Падарункі, канцэрт і шахматны турнір На свята ў Крывіцкае спецвучылішча завітаў міністр адукацыі

У дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” актыўны ўдзел прынялі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый краіны. У прыватнасці, напярэдадні Новага года Крывіцкае спецыяльнае лячэбна-выхаваўчае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу наведаў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка. Шаноўны госць перадаў выхаванцам установы тэлевізар і салодкія падарункі. Да дабрачыннай акцыі далучыліся таксама рэктары Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка Аляксандр Жук і Рэспубліканскага інстытута прафесіянальнай адукацыі Валерый Галубоўскі. Яны перадалі дзецям і падлеткам спартыўны інвентар, пірагі і іншыя пачастункі на святочны стол.

Адразу міністр адукацыі сустрэўся з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, якія прыехалі на мерапрыемства. Падчас гутаркі з журналістамі Ігар Васільевіч спыніўся на найбольш значных падзеях, якія закранулі галіну ў 2017 годзе. Не абмінуў увагай наведванне Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам 1 верасня прафесіянальнага каледжа машынабудавання, дзе ішла размова пра якасную падрыхтоўку кадраў рабочых і спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Акрамя таго, зрабіў акцэнт на важнасць мадэрнізацыі сістэмы адукацыі і ўмацавання яе матэрыяльна-тэхнічнай базы, пашырэння IT-тэхналогій, абнаўлення вучэбных праграм і падручнікаў, правядзення конкурсаў прафесійнага майстэрства і развіцця руху WORLDSKILS. Не пакінуў без увагі і пытанні, якія датычаць бюджэту галіны, новых падыходаў у прафесіянальнай адукацыі, стратэгіі развіцця экспарту адукацыйных паслуг і пашырэння вывучэння кітайскай мовы, аздараўлення сірыйскіх дзяцей, далейшага развіцця студэнцкага спорту, умацавання сацыяльна-псіхалагічнай службы і, вядома ж, падрыхтаванай новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі і некаторыя іншыя.
Варта падкрэсліць, што Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь шмат працуе над умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы і Крывіцкага вучылішча, дзе сёння праходзяць навучанне 78 дзяцей і падлеткаў. Праводзяцца рамонтныя работы. Ужо сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю частку корпуса, дзе размесцяцца медыцынскія кабінеты. Як адзначыў Ігар Карпенка, звяртаючыся да журналістаў, ва ўстанове знаходзяцца дзеці са складанымі лёсамі. Яны не павінны быць пакінуты. Дзяржава імі займаецца. Такія ўстановы знаходзяцца пад асаблівым кантролем Міністэрства адукацыі і мясцовых органаў улады. Акцыя “Нашы дзеці” дазваляе кожнаму дзіцяці, у якога няма магчымасці быць у гэтыя перадсвяточныя і святочныя дні ў коле сям’і, не застацца без увагі. “Мы падаруем часцінку сваіх сэрцаў гэтым дзецям”, — сказаў міністр.

Затым усе сабраліся ў спартыўнай зале вучылішча. Да прысутных звярнуўся дырэктар установы Андрэй Дубаневіч. Андрэй Мар’янавіч расказаў пра акцыю, якая напярэдадні Новага года праводзіцца па краіне, прадставіў гасцей. Першым меў слова міністр адукацыі Ігар Карпенка. Ігар Васільевіч павіншаваў навучэнцаў і супрацоўнікаў вучылішча з надыходзячым Новым годам. Пажадаў усім здароўя, поспехаў і каб 2018 год падараваў усім надзею на будучае — добрае і чароўнае. А яшчэ ён выказаў спадзяванне, што са сцен вучылішча выйдуць падрыхтаваныя да самастойнага жыцця людзі — сапраўдныя грамадзяне сваёй краіны.
Наступны прамоўца — рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя
М. Танка Аляксандр Жук. Аляксандр Іванавіч, дарэчы, у Крывічах ужо не першы раз. Даўнія сувязі звязваюць вучылішча і педуніверсітэт. Напрыклад, летась БДПУ атрымаў за валанцёрскую дзейнасць прэмію “За духоўнае адраджэнне”. Сродкі гэтыя былі накіраваны ва ўстанову закрытага тыпу на набыццё неабходных інструментаў для засваення навучэнцамі спецыяльнасцей будаўнічага профілю.
З найлепшымі пажаданнямі звярнуўся да выхаванцаў і педкалектыву ўстановы і рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесіянальнай адукацыі Валерый Галубоўскі. Валерый Мікалаевіч, дарэчы, цесна супрацоўнічае з Крывіцкім вучылішчам закрытага тыпу, і адкрыццё тут кабінета прафарыентацыі, запланаванае пасля мерапрыемства, — яскравае таму сведчанне.
З вітальным словам звярнулася да ўдзельнікаў мерапрыемства і намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Іна Іванаўна падкрэсліла, што 2017 год быў няпростым. А таму так важна, каб надыходзячы прынёс мір і спакой, новыя знаёмствы і запаветныя жаданні. А райвыканкам на правах сябра, якога набыла ўстанова, падаруе навучэнцам шэраг экскурсій, якія дазволяць ім бліжэй пазнаёміцца з нашым унікальным Нарачанскім краем.
Затым адбыўся канцэрт, падрыхтаваны студэнтамі і выкладчыкамі БДПУ імя М. Танка, — з вядучым і Дзедам Марозам, з цікавымі нумарамі. Апладысментамі сустрэлі гледачы ўдзельніц танцавальнага праекта “Арт-ЮНІЦІ”, неаднаразовых пераможцаў конкурсаў і фестываляў па сучаснай харэаграфіі. Цёпла прымалі яны таксама выступленні лаўрэата рэспубліканскіх конкурсаў, мужчынскай вакальнай групы “Модус” і папулярнай музычнай групы “Бай-Сіці”. Пакарыў сваёй віртуознай ігрой на акардэоне выкладчык БДПУ Уладзімір Федарук. Бурнымі авацыямі прымала публіка выступленне прадстаўнікоў сучаснага ў свеце цячэння фрыстайл, неаднаразовых удзельнікаў спартыўных і тэлевізійных праектаў Ягора Целушко і Антона Нікалаёнка. Запомніўся многім і вясёлы Дзед Мароз, ролю якога выканаў загадчык музея педуніверсітэта Мікалай Есялёніс.


Падрыхтавалі канцэртныя нумары таксама і выхаванцы Крывіцкага вучылішча. Цудоўна спяваў сола Піліп Мандрыкаў. Дружныя апладысменты заслужыў дуэт у складзе старшага дзяжурнага па рэжыме Аляксандра Сіняўскага і сямікласніка Ільі Жаваранкава. Пакарылі сваім сцэнічным майстэрствам і выканаўцы казкі “Пунсовенькая кветачка”, пастаўленай на сучасны манер.
Прадоўжылася мерапрыемства ў бібліятэцы, дзе прайшоў шахматны турнір. Партыю з міністрам згуляў Ягор Суханаў. Як пазней прызнаўся, вельмі хваляваўся, а таму часам спяшаўся, дэталёва не прадумваў хады. Праўда, вынік парадаваў — нічыя. Пасля гульні Ігар Карпенка выбраў у бібліятэцы кнігі, якія параіў прачытаць юнаку. Мяркую, у наступны прыезд шаноўнага госця ім будзе над чым паразважаць. З рэктарам БДПУ імя М. Танка іграў у шахматы Раман Майзус, а з рэктарам Рэспубліканскага інстытута прафесіянальнай адукацыі — Сяргей Аўсеенка. Дарэчы, Сяргей упэўнена перамог свайго саперніка, чым застаўся вельмі задаволены. Больш за тое, адзін з яго хадоў госці горача абмяркоўвалі пасля партыі. Удзельнічаў у шахматным турніры таксама і Мікіта Булаўскі.
Пацікавілася ў некаторых хлопцаў іх уражаннямі ад мерапрыемства і ўвогуле ад прабывання ў Крывіцкім вучылішчы. Пачула, што ім тут добра, бо ва ўстанове створаны выдатныя ўмовы для пражывання і навучання, прадуманы адпачынак і заняткі ў вольны час, падабраны кваліфікаваныя кадры. Аднак па нотках голасу многіх падлеткаў адчувалася настальгія па доме, сваіх родных і блізкіх. Андрэй Масальскі, напрыклад, паведаміў:
— Засталіся задаволены святам. Прыехала шмат гасцей з падарункамі. Вельмі спадабаўся канцэрт, які прывезлі самадзейныя артысты Белдзяржпедуніверсітэта. Ды і нашы не падвялі, таксама выступілі дастойна. Але свята ў гэтых сценах зусім не тое, што ў коле сям’і. Таму раю ўсім падлеткам — не парушайце закон. Перш, чым нешта зрабіць, добра падумайце, узважце, каб пасля не раскайвацца за ўчыненае. Пазбягайце дрэнных кампаній, слухайцеся бацькоў. А навучэнцам вучылішча жадаю знайсці сваю дарогу ў жыцці і ўспамінаць пра мінулае, як пра дрэнны сон, які больш ніколі не паўторыцца.


Пасля экскурсіі па ўстанове ўсе сабраліся ў кабінеце прафарыентацыі. Ён яшчэ толькі створаны, але будзе шырока выкарыстоўвацца на факультатыўных занятках і ў пазавучэбнай дзейнасці ў другім паўгоддзі навучальнага года. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Станкевіч расказала пра прызначэнне кабінета і яго аснашчэнне. Напрыклад, метадычнае ўключае ў сябе медыятэку прафесій, матэрыялы з вопыту работы, перыядычныя выданні, метадычныя распрацоўкі. Асаблівую цікавасць уяўляе інтэрактыўная карта прафесій, распрацаваная Рэспубліканскім інстытутам прафесіянальнай адукацыі пры тэхнічнай падтрымцы Рэспубліканскага Цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Кабінет абсталяваны і дыягнастычным інструментарыем, які можа выкарыстоўвацца псіхолагам, класнымі кіраўнікамі, выкладчыкамі пры правядзенні прафарыентацыйнай работы, а таксама выхаванцамі для выяўлення сваіх прафесійных схільнасцей, інтарэсаў і здольнасцей. Святлана Уладзіміраўна, карыстаючыся выпадкам, падзякавала міністру адукацыі і ў яго асобе Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскаму інстытуту прафесіянальнай адукацыі за дапамогу ў стварэнні кабінета прафарыентацыі, які, безумоўна, дапаможа навучэнцам установы ў выбары будучай прафесіі. Не лішнім будзе, па меркаванні Ігара Васільевіча, арганізаваць наведванне кабінета вучнямі і іншых устаноў адукацыі азёрнага краю.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



10 Студзень 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        Касцёл у Мядзеле  Сядзіба Максіма Танка  Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела