ВЫЗНАЧАНЫ І ПАРАМЕТРЫ РАЗВІЦЦЯ, І БЮДЖЭТ

На тэму дня: якія яны, перспектывы Мядзельшчыны на 2018 год?

НА ЗЫХОДЗЕ мінулага года адбыліся сумесныя пашыраныя пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта і XLV сесія раённага Савета дэпутатаў, на якіх вызначаны і зацверджаны прагнозныя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця азёрнага краю і бюджэт на гэты год. Пры разглядзе першага пытання акцэнт рабіўся на тое, што вызначальнымі паказчыкамі эфектыўнасці работы арганізацый сёлета з’яўляюцца чысты прыбытак, рэнтабельнасць продажаў, зніжэнне ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, тэмпы росту экспарту тавараў і паслуг. З дакладам выступіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Святлана Русак. Яна падкрэсліла, што галоўная мэта развіцця рэгіёну — далейшае забеспячэнне спрыяльных умоў жыццядзейнасці насельніцтва на аснове эфектыўнага выкарыстання мясцовага рэсурснага патэнцыялу і канкурэнтных пераваг. Для вырашэння пастаўленай задачы тэмп росту прамысловай прадукцыі павінен узрасці ў параўнанне з мінулым годам на 3,5 працэнта. Аснову яе складуць напоі і садавіннаагароднінныя кансервы ўнітарнага прадпрыемства “Ілаўскае”. Прытым у агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі доля інавацыйнай павінна скласці 6 працэнтаў. Атрымае таксама працяг развіццё малога і сярэдняга прадпрыемніцтва. Гэта — і дадатковая крыніца стварэння новых рабочых месцаў, і павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі раёна.
Аналагічны прагрэс у 3,5 працэнта намечаны ў супастаўных цэнах і па тэмпах росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. У раслінаводстве, акрамя павышэння якасці і аб’ёму кармоў, неабходна сабраць больш на 4427 тон збожжавых, на 472 — бульбы. Прыбаўку ў экспарце тавараў забяспечаць сялянскія гаспадаркі “Вікі сад” і “Антэй сад”, таварыствы з абмежаванай адказнасцю “Мадэйра-груп”, “Пілвудбуд”, “Віка аўта”, “Вінакурня “Нарач”, “Бізнесакіла”. Экспарт паслуг чакаецца ў памеры 4,1 мільёна долараў ЗША альбо ўзрасце ў параўнанне з папярэднім годам на 7,4 працэнта. Тут поспех у асноўным вызначаць нашы санаторыі “Спадарожнік”, “Нарач”, “Нарачанскі бераг” і “Нарачанка”. Да таго ж, таварыства “Алмаліта” спецыялізуецца на камп’ютарных паслугах, а “Юлдыка” — транспартных.
Прыярытэтным накірункам у будаўніцтве застаецца ўзвядзенне кватэр для грамадзян, якія стаяць на ўліку і маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. У сельскіх населеных пунктах далейшае развіццё атрымае індывідуальнае будаўніцтва. Прадоўжыцца таксама добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый з правядзеннем комплексу работ па ўладкаванні тратуараў, дзіцячых пляцовак, месцаў для паркоўкі аўтамабіляў, азеляненні, утрыманні ў належным стане дарог і вуліц. На гэты год запланаваны ўвод у эксплуатацыю гатэля на сто месцаў па вуліцы Набярэжнай у Мядзеле і пяціпавярховага жылога дома па вуліцы Кастрычніцкай у курортным пасёлку. Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Шантэр” ажыццявіць рэканструкцыю базы адпачынку на беразе возера Рудакова. Будаўніцтва намечана завяршыць да канца 2018 года з прыцягненнем крэдытных рэсурсаў банкаў Кітая з агульным аб’ёмам інвестыцый 20,9 мільёна долараў ЗША.
Істотны зрух да лепшага чакаецца ў рознічным тавараабароце. Праз усе каналы рэалізацыі ён павінен узрасці на 4 працэнты. І будзе забяспечана гэта за кошт развіцця гандлёвай інфраструктуры, адкрыцця новых аб’ектаў грамадскага харчавання, удасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы. У вясенне-летні перыяд мяркуецца арганізаваць работу трыццаці пунктаў дробнарознічнага гандлю, а выязнога — на тэрыторыях здраўніц і навакольных пляжах.
Яшчэ адзін важны момант. Павышэння ўзроўню заработнай платы плануецца дасягнуць дзякуючы апераджаючым тэмпам росту прадукцыйнасці працы ў будаўніцтве, прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Паспрыяе гэтаму і ўключэнне ў кантракты заахвочвальных выплат за выкананне мерапрыемстваў па энергазберажэнні, а кіраўнікоў, іх намеснікаў і галоўных спецыялістаў — гадавых і кароткатэрміновых бонусаў. Работнікаў бюджэтнай сферы чакае павелічэнне тарыфнай стаўкі першага разраду…
