Алімпійскія надзеі Мядзельшчыны

ПА выніках абласнога этапа алімпіяды па вучэбных прадметах у скарбонцы раёна тры дыпломы. Два з іх — І ступені: у гімназісткі Наталлі Роўды — па рускай мове і літаратуры (настаўніца Людміла Цяляк) і ў Лізаветы Буйко з Нарацкай СШ №2 — па біялогіі (настаўніца Алена Раманькова). Дыпломам ІІІ ступені адзначаны ўдзельнік алімпіяды па інфарматыцы Андрэй Маліноўскі з гімназіі-інтэрната (настаўнік Вячаслаў Саўчык). Гутару з адоранымі вучнямі і іх педагогамі…

Знаёмцеся! На здымку — пераможны дуэт з гімназіі: адзінаццацікласніца Наталля РОЎДА з настаўніцай Людмілай Альфрэдаўнай ЦЯЛЯК.
— Наталля, як у гімназіі зрэагавалі на тваю перамогу?
— Добра зрэагавалі: віншавалі, на лінейцы ўручылі падарунак. Было прыемна.
— Дыплом І ступені — у першую чаргу твая ўласная заслуга. А чыя яшчэ?
— Настаўніцы і бацькоў. На працягу ўсіх гадоў навучання ў гімназіі Людміла Альфрэдаўна выкладала ў нас рускую мову і літаратуру, рыхтавала мяне да алімпіяды. А бацькі ўвесь час падтрымлівалі. Калі ўручылі дыплом, адразу патэлефанавала маме…
Дзякуй і педагогам, якія са мной працавалі падчас вучэбных збораў.
— Людміла Альфрэдаўна, у чым сакрэт Наталлінага поспеху?
— Наталля — дзяўчына старанная, адказная і з высокім узроўнем ведаў. У гімназічнай і раённай алімпіядзе па рускай мове і літаратуры ўдзельнічала з пятага класа. І, дарэчы, перамагала не заўсёды. Рыхтаваліся да алімпіяды па рускай мове і яшчэ дзве дзяўчынкі, але ў 11 класе адмовіліся: пераключыліся на падрыхтоўку да ЦТ. Я ў такіх выпадках ніколі не настойваю: калі ў самога вучня жадання няма, усё адно нічога не атрымаецца. Удзячна Наталлі за адданасць прадмету, нашай агульнай справе…
У мінулым годзе па выніках раённага этапа алімпіяды дзяўчына была запрошана на абласны, дзе атрымала дыплом ІІІ ступені. Так што сёлетні поспех — адназначна вынік яе шматгадовай сумленнай працы.
— Ну і Вашай таксама…
— Не толькі. Яшчэ былі заняткі ў абласным інстытуце развіцця адукацыі (іх аплаціла гімназія, а праезд — бацькі; апошнім вялікі дзякуй за разуменне і падтрымку). Хачу падзякаваць таксама аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, які арганізаваў падвоз вучняў на заняткі. З мэтай падрыхтоўкі да трэцяга этапа алімпіяды ў канцы снежня на базе нашай установы праходзілі вучэбныя зборы — да працы з Наталляй далучыліся іншыя настаўнікі: Зоя Віктараўна Кабяк і Рамуальда Рамуальдаўна Кавалёва.
— На вясновых канікулах Наталля прыме ўдзел у заключным этапе алімпіяды. Ці ёсць шанц узяць дыплом на рэспубліцы?
— Тут нешта спрагназаваць немагчыма — можна толькі спадзявацца. У дзяўчыны глыбокія веды, яна ўмее прааналізаваць мастацкі твор, лагічна і ў той жа час творча аформіць свае думкі на пісьме… На абласным узроўні Наталля паказала добры вынік, але ж на заключным этапе сустрэнуцца самыя моцныя прадстаўнікі ўсіх абласцей і горада Мінска… Будзем рыхтавацца.
…У любым выпадку Наталля як пераможца абласнога этапа будзе вызвалена ад школьнага экзамена па рускай мове і атрымае стабальны сертыфікат ЦТ. Зможа засяродзіцца на падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання па іншых прадметах… Праўда, пасля заключнага этапа алімпіяды.

 

Вучаніцу 9 “Б” Нарацкай СШ №2 Лізавету БУЙКО да дыплома І ступені прывялі ўласная настойлівасць, цікавасць да біялогіі і, вядома ж, педагог — Алена Мечыславаўна РАМАНЬКОВА. Мае першыя пытанні — да настаўніцы:
— Алена Мечыславаўна, Вашы вучні калі-небудзь раней даходзілі да абласнога этапа алімпіяды?
— Нават да заключнага! На рэспубліцы выступалі Яўген Пяшко (ён ужо працуе ўрачом) і Яна Байко (праходзіць інтэрнатуру). У абласным этапе ўдзельнічалі Кацярына Ерман і Таццяна Афрановіч, якія сёння таксама ўрачы.
— Як лічыце: у Лізы ёсць шанц на дыплом рэспубліканскага ўзроўню?
— Цяжка сказаць: мы не ведаем, які працэнт выканання задання ў пераможцаў трэцяга этапа з іншых абласцей. На вынік уплываюць розныя фактары, таму не будзем загадваць. Канечне, хацелася б… Ліза — дзяўчына вельмі разумная, добра вучыцца па ўсіх прадметах, прэтэндуе на залаты медаль. Будзем рыхтавацца.
У абласным этапе алімпіяды сёлета ўдзельнічаў яшчэ адзін мой вучань — Данііл Рудзянкоў. Дыплома не атрымаў (не хапіла 0,8% выканання задання), але увайшоў у дзясятку лепшых. Вырашыў рыхтавацца да алімпіяды наступнага года. Марыць стаць урачом. Ён хлопец мэтанакіраваны, якраз такія звычайна і дабіваюцца поспеху.
І тры пытанні да Лізаветы:
— Якія ўражанні пакінулі пройдзеныя этапы алімпіяды?
— Шмат рыхтавалася: вучыла, замацоўвала. Здараліся
і бяссонныя ночы
з падручнікам: не была ўпэўнена ва ўласных сілах. Даведаўшыся пра дыплом І ступені, адразу вельмі ўзрадавалася. Пасля засмуцілася: цяпер займацца біялогіяй патрэбна яшчэ больш…
— Каму хацела б падзякаваць за дыплом?
— Алене Мечыславаўне, якая займалася са мной, давала падручнікі, вучэбныя матэрыялы… Таксама ўдзячна бацькам, родным, усім настаўнікам, аднакласнікам: яны мяне падтрымлівалі.
— Ліза, у цябе добрыя адзнакі па ўсіх прадметах. Чаму аддала перавагу менавіта біялогіі?
— Усё пачалося ў мінулым навучальным годзе, калі стала пераможцай раённай алімпіяды…

 

Мяркую, многія ў раёне чулі пра настаўніка інфарматыкі гімназіі-інтэрната Вячаслава Станіслававіча САЎЧЫКА і яго таленавітага вучня Андрэя МАЛІНОЎСКАГА. Хлопчык не раз перамагаў у конкурсах па робататэхніцы, а цяпер ўдала выступіў на абласным этапе алімпіяды па інфарматыцы.
— Як у цябе з’явілася цікавасць да інфарматыкі? — пытаюся ў Андрэя.
— Выпадкова. Класе ў пятым зайшоў у кабінет інфарматыкі (тады мы яе яшчэ не вывучалі). Убачыў на маніторы незразумелыя знакі — зацікавіўся. Дома адшукаў у інтэрнэце, пачаў вывучаць — і прыкладна за месяц авалодаў мовай праграмавання “Паскаль”.
— У гімназіі, мабыць, прывыклі да тваіх перамог на конкурсах па робататэхніцы… А як сустрэлі па выніках алімпіяды?
— Аб’явілі на лінейцы, віншавалі, уручылі падарунак ад гімназіі — флэшку.
А вось што расказаў педагог:
— Асаблівасць алімпіяды па інфарматыцы ў тым, што заданні аднолькавыя для ўсіх — не залежаць ад таго, хто ў якім класе вучыцца. Таму дыплом ІІІ ступені — вынік нядрэнны. Васьмікласнік Андрэй спаборнічаў з вучнямі 9-ых, 10-ых, 11-ых класаў — і ніхто не рабіў яму скідак на ўзрост. Тыя ж сінусы-косінусы хлопец па матэматыцы яшчэ не праходзіў, а ўжо ведае, што гэта такое: без іх немагчыма рашаць многія геаметрычныя задачы. Ён зарэгістраваўся на сайце, дзе людзі выкладваюць алімпіядныя задачы, спаборнічаюць, можна бачыць рэйтынг…
Калі Андрэй будзе працаваць — у яго велізарныя перспектывы. Падрыхтоўка да алімпіяды — гэта не дзень-два, а пастаянная старанная праца. Мая задача — накіроўваць, даваць літаратуру, заданні — ну і кантраляваць…

Гутарыла Наталля ЛІСІЦКАЯ, фота Аляксандра Высоцкага.



26 Студзень 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Моладзь

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  на Блакітных азёрах        06-012 Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела