта — узор таго, як трэба родным адносіцца адзін да аднаго. Дзверы іх дома заўсёды гасцінна расчынены для нас, сясцёр, нашых дзяцей і ўнукаў. Яны з радасцю, як свае, ўспрымаюць прыемныя моманты нашага жыцця, і вельмі засмучаюцца, калі нешта ў нас не ладзіцца. Даюць слушныя парады, нават матэрыяльна дапамагаюць, калі каму гэта неабходна. Унукаў ніколі без пачастункаў не адпусцяць. Вось такія яны, нашы брат з братавай.
Сумеснае жыццё Дубоўскія пачыналі ў вёсцы Васіліны Пастаўскага раёна, потым жылі ў гэтым райцэнтры, пазней перабраліся ў Маладзечна, а стаўшы пенсіянерамі, вось ужо каля трыццаці гадоў жывуць у Мядзеле. У доме ў іх заўсёды чыста і ўтульна, нагатавана шмат смачнага. Парадак і на падворку: радуе вока кветнік, дзе з ранняй вясны красуюцца прымулы, нарцысы, цюльпаны. Гаспадары — увішныя садаводы і агароднікі. Ад працы на зямлі яшчэ з дзяцінства прызвычаіліся атрымліваць радасць і задавальненне.
Леанід і Соня з дня вяселля змаглі захаваць паміж сабой даверлівыя, цёплыя, уважлівыя, шчырыя, пяшчотныя і клапатлівыя адносіны. А столькі ж часу прайшло!
Віншуем юбіляраў з брыльянтавым вяселлем! Жадаем разам пражыць як мага больш год, каб кожны дзень прыносіў радасць і задавальненне і каб у вокнах іх дома яшчэ доўга гарэў агеньчык. Дзякуй вам за ўсё: за чалавечнасць, дабрыню, прыстойнасць, шчырасць. Нізка кланяемся вам — брыльянтавай пары Дубоўскіх Соні Іпалітаўны і Леаніда Мікалаевіча.

Сёстры Таццяна, Вірынея.
г. Мядзел.



15 лютага 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе wjx6x-f4hhi на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела