За гадзіну да навагодняй ночы

ВЯЧЭРНЯЯ цемра ахутала зямлю. Большасць вяскоўцаў, управіўшыся па хатняй гаспадарцы, сабраліся за сталом, каб павячэраць ці паглядзець любімыя тэлеперадачы. А некаторыя крочаць на працу. Так, хутка распачнецца дойка кароў. Вось і на ферму «Лотва» ААТ «Мядзельскае аграпрамэнерга» спяшаюцца жанчыны, дзе іх чакаюць рагулі.
— Вячэрняя дойка распачынаецца ў 19 гадзін, — расказвае загадчыца фермы Ганна Базарэвіч. — А заканчваецца пасля 22 гадзін. Пакуль дзяўчаты дабяруцца дадому, дык і 23 гадзіны. У навагоднюю ноч якраз паспеюць да бою курантаў. Але ім асабліва святкаваць не давядзецца, бо назаўтра ў пяць гадзін пачынаецца ранішняя дойка, а дзённая — з 12 гадзін.
— Нам не прывыкаць. Нічога не зробіш, такі працоўны рытм. Мы самі павіншуем адна адну з надыходзячым Новым годам, пажадаем шчасця, дабра — і па дамах. А назаўтра ўжо сустрэнемся ў студзені 2018 года, — усміхаецца старшая даярка Кацярына Пятровіч.
З далейшай размовы даведаўся, што ў гэтыя апошнія дні адыходзячага года калектыў жывёлаводаў дабіваецца някепскіх вытворчых паказчыкаў. Сярэднясутачны надой малака ад каровы складае амаль пуд. Таварнасць — звыш 95 працэнтаў. Больш за тое, уся прадукцыя фермы рэалізуецца класам «экстра».


— Чыя найбольшая ў гэтым заслуга? — пытаюся.
— Усе стараюцца. Нікога асобна і вылучыць нельга, — адказвае загадчыца.
У гэты момант адчыняюцца дзверы ў фае даільнай залы, дзе мы размаўляем, і на парозе з’яўляецца мужчына з барадой.
— Каб з белай барадой, дык можна падумаць, што прыйшоў Дзед Мароз павіншаваць з надыходзячым Новым годам, — жартую.
— Гэта наш слесар Сяргей Мінько. Працавіты, адказны чалавек, —удакладняе загадчыца. — Ён разумее, што ад яго старання ў многім залежыць якасць малака. Таму і робіць усё магчымае, каб абсталяванне было чыстым і працавала бездакорна.
Увогуле чысціні і парадку на ферме
надаецца асаблівая ўвага. Гэтага патрабуе дырэктар таварыства Віктар Васілевіч, які па некалькі разоў на дзень наведваецца ў калектыў. Вось і падчас нашай размовы Віктар Мікалаевіч зазірнуў
на ферму, пацікавіўся справамі, пажартаваў, узняў настрой людзям. Адчуваецца, што кіраўнік хварэе за вытворчыя паказчыкі, за якасць прадукцыі.
— Кармоў хапае, людзі стараюцца, а таму і справы ладзяцца, — кажа Ганна Базарэвіч.
— Хто раздае кармы? — пытаюся.
— Механізатар Мікалай Дрозд, за якім замацаваны кормараздатчык. Не было такога выпадку, каб жывёла засталася ненакормленай. Даглядчыкі пастаянна праходзяць па радах, падкідаюць у кармушкі кормасумесі, якія выпалі. З задавальненнем адзначу Уладзіміра Папка, Мікалая Рогача і іншых, — чую ў адказ.
Штодзённая ачыстка памяшкання ад гною, подсціл здробненай саломай, для чаго выкарыстоўваюць здрабняльнік рулонаў «Tomahawk», сталі звыклай справай для жывёлаводаў. Папрасіла загадчыца адзначыць яшчэ механізатара Аляксандра Юца, які заняты на здрабненні кармоў.
Вось так працоўнымі справамі завяршаюць бягучы год і сустракаюць надыходзячы руплівыя жывёлаводы з фермы «Лотва». А якой для іх будзе навагодняя ноч, невядома. Бо, як расказалі, у Калядную — з 24 на 25 снежня — ацяліліся тры першацёлкі, адна з якіх прывяла двойню.
Мы развіталіся з жывёлаводамі, пажадалі ім шчаслівага Новага года, плёну ў нялёгкай, але вельмі патрэбнай працы.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



03 Студзень 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах 223_ dsc_5774-3 06-012

Пабрацімы Мядзела