Спрадвечныя хлебаробы

ЯК правіла, кожны сам вырашае свой лёс, выбірае тую справу, якой будзе займацца. І, безумоўна, бывае, што некаторыя людзі расчароўваюцца ў сваім выбары, а іншыя аддаюць прафесіі амаль усё жыццё і ніколькі не шкадуюць пра гэта. А яшчэ часта здараецца, што і дзеці ідуць па слядах бацькоў і выбіраюць тую ж самую прафесію альбо справу. Часта можна сустрэць дынастыі настаўнікаў, медыкаў, ваенных і, на жаль, усё радзей — работнікаў сельскай гаспадаркі. Праца на зямлі, безумоўна, вельмі цяжкая, але яна выклікае бязмерную павагу. У ААТ «Пруднікі-Агра» ёсць работнікі, якія з пакалення ў пакаленне перадаюць любоў да зямлі, бо яна для селяніна — пачатак усіх пачаткаў.
Справай усяго жыцця Іосіфа Муравіцкага было вырошчванне хлеба. З 1953 па 1993 год працаваў ён у мясцовым калгасе трактарыстам. Зразумела, тагачасную тэхніку нельга параўноўваць з сучаснай. Але ён ніколі не скардзіўся на цяжкасці, нязручнасці, а добрасумленна выконваў даручаную справу. Да пары яму была і жонка Людміла. Усё жыццё яна таксама адпрацавала ў калгасе імя Жданава. Высокіх пасад не займала, завіхалася ў паляводчай брыгадзе, але заўсёды вызначалася працавітасцю, дысцыплінаванасцю, адказнасцю. Менавіта таму яе ставілі ў прыклад іншым, заахвочвалі маральна і матэрыяльна. Зараз Людміла Фёдараўна жыве ў вёсцы Плашына.
Разам яны выгадавалі трох сыноў: Франца, Генадзія і Аляксандра. Што такое праца на зямлі, хлопцы ведалі з самага дзяцінства, бо кожны дзень бачылі, як шчыруюць бацькі. Тата з матуляй былі для іх прыкладам.
Старэйшы Франц пасля заканчэння школы ўладкаваўся ў калгас імя Жданава. Праўленне гаспадаркі накіравала на вучобу ў Свірскае СПТВ-17, дзе ён атрымаў прафесію трактарыста-машыніста. Больш за трыццаць гадоў адпрацаваў Франц Іосіфавіч на трактары. Ніхто не скажа кепскага слова пра яго, наадварот, многія былі яму вельмі ўдзячны за чалавечнасць, спагадлівасць, добразычлівасць.
Малодшы сын Аляксандр набыў прафесію электрыка і зараз завіхаецца на УП «Ілаўскае». Сярэдні Генадзій таксама застаўся ў гаспадарцы, дзе працаваў яго бацька, кіруе аўтамабілем. Безумоўна, за гэты час на розных машынах давялося папрацаваць, розныя грузы перавозіць. Зараз за Генадзіем замацаваны «МАЗ-555142». Ён пастаянна дабіваецца добрых вынікаў у рабоце, неаднаразова прызнаваўся лепшым па прафесіі. Яго фотаздымак змяшчалі на Дошку гонару гаспадаркі.


— Як удаецца быць у ліку лепшых працаўнікоў таварыства? — цікаўлюся.
— Не ведаю. Я да гэтага не імкнуся. Проста добрасумленна выконваю тое, што мне даручаюць. Інакш працаваць не магу, — сціпла адказвае Генадзій Іосіфавіч. — З мяне бяруць прыклад сыны…
У той дзень, калі мы наведаліся ў гаспадарку, Генадзій Муравіцкі спяшаўся ў чарговы рэйс. У кузаве яго аўтамабіля была буйная рагатая жывёла, якую ён вёз на мясакамбінат.
— Дзе можна сустрэць вашага сына Вадзіма? — пытаюся ў яго.
— Зараз ён дома, паехаў на полудзень, — адказаў Генадзій Іосіфавіч, і машына кранулася з месца.
Па дарозе зазірнулі ў сельвыканкам.
— Што вы можаце сказаць пра сям’ю Муравіцкіх? — цікаўлюся ў старшыні Наталлі Бялоўскай.
— Добра ведаю іх: дружныя, працавітыя. Сапраўдныя гаспадары зямлі. Генадзій Іосіфавіч працуе вадзіцелем. Па яго шляху пайшоў і малодшы сын Вадзім. Ён таксама вадзіцель. А вось старэйшы Генадзій завіхаецца на пасадзе агранома. Хлопцы адказныя, дысцыплінаваныя. У гэтай сям’і ёсць і дачушка Вераніка. Дзяўчына ходзіць у адзінаццаты клас. Добра вучыцца. А яшчэ яна цудоўна спявае. Часта яе можна бачыць на сцэне Дома культуры, — расказвае Наталля Васільеўна. — Працавітыя бацькі — і дзеці добрыя. Дарэчы, жонка Генадзія Іосіфавіча, якая працуе сацработнікам, ёсць у сельвыканкаме. Зараз паклічу яе.
Праз некалькі мінут у кабінет заходзіць жанчына. Знаёмімся.
— Галіна Уладзіміраўна, — прадстаўляецца яна.
Высветлілася, што Галіна таксама паходзіць з хлебаробскай сям’і. Яе бацька Уладзімір Эдуардавіч Фарына ўсё жыццё адпрацаваў механізатарам у гаспадарцы.
— Вельмі руплівы хлебароб. Пра яго магу сказаць толькі самае добрае. Ды і мама Галіны завіхалася ў паляводстве. Зараз яны на пенсіі, жывуць у вёсцы Баравікі, — дапаўняе Наталля Васільеўна. — А вось брат Галіны Уладзімір Уладзіміравіч і сёння працуе ў гаспадарцы механізатарам. Адказны, любую даручаную справу заўсёды імкнецца выканаць якасна і ў вызначаны тэрмін. Кантраляваць яго не трэба. Браку ў рабоце не дапускае.
Хапае клопатаў Галіне Уладзіміраўне. Мужчыны з раніцы спяшаюцца на працу. А ёй і па хатняй гаспадарцы (карова, свінні, куры, гусі) неабходна ўправіцца, і ежу прыгатаваць, і спяшацца да падапечных, якія заўсёды яе чакаюць. Даглядае жанчына дзевяць чалавек. А жывуць яны ў Крывічах, Плашыне, Парубках.
— Мы самі шмат часу жылі ў Плашыне. А гадоў шэсць таму атрымалі ад гас падаркі дом у Крывічах. Паціху абуладкаваліся, прыжыліся. І на працу блізка, і ў школу, — гаворыць Галіна Муравіцкая. — Калі хочаце пагутарыць з Вадзімам, то ў гэты час застанеце яго дома. А старэйшы Генадзій зараз на сесіі…

Едзем па названым адрасе. На ганку нас сустракае юнак і ветліва запрашае ў дом.
— Многія зараз імкнуцца ў горад, а ты застаўся ў Крывічах. Як гэта атрымалася? — пытаюся.
— Кажуць, усюды добра, а дома найлепш. Яно так на самай справе. Пасля заканчэння школы падаўся ў Вілейскі каледж, дзе набыў спецыяльнасць муляра і вадзіцеля. Затым была служба ў арміі. Пасля яе ўладкаваўся працаваць у цэх дрэваапрацоўкі ў Чысці, што ў Маладзечанскім раёне. Але штосьці не падабалася мне. Два гады таму вярнуўся дадому, пайшоў у мясцовую гаспадарку. Далі «МАЗ». Вядома не новы. Але падладзіў машыну — і яна служыць някепска, — расказвае Вадзім.
— Напэўна, і бацька дапамагаў рамантаваць?
— Так, раіў, падказваў. А зараз самастойна ўхіляю няспраўнасці, — адказвае юнак.
— Ведаю, што сёлета ў час жніва ты адвозіў збожжа. Прычым даволі вынікова. Заняў першае месца ў раённым спаборніцтве сярод маладых вадзіцеляў. Як удалося атрымаць працоўную перамогу? — пытаюся.
— Не ведаю. Не імкнуўся перамагчы. Працаваў, як падказвала сумленне. Стараўся, каб камбайны не прастойвалі ў полі. А ў выніку — перамога. Прыемна было, як ушаноўвалі на раённай урачыстасці, уручалі грамату, прэмію, — усміхаецца Вадзім.
— Раскажы крыху пра брата, — прашу суразмоўцу.
— Генадзій пасля школы крыху працаваў зваршчыкам у ПМС. Затым — служба ў арміі, вучоба ў Смілавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы. Пасля яго заканчэння быў брыгадзірам паляводчай брыгады. Зараз ён завочна вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце па спецыяльнасці «Аграномія» і працуе аграномам у таварыстве «Пруднікі-Агра», — гаворыць Вадзім.
На заканчэнне хачу сказаць, што жывуць Муравіцкія дружна, разам абмяркоўваюць будзённыя справы, планы на будучыню. Галава сям’і ўпэўнены ў адным: лепшага лёсу ці доўгага рубля шукаць не варта. На яго думку, калі захочаш зарабіць грошай — і дома заробіш, толькі не лянуйся. А перамога сына ў раённым спаборніцтве надала юнаку ўпэўненасці ў сілах, у прафесіяналізме. Вадзім, як і брат Генадзій, мае намер і надалей шчыра працаваць на палях роднай гаспадаркі. Каб быў жывы Іосіф Муравіцкі, ён бы радаваўся за сыноў, за ўнукаў, якія высока нясуць ганаровае званне хлебароба.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.

 



11 Студзень 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

dsc_5774-3  возера Мястра  1-12 223_

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси