Італія — мае абдымкі. Рым.

“Калізей з’яўляецца  раптоўна, як быццам са зменай ветру. Вось перад вачыма размаляваны графіці плот, а за паваротам над верхавінамі дрэў Аппійскага пагорка ўжо бачны аркі арэны. І адразу цяжка паверыць, што яна была тут заўсёды, што Калізей існаваў да таго моманту, як ты яго ўбачыў”.

 

У СЯРЭДЗІНЕ чацвёртага курса я раптам зразумела, што вось яно, маё апошняе студэнцкае лета. Так, вядома, пасля дыплома яшчэ будзе месяц водпуску, але там – размеркаванне, пошукі працы, кватэры, афармленне дакументаў. Паўнавартасна адсвяткаваць заканчэнне ўніверсітэта не выйдзе. Дык чаму б не заняцца гэтым загадзя і, як школьнікі ў стэрэатыпных амерыканскіх фільмах, не паехаць ва ў сімвалічнае падарожжа? Сказана — зроблена! Пытання: «менавіта куды?», не ўзнікла. Я ўжо доўгі час мроіла Італіяй. Залаты век Рымскай імперыі быў самай любімай тэмай на парах па гісторыі, а «Міфы і легенды старажытнага свету» савецкага гісторыка Аляксандра Неміроўскага, сталі настольнай кнігай. У рэшце рэшт, як казаў граф Лудовіко з п’есы Лопэ дэ Вега «Сабака на сене» — «Італія — цудоўная краіна, Італія — мае абдымкі»

Маршрут складала доўга. Выбірала гарады, чытала гістарычныя даведкі. У выніку спынілася на зрэзанай версіі падарожжа “на поўнач”. З Рыма ў Мілан праз Тывалі, Фларэнцыю, Падую, Венецыю і Верону. Адна, без кампаніі, падтрымкі турыстычнай фірмы і ўпэўненасці, што ўсё будзе добра.

Давялося выграбсці з скарбонкі ўсе грошы, назапашаныя за жыццё, адмовіцца ад грамадскага транспарту і шмат хадзіць пешшу, а таксама брацца за любую прапанаваную працу.

І так, як вядома, усе дарогі вядуць у Рым — мая, пачалася ў Варшаўскім аэрапорце “Модлін”.

У гэты дзень Велікабрытанія ўпершыню збіралася на абмеркаванне выхаду з Еўрасаюза, самалёты затрымліваліся і рэйсы проста пераносілі. Таму ў Рым я прыляцела толькі ў гадзіну ночы, калі з’ехаў апошні трансфер з аэрапорта. Таксіст, вядома, не ўпусціў выпадку абабраць турыста, і ў выніку мне давялося расстацца з “заначкай на чорны дзень” у першую жа ноч. У горад мы заехалі па сустрэчнай паласе, размінуўшысь з матацыклам толькі таму, што і ён таксама ехаў не па сваёй паласе. Зменшылі хуткасць толькі ў хостэла, побач з вакзалам, каб прапусціць групу нейкіх спартсменаў, прытармазілі павітацца з відавочна знаёмай таксісту пажылой парай, якая ў два ночы спакойна папівала сангрыю за столікам у маленькага кафэ. І вось, пазней запланаванага на тры гадзіны, я, нарэшце, спала ў хостэле, амаль у самым цэнтры Рыма.

Горад

“Куды ні плюнь, патрапіш тут у якія-небудзь разваліны”, — у першы мой дзень папярэдзіў сусед па хостэлу. Я толькі пасмяялася. А ён меў рацыю. Праўда, назваць “развалінамі” некаторыя пабудовы проста не паварочваецца язык. Здаецца, электрычнасць там правядзі і можна жыць.

Помнікі архітэктуры розных эпох у горадзе сапраўды на кожным кроку. Яны абнесены платамі, побач пракладзены пешаходныя дарожкі.

Па добраму, на тое, каб вывучыць увесь Рым не хопіць і месяца, але класічны турыстычны круг ад вакзала да Ватыкана, цалкам рэальна абыйсці за тыдзень. Сюды ўвойдзе стандартны набор славутасцяў, якія прыходзяць нам на ум, калі мы прамаўляем слова Рым: Пантэон, Палацін, Фантан Трэві, Ватыкан, Вялікі Цырк і так далей.

З абавязковых пунктаў наведвання ў мяне быў толькі анфітыатр Флавія, ён жа Калізей.

Кожную раніцу, беручы «кава + сэндвіч» у суседнім індыйскім кафэ па студэнцкаму кошту, я згортвала з праспектаў, затопленых турыстамі, у непрыкметныя вузкія вулачкі. Тут былі расчынены вокны, чутны галасы жыхароў, цвілі аблокі апельсінаў. Пахла крэпкай кавай і салодкім водарам кветак. Але варта было змяніцца ветру — бензінам, выхлапнымі газамі і гнілой садавінай. Ружовыя і белыя пялёсткі на тратуары змяняліся паперкамі, скуркамі ад бананаў і кавуновымі скарынкамі. А музыка ранішніх праграм —гучнай, эмацыйнай лаянкай.

Калізей з’яўляецца таксама раптоўна, як быццам са зменай ветра. Вось перад вачыма размаляваны графіці плот, а за паваротам над верхавінамі дрэў Аппійскага пагорка ўжо віднеюцца аркі арэны. І адразу цяжка паверыць, што яна была тут заўсёды, што Калізей існаваў да таго моманту, як ты яго ўбачыў.

Адсюль ён выглядае старажытным і велічным, але варта спусціцца з гары і налёт часу раствараецца ў машынах, якія сноўдаюць па крузе, натоўпах зазывал, якія запрашаюць на экскурсіі і легіянерах у танных пластмасавых кірасах, якія прапануюць сфатаграфавацца, а потым патрабуюць грошы размахваючы несапраўднымі гладіусамі. Унутры ж арэны цалкам можна адчуць сябе на старажытных гульнях. Людзей — не праціснуцца, рознамоўны гоман, духата. Хіба што на самой арэне пуста. Але можна разгледзець падземныя пакоі, у якіх гладыятары чакалі бою і дзе трымалі дзікіх жывёл. Цяжка паверыць, што Калізей захаваў свой першапачатковы выгляд з 72 года нашай эры.

— Я ў сезон наогул не з’яўляюсь ў славутасцяў, — распавядае  адміністратар хостэла. — Ці паверыш ці не, 30 гадоў у Рыме жыву, міма Калізея кожны дзень езджу, а ўнутры ні разу не быў.

Гэта можа здацца дзіўным, але потым ўспамінаю, як часта я сама была на экскурсіях у музеі ВАв, напрыклад, і пытанняў не ўзнікае. Гэта для прыезджых Рым — горад музей. Для жыхароў гэта проста горад. Так, з багатай гісторыяй і мноствам помнікаў. Але ўсё гэта не адмяняе неабходнасць ездзіць на працу, выхоўваць дзяцей. Горад унікальны — жыццё зусім звычайная.

Я заўсёды кажу пра тое, што каб пазнаёміцца з месцам, у ім трэба заблудзіцца. Але Рым гэта не той варыянт, дзе можна бяздумна ныраць у першую ж падваротню, якая трапіла на шляху. Калі і блудзіць, то з розумам, пазбягаючы небяспечных раёнаў у начны час сутак. Напрыклад, дабрацца да Ватыкана не на метро, а пешшу, адпачываючы ў маленькіх фантанаў ў дварах жылых дамоў, заходзячы ў храмы, якіх не знайсці ў спісах «Што паглядзець у Рыме за выходныя». Нават калі вы нічога не ведаеце пра гэты горад, не застанецеся расчараваныя.

Сучасныя дамы, тут дапаўняюць агульны архітэктурны стыль. На ніжніх паверхах, таксама, як і сотні гадоў таму туляцца маленькія майстэрні шаўцоў, гарбароў, ганчароў. І скрозь вітрыны і адкрытыя дзверы можна падгледзець, як рамеснікі звыкла займаюцца сваёй справай, нават не звяртаючы ўвагі на зявак. А ў сіесту — самы спякотны час дня — работнікі выстаўляюць на вуліцы сталы і стульчыкі і адпачываюць пад навесамі.

Спякота, гэта тое, да чаго прыезджыя звычайна аказваюцца не гатовыя. Я згарэла ў першыя ж тры гадзіны, не гледзячы на тое, што карысталася крэмам. Блага капялюшы, акуляры, вееры і хусткі прадаюцца нават у прадуктовых крамах, а фантанчыкі з вадой у горадзе наогул на кожным кроку.

Чаго ж варта баяцца, дык гэта дарогі. Мала таго, што мясцовыя матацыклісты вельмі любяць выдзіраць сумкі прама з рук, так у прынцыпе перайсці дарогу становіцца праблемай. Здаецца, што ў Рыме ні пешаходам, ні аўтамабілістам няма справы да правіл і святлафораў. Зялёнага святла тут не чакаюць. Дарогі проста перабягаюць, выставіўшы руку ў кірунку да сустрэчнай машыне. Таксама і кіроўцы спакойна едуць на чырвоны і не прапускаюць пакуль вы самі не пачнеце ісці.

На працягу ўсяго падарожжа я пераходзіла дарогу толькі ў групах людзей, каб хоць крыху быць упэўненай, што мяне не саб’юць.

Самым жа любімым месцам для доўгіх пешых прагулак апынуўся Тыбр. Набярэжная узвышаецца над ракой, але пры жаданні можна спусціцца да самай вады. І тут зноў кантраст: спартсмены, якія выйшлі на прабежку і бяздомныя, якія акупавалі лесвіцы.

У любым выпадку, шпацыр уздоўж Тыбра абавязковая! Таму што масты ў Рыме гэта асобны від мастацтва. Самыя папулярныя, вядома, мост Фабрічо — самы старажытны, які захаваўся ў горадзе (першае стагоддзе да нашай эры) і мост Святога анёла, які вядзе да аднайменнага замка. Яшчэ адна назва замка — Маўзалей Адрыяна, таму што першапачаткова ён быў пабудаваны па замове імператара, у якасці грабніцы. Ужо пазней ён служыў абаронай Ватыкану.

Пасля наведвання замка Святога анёла, я, да свайго сораму, пашкадавала, што так шмат часу правяла ў Ватыкане. Тут на густ і колер. Кагосьці больш зацікавіць багатае ўбранне сабора Святога Пятра, з каласальнымі скульптурамі, пазалотай і магільнямі святых. Мяне ж пакарыла строгае ўбранне маўзалея-бастыёна. З лесвіцамі і спускамі, вытанчанымі пакоямі і грубымі знешнімі сценамі. Я да гэтага часу не ўпэўнена, што змагла наведаць ўсе пакоі гэтага вялізнага замка.

Пры гэтым, трохі крыўдна, што не атрымалася выстаяць чаргу ў музей Ватыкана. Ужо пасля ацаніла выдатны спосаб эканоміць час. Квіткі ў Калізей, напрыклад, можна купіць загадзя праз інтэрнэт. Як вынік: не даводзіцца смажыцца на сонейку у доўгай чарзе. Да таго ж, атрымліваеце доступ адразу да трох славутасцяў: самому амфітэатру, Пантэону і ўзгорку Палацін — і ўсё пад адным штрыхкодам.

Калі казаць пра колькасць людзей на вуліцах і ў музеях, то турыстычны сезон можа расчараваць тых, хто бачыў славутасці толькі на паштоўках. Фантан Трэві, захапляе, але ён туліцца на маленькай плошчы і калі глядзець у профіль, то дзівішся хутчэй колькасці турыстаў, якія змаглі на ёю ўціснуцца. Сітуацыі даходзяць да абсурду. На фоне мяне, напрыклад, фатаграфавалася пажылая нямецкая пара. Чаму б і не — усё роўна не відаць. Дарэчы, штогод з фантана Трэві вылоўліваюць каля 1,4 мільёнаў еўра. У том годзе да гэтай сумы далучылася і мая манетка, ужо вельмі хочацца яшчэ раз трапіць у гэты дзіўны горад.

 

Ежа

Першае, што ўяўляецца, калі мы гаворым пра Італію, гэта піца і спагеці. Але асабіста для мяне Рым зараз трывала асацыюецца з терамісу ад «Помпі» — вядомага спецыялізаванага кафэ. Дэсерт, які мне катэгарычна не падабаўся, раптам апынуўся вельмі смачным, і не шкада было прайсці лішнія шэсць кіламетраў, каб купіць яшчэ адну порцыю.

Кафэ ў Рыме знойдуцца на любы кішэнь. Але ў маёй практыцы самымі смачнымі і каларытнымі апынуліся простыя забягалаўкі, дзе можна ўзяць кавалачак піцы “з сабой” і ўладкавацца на пастаменце каля суседняга фантану.

Паколькі я была абмежаваная ў сродках, то шукала максімальна простыя і танныя месцы, фармату студэнцкіх сталовых. Тут галоўнае не ацэньваць кафэ толькі па вонкавым выглядзе. Напрыклад, самая смачная паста прадавалася ў маленькім кутку, дзе не было ні крэслаў, ні столікаў, давалі пластмасавыя відэльцы і талеркі і было ўсяго два віду спагецці. А чарга цягнулася да суседняга дома. І порцыі былі такімі вялізнымі, што шкадаваў, што ў цябе няма кампаніі, з якой можна было б падзяліцца.

У выніку гэтае пытанне вырашылі ў хостэле. Кожны вечар у 22.00 гаспадары рыхтавалі для ўсіх пастаяльцаў хатнюю пасту. І таму мы ўсе спяшаліся вярнуцца, каб не прапусціць «час пасты». Пагадзіцеся, карысна падчас падарожжа паспрабаваць хатняй ежы, паглядзець на культуру іншай краіны з бытавога боку.

Калі «самая смачная піца — у Рыме» стэрэатып, то Італьянскае марозіва гэта аповесць ва языцэх. Джэлатэрэі ў сталіцы паўсюль. Густаў столькі, што паспрабаваць усё проста нерэальна. Хочацца сказаць, ну марозіва і марозіва, што ў ім такога? Але на самой справе, адрозненні джэлато ад вытворчасці беларускіх малочных заводаў адчуваеш адразу. Самае галоўнае, што акрамя малака, вяршкоў і напаўняльніка (фруктовага пюрэ або перамолатых арэхаў) там практычна нічога няма. І калі купляеш марозіва з густам фісташак, то не варта здзіўляцца што яно салёнае. А яшчэ італьянскія прадаўцы вельмі шчодрыя. Заказваючы нават маленькую порцыю, можна атрымаць трохслаёвы дэсерт з вафелькай, шакаладам і ўзбітымі вяршкамі.

На вуліцах тут радзей, чым, напрыклад, у суседняй з намі Прыбалтыцы, можна сустрэць палаткі з хотдогамі, пітами і вафлямі. Хутчэй вы знойдзеце латок смажаных каштанаў. Нельга сказаць, што вулічная ежа не карыстаецца папулярнасцю, хутчэй яна не ўспрымаецца як вулічная. Нават у самых маленькіх кафэ будзе сваё арандаванае памяшканне, а не каляска пад парасонам. А ў маленькіх прыватных крамках — горы свежай садавіны і агародніны. Таму, калі ў мяне было настрой, я проста купляла прадукты і гатавала сама. Ва ўмовах хостэла, дзе на вячэру заўсёды збіралася кампанія, можна было зрабіць сапраўдны шведскі стол.

Людзі

Мясцовых ў Рыме ў турыстычны сязон не шмат. На вуліцах можна пачуць гаворку з усяго свету. Хіба што на беларускай мове ніхто не кажа.

Звычайна, чым горш моўныя веды, тым цікавей гутарка. У першый жа дзень я пазнаёмілася з парай з Карэі. Яны прыехалі з гуртом і англійскай мовы не ведалі наогул. Але гэта не перашкодзіла нам даволі міла паразмаўляць амаль што гадзіну і распавясці адзін аднаму пра свае краіны. Лепшае правіла для такіх зносін: шмат жэстыкуляваць і яшчэ больш усміхацца. У выніку, магчыма вас не зразумеюць, але ўражанне вырабіце пазітыўнае.

Мне максімальна шанцавала на знаёмства. Пастаянна сустракаліся толькі добразычлівыя людзі. Што ўразіла больш за ўсё: з якой лёгкасцю падыходзяць знаёміцца мужчыны. Здаецца, у іх такі пошук спадарожніцы на вечар пастаўлены “на паток” і працуе па звычайнай схеме. У мяне таксама была нарыхтаваная адмазка — еду ў іншы горад сёння жа вечарам. На дзіва, адмова прымаліся адразу. На развітанне яшчэ маглі нагаварыць кампліментаў і падказаць дарогу, а часам і давесці да патрэбнага месца.

Ўначы адной гуляць было страшна, таму мы збіраліся кампаніямі з пастаяльцамі хостэла, бралі каву ў кругласутачных кафэ і блудзілі па начным бязлюдным вулачкам.

У прынцыпе, сам горад робіць усё магчымае для камфорту турыстаў. Напрыклад, на выхадзе з метро паблізу Ватыкана табе абавязкова працягне карту дзяўчынка-валанцёр, на карце крыжык — гэта ты, і чырвоным фламастэрам намаляваная дарога да іншай дзяржавы. Карту можаш пакінуць сабе, а яшчэ лепш — вазьмі лістоўку з інфармацыяй пра славутасці і тэлефонамі экстраных службаў.

Заблукаў у метро — а ў Рымскім метро заблукаць не цяжка — можна смела падыходзіць да першага сустрэчнага і быць упэўненым, што табе дапамогуць. Толькі, вядома,  калі першы сустрэчны не такі ж заблукаўшы як ты. Я звярталася па дапамогу да людзей у форме, міліціянерам або работнікам станцыі. І кожны раз мяне ледзь не за ручку адводзілі да патрэбнай лесвіцы, на пальцах тлумачылі расклад і яшчэ заставаліся пачакаць, каб я дакладна з’ехала ў патрэбным кірунку.

Пры гэтым недарэчна думаць, што, ставячыся да вас станоўча, людзі не паспрабуюць вас абдурыць. Напрыклад, фантанчыкі ў Рыме на кожным кроку, ёсць яны і на тэрыторыі гістарычных помнікаў, напрыклад, на ўзгорку Палацін. Напіцца можна, але без тары вады з сабой не возьмеш. А кошт о, 5 звычайнай пітной вады дзіўна мяняецца з 0,20 еўра на 2,50 у залежнасці ад узроўню славутасці. За гэтыя грошы можна купіць таўшчэзны кавалак вельмі смачнай піцы або марозіва. Вядома, калі шукаць іх на вуліцах, далёкіх ад папулярных месцаў, дзе да любой цаны аўтаматычна дадаецца некалькі еўра «турыстычнага збору».

Асцярожнічаць варта і з пераапранутымі ў гістарычныя касцюмы людзьмі. Як у Маскве вам прапануе сфатаграфавацца Ленін, у Піцеры — Пётр Першы, так і ў Рыме падыдзе які-небудзь гладыятар. Будзе ўсміхацца і рабіць кампліменты, а калі зробіш фатаграфію, запатрабуе плату. І адкруціцца не атрымаецца, таму што ўсё афіцыйна — такая ў людзей праца.

Трэба разумець, што не варта адключаць падазронасць і асцярожнасць. Самае частае злачынства ў адносінах да турыстаў — крадзеж. У натоўпе вы нават не адчуеце, што вам нехта залез у кішэню. А на праезнай частке не паспееце здзівіцца, што матацыкліст выхапіў з рук сумку. І ўжо тым больш, не зможаце пашкадаваць аб сваім рашэнні калі позна ўвечары скарацілі шлях, праз неспрыяльны раён. Важна разумець, што непрыемнасць можа здарыцца ў любы момант, аналізаваць свае паводзіны і рэакцыі людзей. І, як бы гэта не банальна гучала, не рабіць глупстваў. Вы ж не пойдзеце ноччу гуляць па Шабанах ў Мінску? А свае Шабаны ёсць у кожным горадзе.

 

Я прабыла ў Рыме пяць дзён. Ехала туды без нейкіх канкрэтных задач. Не планавала «абавязкова паглядзець а) то-то, б) то-то», а хацела проста дакрануцца да нечага старажытнага і велічнага. І Рым мяне не расчараваў. З’язджаючы, пакінула на сцяне ў хостале чырвоным маркерам пасланне на роднай мове: «Я ведаю, што абавязкова вярнуся, таму што, зараз, яшчэ не паехаў з Рыму, ўжо хачу назад. Да хуткай сустрэчы”.

 

Аляксандра ГАРАЧКА.

Фота аўтара.



03 Студзень 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Падарожжы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Красавік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  

Фотападарожжа

img_4257 _06-040     Паруснікі

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси