…Сэрца — людзям

Напісаць пра Аліну Санюк папрасілі яе аднавяскоўцы. Нагода для гэтага выдалася сапраўды адметная: 5 студзеня ветэран педагагічнай працы адзначыла 80-годдзе з дня нараджэння.

Аліна Іосіфаўна родам з хутара Заблоддзе, што непадалёку ад Лылойцяў, былога Свірскага, а цяпер Смаргонскага раёна. Так атрымалася, што маці адна выхоўвала яе з братам Чаславам. А таму з маленства прывучала сына і дачку да сялянскай працы. Ніякай работы яны не цураліся: і жывёлу пасвілі, і на полі завіхаліся, і дома дапамагалі. Пасля чацвёртага класа, а вучылася дзяўчынка адразу ў Дабраўлянскай васьмігодцы, яна ўжо хадзіла ў гадавальнік, дзе разводзілі саджанцы, каб самой зарабіць грошы на форму, падручнікі. Затым займалася ў Свірскай сярэдняй школе, якую закончыла ў 1956 годзе.
— У той час, — успамінае Аліна Іосіфаўна, — быў покліч: заставацца на работу ў сельскай гаспадарцы. І моладзь не вельмі рвалася ў горад. Мяне, напрыклад, запрасілі ў Завідзіненцкую васьмігодку піянерважатай. Многія дзяўчаты, ды і хлопцы таксама, якія пазней сталі выдатнымі педагогамі, пачыналі свой шлях на ніве асветы менавіта з гэтай пасады. Набывалі пазней вышэйшую адукацыю завочна. Паступіла вучыцца ў БДУ на факультэт біялогіі і я.
Ад сваёй суразмоўцы даведалася, што яна адразу пасля школы выйшла замуж. А спаткала свайго суджанага ў Міхалішках на кірмашы, калі яшчэ вучылася ў восьмым класе. Уладзіслаў быў старэйшы за яе. А мужчынская апора ім была вельмі на той час патрэбна. Напачатку муж працаваў у мясцовым саўгасе бухгалтарам. Пасля завочна закончыў Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут. Атрымаў прафесію заатэхніка. Менавіта на гэту пасаду і запрасіў яго тагачасны старшыня калгаса “Ленінскі шлях” Мядзведзеў. Так у 1967 годзе іх сям’я і апынулася ў Баярах. З імі прыехала і матуля Аліны. Атрымалі жыллё. Аліна Іосіфаўна ўладкавалася на працу настаўнікам біялогіі і хіміі ў Мядзельскую сярэднюю школу (на той перыяд адзіную ў райцэнтры). Затым была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, інспектарам раённага аддзела напачатку народнай асветы, пасля — адукацыі. Курыравала настаўнікаў-прадметнікаў: хіміі, біялогіі, працоўнага навучання. Вяла прышкольныя ўчасткі, займалася прафарыентацыяй, арганізацыяй грамадска-карыснай працы, даследчай работай. Да сваіх абавязкаў адносілася вельмі адказна і старанна. Была наватарам, а таму і педагогаў імкнулася зацікавіць і нацэліць на выніковую дзейнасць. Шмат увагі ўдзяляла абмену вопытам. Кожную іх сустрэчу старалася зрабіць цікавай і запамінальнай, карыснай і разам з тым павучальнай. А таму і конкурсы арганізоўвала, і экскурсіі па знакамітых прыродаахоўных аб’ектах Беларусі.
— Што вам узгадваецца пра сваю працу? — цікаўлюся.
— Вельмі многае, — чую ў адказ. — Найперш, калегі, з якімі мяне звяла сумесная работа, наш нязменны загадчык аддзела — вельмі разумны і неабыякавы да лёсу галіны і нас, яе работнікаў, Іван Якімец. Сёлета будзе роўна 55 гадоў, як з ім пазнаёмілася. Мы вучыліся завочна ў Белдзяржуніверсітэце на адным факультэце. З жонкай Івана Іванавіча, Актавіяй, хадзіла разам у школу, добра ведала і яе сястру Людмілу. У той час сістэма адукацыі была на вельмі добрым рахунку і ў вобласці, і ў рэспубліцы. А ўсё таму, што творчыя, нераўнадушныя людзі працавалі ў ёй. Быў стабільны, моцны дырэктарскі корпус, творчыя педагогі, якія свае веды, вопыт шчодра аддавалі вучням. З удзячнасцю ўспамінаю настаўнікаў Ірыну Эдуардаўну Юркевіч з Нарацкай СШ №1, Зінаіду Міхайлаўну Карпей і Тэрэзу Валяр’янаўну Лаздоўскую з Мядзельскай СШ №1 і многіх-многіх іншых. Немагчыма назваць усіх, хто гэтага заслугоўвае, хоць вельмі хочацца.
Цёпла гаворыць пра свайго былога калегу па працы старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Глінская:
— Так склалася, што з Алінай Санюк маё жыццё цесна пераплятаецца. Я вучылася ў Мядзельскай сярэдняй школе, і хімію ў нас выкладала Аліна Іосіфаўна. Ды так, што гэты прадмет настолькі запаў у душу, што захацелася і самой стаць падобнай на настаўніка. Таму закончыла хімічны факультэт БДУ. Вярнулася на работу на радзіму. Пакуль настаўнічала, маім куратарам была Аліна Санюк. Яна чалавек вельмі эрудыраваны, адказны, прынцыповы. Ніколі не спынялася на дасягнутым, старалася ісці ў нагу з часам, толькі наперад. А калі Аліна Іосіфаўна пакінула пасаду інспектара, заняць яе прапанавалі мне. Вядома ж, вельмі хвалявалася. Бо замяніць чалавека, які выдатна ведаў сваю работу, жыў ёю, было не так проста. Але дзякуючы папярэдніцы ў мяне ўсё атрымалася. На гэтай пасадзе працавала з 1989 па 2007 год, словам, датуль, пакуль не абралі старшынёй галіновага райкама прафсаюза. І сёння з любоўю і павагай адношуся да сваёй настаўніцы і калегі. Шчыра віншую юбілярку з адметнай датай у яе біяграфіі і жадаю ўсяго самага найлепшага, здароўя, доўгіх год жыцця, дабрабыту, быць і надалей такой жа аптымісткай.
Пасля раённага аддзела адукацыі Аліна Санюк працавала настаўніцай у Мядзельскай СШ №2. Усю сябе аддавала школе, рабоце. Нездарма яе вучні паказвалі добрыя вынікі на алімпіядах.
У Аліны Іосіфаўны ўвогуле залатыя рукі. Яна ўмее шыць, вышываць, вязаць. Як узгадвае, першай пакупкай у яе сям’і стала швейная машына. Дзякуючы ёй жанчына асвоіла ўсе тонкасці гэтага рамяства. А самае галоўнае — з дапамогай яе магла і сама прыгожа апранацца, і дачушак, якія падрасталі, прыбіраць. Вязала яна і модныя на той час касцюмы, сукенкі, кофты. Цяпер жа, як сама кажа, аддае перавагу больш шкарпэткам, якія з задавальненнем носяць яе блізкія.
Аліна Санюк ужо даўно на пенсіі. Але інтэлігентам, як была, так і засталася. Па-ранейшаму шмат чытае. Гэта адна з самых актыўных чытачак мясцовай бібліятэкі-дома вольнага часу. Яна вельмі любіць збіраць грыбы, ягады і проста паблукаць па лесе, добра ведае лекавыя расліны. Сабранымі травамі шчодра дзеліцца з аднавяскоўцамі.
Ужо дзевяць гадоў жанчына пасля смерці мужа жыве адна, аднак адзінокай сябе не адчувае. У яе дзве дачкі, абедзве настаўніцы, выкладаюць матэматыку: Ірына працуе ў Мядзельскім ВПК яслі-сад-сярэдняя школа, Людміла — у адной са сталічных школ. Багатая бабуля на ўнукаў. Іх у яе чацвёра: Вячаслаў, Максім, Віталій і Сяргей. У трох з іх ужо свае сем’і. Ёсць у Аліны Іосіфаўны і трое праўнукаў — трэцякласнік Кірыл, чатырохгадовая Каценька і паўтарагадовая Яначка. Яны яе самая вялікая радасць.
З гадамі ўсё больш турбуюць жанчыну хваробы, але яна не наракае на лёс, жыццёвыя выпрабаванні, застаецца аптымісткай. Больш за тое, выказвае Богу ўдзячнасць за пражытыя гады — з іх радасцямі і трывогамі. Увогуле з верай у сэрцы, якой яе з маленства навучала матуля, жыве мая суразмоўца.
— Дзядуля так казаў, — успамінае Аліна Іосіфаўна. — Душа — Богу, сэрца — людзям, любоў — блізкім, сабе — пачуццё ўласнай годнасці. Згадзіцеся, залатыя словы. Іх і прытрымліваюся. Напэўна, таму і шчаслівая. У мяне добрыя дочкі, унукі, праўнукі. Яны — мая сям’я. Харошыя і суседзі, шмат маю сяброў, якія тэлефануюць, цікавяцца справамі, расказваюць пра сябе, дзеляцца навінамі… Вядома, не ўсё было гладка ў жыцці. Акрамя радасцей, якія прыносілі блізкія, любімая работа, былі і неабгрунтаваныя нагаворы. Хоць часам было і крыўдна на несправядлівасць, але не трымаю, як кажуць, каменя за пазухай.
Як сцвярджаюць аднавяскоўцы, Аліна Санюк — добры арганізатар. Не зважаючы на праблемы са здароўем, яе першую пастаянна ўбачыш падчас добраўпарадкавання могільніка. І сама працуе, і іншых за сабой вядзе. Пры яе непасрэдным
удзеле каталіцкі крыж устаноўлены і ў аграгарадку, і на могільніку. Ёсць у вернікаў з Баяраў і свая каплічка на Мядзельскай Кальварыі, якую разам даглядаюць.
У юбілейную дату многія тэлефанавалі Аліне Іосіфаўне, віншавалі са святам, выказвалі шчырыя пажаданні. Мяркую, нямала добрых слоў пачула ў свой адрас жанчына, бо яна гэта заслужыла. Мне ж асабіста хочацца, каб гераіню маёй публікацыі не падводзіла здароўе, каб плашчом мацярынскай апекі яе атуляла Маці Божая, а Бог з вышыні пасылаў патрэбныя ласкі. Жывіце яшчэ доўга-доўга, шаноўная Аліна Іосіфаўна, на радасць сваім блізкім, усім, хто вас памятае і паважае!

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



26 Студзень 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Касцёл у Шэметава   223_

Пабрацімы Мядзела