Наконт бюджэту Мядзельшчыны на 2018 год выступіў начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Леанід Малец. Па інфармацыі Леаніда Паўлавіча, ён сфарміраваны з разліку кансерватыўнага сцэнарыя сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны: тэмп росту валавога ўнутранага прадукту — 101,2 працэнта, індэкс павелічэння спажывецкіх цэн (інфляцыя) у снежні гэтага ў параўнанне са снежнем папярэдняга года — не больш за 7 працэнтаў, стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка — 11. Даходная і расходная часткі кансалідаванага бюджэту раёна сфарміраваны ў суме 40 мільёнаў 726,3 тысячы рублёў. Што цікава, 55,9 працэнта ад агульнай сумы даходаў складаюць бязвыплатныя паступленні з вышэйстаячых бюджэтаў. У сталічнай вобласці менш за палову расходаў пакрываюць за кошт уласных сродкаў, акрамя нашага, толькі два раёны — Любанскі і Крупскі.
Асноўнымі крыніцамі паступленняў у бюджэт з’яўляюцца наступныя падаткі: падаходны з фізічных асоб, на дабаўленую вартасць, уласнасць, выручку ад рэалізацыі тавараў, работ і паслуг, прыбытак. Расходная яго частка характарызуецца захаваннем сацыяльнай накіраванасці. Дастаткова сказаць, што 85,4 працэнта усіх расходаў — гэта першачарговыя: на выплату зарплаты і налічэнняў на яе, трансфертаў насельніцтву, на аплату камунальных паслуг, прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння, субсідзіраванне жыллёва-камунальных і транспартных паслуг, якія аказваюцца людзям, паліўных брыкетаў і дроў па фіксаваных рознічных цэнах… З галін сацыяльнай сферы самыя вялікія сумы накіроўваюцца на ўстановы адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізкультуру і спорт. З новаўвядзенняў трэба адзначыць тое, што частку расходаў, звязаных з развіццём сельскай гаспадаркі, якія пакрываліся з раённага бюджэту, — выплата надбавак за рэалізаваную прадукцыю і расходы за кошт субвенцый, звязаных з патанненнем дызельнага паліва, а таксама пагашэннем запазычанасці за яго — у гэтым годзе кампенсуе вобласць.
Вартададаць, што прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Мядзельшчыны на чарговы год і яе бюджэт члены райвыканкама і дэпутаты раённага Савета адобрылі аднагалосна. Заслугоўвае ўвагі яшчэ адзін важны дакумент, прыняты раённым Саветам дэпутатаў — інвестыцыйная праграма Мядзельшчыны на 2018 год. Гэта рашэнне адназначна паспрыяе эфектыўнаму і рацыянальнаму выкарыстанню сродкаў раённага бюджэту, якія накіроўваюцца на інвестыцыі ў асноўны капітал. Прадугледжваецца таксама ўводзіць аб’екты ў эксплуатацыю ў тэрмін, вызначаны праектна-каштарыснай дакументацыяй, развіваць і ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу галін сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Вызначаны іх пералік у Мядзеле, курортным пасёлку, дзе многія дамы чакае капітальны рамонт, а вулічна-дарожную сетку — грунтоўнае добраўпарадкаванне. Так, толькі па вуліцы Кастрычніцкай у курортным пасёлку Нарач рамонтнікі добра пагаспадараць сёлета на жылых дамах нумар 1, 3, 5, 13, 15, 19, 21, 23… Ва ўстановах адукацыі і культуры шмат дзе з’явяцца сістэмы аўтаномнай пажарнай сігналізацыі. У належны выгляд намечана прывесці дваровыя тэрыторыі жылых дамоў нумар 5-7, 9, 11, 13 па вуліцы Камсамольскай у райцэнтры. Не забыты і аграпрамысловы комплекс. На бягучы год запланавана будаўніцтва цялятніка на ферме “Мокрыца”, кароўнікаў — “Лотва”, “Зані”, “Крывічы”, сіласна-сянажных траншэй — “Задубенне”, “Калодзіна”, “Мокрыца”, “Зані”, “Вусаўшчына”, “Лук’янавічы”, “Баяры”, “Новікі” і “Старына”. Наколькі можна меркаваць па гэтым, новы год для Мядзельшчыны адзначыцца важкім крокам наперад па шляху планамернага развіцця. Галоўнае толькі, каб усё намечанае ўдалося ажыццявіць якасна і ў вызначаныя тэрміны, без адкладу і розных пераносаў, недавыкананняў.

Павел ЖУКАЎ.



08 Студзень 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Афіцыйна

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        від на Мядзел Сядзіба Максіма Танка  _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси