Чырвоны нос і… крылы за спіной

ПЯЦІГАДОВАЙ Надзі Грышкевіч з Крывічоў на сёлетнія навагоднія святы не пашанцавала — захварэла. Ды так, што лячыцца давялося ў дзіцячым аддзяленні Цэнтральнай раённай бальніцы. Ці не крыўдна? Добра, што бабуля побач.
Аднак, не здарма кажуць, што пад Новы год здараюцца цуды. Да Надзейкі ў пераднавагоднюю раніцу ў палату зазірнулі… Не, не ўрач, і нават не медсястра. Спачатку — два чырвоныя насы, а потым і іх уладальнікі — клоўны. Аказалася, яны Новы год шукалі па загадзе Дзеда Мароза. Ну а дзе клоўны, там — смех, жарты і весялосць. Дарэчы прыйшліся вершы, песні і танцы, вывучаныя да ранішніка. Акрамя клоўнаў і бабулі, юнай артыстцы апладзіравалі суседзі па палаце: трэцякласнік з Брусоў Даніла Скурко і другакласнік з Мядзела Ігнат Усовіч. Хлопчыкі аказаліся больш сарамлівымі і вершаў памочнікам Дзеда Мароза не чыталі. Але па добрай жмені цукерак і па цаццы з паветранага шара атрымалі ўсе. Праведзеная смехатэрапія прымусіла пацыентаў дзіцячага аддзялення забыцца на пэўны час пра хваробы, прыўзняла ім настрой і, безумоўна, паспрыяла хутчэйшаму выздараўленню.
— Гэта былі культработнікі? — спытала ў мяне бабуля Надзейкі Яніна Іванаўна, калі клоўны пайшлі ў наступную палату.
— Ды не, — адказваю. — Гэта звычайныя людзі, якія займаюцца дабрачыннасцю. Іх яшчэ называюць валанцёрамі ці, як у дадзеным выпадку — бальнічнымі клоўнамі.
— А-а-а. Вось дык малайцы!
У гэты дзень бальнічныя клоўны наведалі семярых дзетак, якія засталіся на Новы год на лячэнні ў дзіцячым аддзяленні. Моцна не шумелі, вялі сябе вельмі тактоўна, але настрой узнялі не толькі пацыентам, але і работнікам.
— Мы вельмі рады, калі да нас прыходзяць валанцёры, — кажа малодшая медсястра па доглядзе за хворымі Наталля Бародзіч. — Упершыню бальнічныя клоўны завіталі да нас сёлета ўлетку і былі ўжо некалькі разоў. Яны вельмі пазітыўныя, жыццярадасныя, умеюць знайсці падыход да кожнага. Развесяляць нават самых сумных. Яшчэ і падарункі ўручаць. Дзеці ад іх заўсёды ў захапленні!
Дачакаўшыся, пакуль клоўны вернуцца ў сястрынскі пакой пераапранацца, пачынаю знаёміцца.
— Мяне завуць Вікторыя Тарасевіч, а маю калегу — Каця Корабава. Нашы сцэнічныя імёны — Мася і Ізя.
— Раскажыце, адкуль вы ўзяліся і чаму гэтым займаецеся, — звяртаюся да маладых і прыгожых дзяўчат.
— Акрамя нас, на Мядзельшчыне ёсць яшчэ тры дзяўчыны, якія займаюцца бальнічнай клаўнадай, — Люда Адамовіч, Лена Емяльян і Галя Амілаўская, — расказвае больш вопытная Кацярына. — Усе зараз у Мінску жывуць. Там гэтым і пачалі займацца. А паколькі ў нашым маладзёжным дабрачынным грамадскім аб’яднанні “Бальнічныя клоўны Фанні ноўз”, якое аказвае рэгулярную сацыяльна-псіхалагічную дапамогу дзецям, што знаходзяцца на працяглым лячэнні ў стацыянарах бальніц Мінска, аказалася шмат людзей з Мядзельшчыны, мы вырашылі не абдзяляць увагай і нашу раённую бальніцу. Стараемся бываць тут раз у месяц.
— Ці адрозніваецца праца ў Мядзеле і ў сталіцы?
— Так. Калі ў Мінскіх бальніцах клоўнамі ўжо нікога не здзівіш, то тут дзеці ўспрымаюць нас як нешта незвычайнае. Пытаюцца: “А што, у некага Дзень нараджэння?” А мы марым, што хутка і ў Мядзеле набяром і правядзём навучанне групы такіх жа валанцёраў.
— Гэтаму можна навучыцца?
— Канечне. Для нас праводзяць трэнінгі людзі, кампетэнтныя ў пэўных пытаннях. Напрыклад, арганізоўваюць майстар-класы па ручной ляльцы, па жангліраванні, акцёрскім майстэрстве. Мы ж усе — хто інжынер, хто педагог, хто менеджар. Я — культарганізатарам у каледжы працую. А клаўнадай займаемся выключна па ўнутраным патрабаванні. Знаходзім вольны час. Звычайна гэта пасля асноўнай працы ці ў выхадны.
— Дзе шукаеце сродкі?
— У нас няма спонсараў, усё трымаецца на грамадскіх пачынаннях, асабістых узносах. Але знаходзяцца добрыя людзі, якія дапамагаюць, напрыклад, у пашыве касцюма, падборы рэквізіту, набыцці паветраных шароў, мыльных бурбалак і так далей. Родныя, знаёмыя дапамагаюць. Брат Лены нядаўна набыў для нашых візітаў у бальніцы дзесяць кілаграмаў цукерак.
— Каб наладзіць кантакт з хворым дзіцем, трэба, напэўна, быць і крыху псіхолагам? Ці заўсёды маленькі пацыент радасна рэагуе на візіт клоўна?
— Здараецца ўсялякае. Бывае, хворае дзіця не ўспрымае наогул нікога. Тады стараешся нечым зацікавіць яго, імкнешся ўцягнуць у гульню — мыльнымі бурбалкамі ці гутаркай. Наша задача — падтрымаць дзіця ў стрэсавай сітуацыі, у незнаёмай абстаноўцы. Быў выпадак, калі да хлопчыка, які трапіў у бальніцу, тры дні не магла прыехаць матуля. Увесь гэты час ён адмаўляўся ад ежы. І тады да яго прыйшоў клоўн, які дапамог. Нярэдка нам тэлефануюць і дзякуюць урачы, бацькі.
— Як вы рыхтуеце чарговы візіт у бальніцу?
— Загадзя ўзгадняем наведванне аддзялення з загадчыкам. Нас папярэджваюць, калі ў нейкай палаце знаходзіцца цяжка хворы пацыент, каб не выклікаць у яго непажаданыя рухі і проста хваляванні. Пытаемся, напрыклад, дзе можна пускаць мыльныя бурбалкі, а дзе — нельга. Выконваем усе правілы знаходжання ў бальніцы: маем зменны абутак і адзенне, здымаем нават упрыгажэнні, перад выхадам дэзынфіцыруем рукі. Усё для таго, каб не нашкодзіць нейкім чынам дзіцяці. Ад душы стараемся прынесці малышам радасць.
— Што гэта вам дае?
— Таксама радасць. Прыязджаю дадому ў Нарач на выхадныя, іду ў нядзелю ў касцёл, а потым еду ў бальніцу. А пасля сустрэчы з дзеткамі адчуваю нібы крылы за спіной. Стан такі, што хочацца ўвесь свет абняць!
— І ўсё ж такі гэту працу не назавеш лёгкай?
— Напэўна. У нашай арганізацыі на ўвесь Мінск толькі дваццаць пяць чалавек. І гэта, нягледзячы на тое, што мы адкрытыя для ўсіх.

Гутарыла Іна ЯРЧАК.
Фота аўтара.



12 Студзень 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

 возера Мястра  84 img_4257 лебедзі на Мястры

Пабрацімы Мядзела