Беларуская казка сірыйскіх дзяцей

САПРАЎДНАЙ зімовай казкай сталі канікулы для сірыйскіх дзяцей, якія прыехалі на адпачынак і аздараўленне ў НДЦ “Зубраня”. Хлопчыкі і дзяўчынкі з гэтай бліжнеўсходняй краіны, дзе апошнія гады адбываліся інтэнсіўныя баявыя дзеянні, другі раз па запрашэнні кіраўніка нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі прыехалі пагасцяваць у сінявокую Беларусь.
Снег і мароз сталі самымі яркімі ўражаннямі, якія запомніліся юным сірыйцам. Дапаўнялі гасціннасць беларускай прыроды і разнастайныя мерапрыемствы, якімі была насычана праграма прабывання дзяцей. Як паведаміў загадчык аддзела па арганізацыі метадычнай работы ў выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі Рэспублікі Беларусь Валерый Шчамель, для юных гасцей распрацавалі спецыяльную праграму.
— Наша работа прадугледжвала чатыры асноўныя накірункі дзейнасці: інтэлектуальны, робататэхніку, творчасць і спорт, — расказвае Валерый Мікалаевіч. — Гэта абумоўлівалася тым, што ўдзельнікамі змены ад Сірыі і Беларусі сталі выдатнікі вучобы, пераможцы і ўдзельнікі міжнародных алімпіяд па прадметах, дзеці з творчымі здольнасцямі, прадстаўнікі нацыянальных зборных па робататэхніцы, дзеці, якія маюць значныя поспехі ў валейболе, баскетболе, плаванні.

Кожны накірунак меў выніковае мерапрыемства, дзе можна было ўбачыць, чаму дзеці навучыліся: фестываль творчасці, конкурс “Супер-вучань”, спартыўныя таварыскія сустрэчы.
Валерый Мікалаевіч адзначыў, што і экскурсійная праграма таксама распрацоўвалася з улікам інтарэсаў гасцей. Напрыклад, інтэлектуалы наведвалі БДТУ, БНТУ, БДУ, атамную станцыю ў Астраўцы, творчых дзяцей гасцінна прымалі ў Акадэміях мастацтваў, музыкі, універсітэце культуры і мастацтваў, спартсмены ездзілі ў рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву, універсітэт фізічнай культуры, культурна-спартыўны комплекс “Мінск-Арэна” і так далей. Забаўляльная праграма была агульнай — усе наведалі Нясвіжскі палац, Мірскі замак, Вялікі тэатр оперы і балета, дэльфінарый.


Наталля Валянцінаўна — выхавальнік, ёй па абавязку службы давялося, напэўна, бліжэй за іншых пазнаёміцца з сірыйскімі дзецьмі:
— У мяне ў атрадзе дваццаць пяць дзяцей. Чатырнаццаць дзяўчынак і адзін хлопчык займаюцца балетам, яшчэ дзесяць — інструменталісты і вакалісты. Усе вельмі добразычлівыя і спагадлівыя. Складанасць толькі адна — моўны бар’ер. Але мы яго старанна пераадольваем. Некаторыя дзеці разумеюць рускую мову, адна дзяўчынка добра размаўляе па-руску, бо з сям’і, дзе адзін з бацькоў — рускі, амаль усе добра валодаюць англійскай мовай. З забаўляльных мерапрыемстваў вельмі падабаецца дыскатэка. Сірыйскія дзеці выдатна кантактуюць з беларускімі. І тыя, і тыя з задавальненнем развучваюць словы: і арабскія, і рускія.

Іна ЯРЧАК.



01 лютага 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Моладзь

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi Касцёл у Засвіры       Паруснікі                          Касцёл у Шэметава

Пабрацімы Мядзела