Чым запомніўся 2017 год? А што чакаем ад наступнага?

Напрыканцы адыходзячага года многія з нас узгадваюць падзеі, якія адбыліся. І, найперш, тое добрае, што пакінула след у сэрцы. Не дзіўна, што асобныя складаюць планы. Сапраўды, а якім быў 2017 год, чым адметным запомніўся? Цікава, а што ж чакаем ад года наступнага? Што хочам, каб ён нам прынёс? Такія пытанні адрасавалі жыхарам Мядзельшчыны:

Аксана СІСЬКЕВІЧ, загадчык аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ДУ “Мядзельскі ТЦСАН”:
— Як і ў многіх людзей, у мяне таксама здараліся нейкія складанасці, нечаканыя моманты. На рабоце гэта быў перыяд новаўвядзенняў і рэалізацыі новых ідэй. Споўнілася 10 год, як функцыянуе наша аддзяленне. Мінуў год, як мы размяшчаемся на новым месцы, дзе больш прастору для дзейнасці. Днямі адкрыўся сацыяльны пункт у
к. п. Нарач. Спадзяёмся, што ён будзе запатрабаваны.
Мне адыходзячы год прынёс і новыя творчыя захапленні, бо хочацца ўпрыгожыць штодзённы быт, зрабіць яго больш цікавым. А набыццё смартфона ўвогуле змяніла свет. Цяпер магу, не адыходзячы ад пліты, іншых дамашніх спраў, і рэцэпты паглядзець, і для сябе штосьці новае адкрыць. Сын Павел сёлета закончыў пачатковую школу, працягвае вучобу ў сярэднім звяне. Ён галоўны татаў памочнік. Бачна, што мужчына ў доме падрастае. Дачушцы Марыі пяць, наведвае ў дзіцячым садку рознаўзроставую групу. Гэта маленькая гаспадынька. Ад надыходзячага новага года чакаем здароўя, здзяйснення запаветных мар. Мы — сям’я. І толькі разам зможам усяго дабіцца.

* * *

Сяргей Сечын, выхавальнік НДЦ «Зубраня»:
— Мінулы год мне запомніўся, вядома ж, XIX Сусветным фестывалем моладзі і студэнтаў у горадзе Сочы, наведваннем такой незвычайнай і цікавай краіны, як Японія. А яшчэ — магчымасцю папрацаваць з дзецьмі з Японіі і Сірыі. Ад наступнага года чакаю яшчэ больш яскравых эмоцый і — пры выпадку — мажлівасці наведаць яшчэ больш краін.

* * *

Аксана Мельнічэнка, загадчыца дзіцячага сектара Мядзельскага Дома культуры:
— У 2017 годзе адкрыла сябе ў новай якасці — стала вадзіцелем. І не проста атрымала пасведчанне аб кіраванні, але і набыла аўтамабіль — ажыццявілася даўняя мара! Таму год запомніўся толькі пазітывам. Хачу, каб наступны быў поўны любові і новых цікавых знаёмстваў. Было б выдатна ў 2018-ым нарэшце сустрэць сваё каханне і выйсці замуж. Вельмі веру, што надыходзячы год стане для мяне добрым, і чакаю ад яго толькі самага лепшага і цёплага.

* * *

Вадзім СІНЯЎСКІ, інжынер інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, лейтэнант унутранай службы:
— Гэты год для мяне прайшоў надзвычай хутка: здаецца, яшчэ ўчора быў курсантам Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. А цяпер самастойна працую ў інспекцыі прафілактыкі і нагляду райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Хутчэй асвоіцца дапамаглі старэйшыя калегі. У цэлым калектыў добры, дружны, зладжаны. На ўсё жыццё застанецца ў памяці маё, як кажуць, баявое хрышчэнне — пажар у вёсцы Палессе Будслаўскага сельсавета. Там ахвярай агню стала жанчына. Давялося расследаваць гэта здарэнне…
Паколькі працую ў сістэме МНС, то ад надыходзячага года Сабакі чакаю, каб ён не быў куслівым, каб было як найменш пажараў, каб не было чалавечых ахвяр на іх. Жадаю, каб 2018 год быў удалым, прыносіў толькі прыемныя моманты. Шчыра віншую ўсіх са святам, жадаю спакою, міру і дабра.

***

Маіна Прузан, к. п. Нарач, пенсіянерка:
— Сёлета знайшла вельмі шмат сяброў у інтэрнэце: у сацыяльных сетках «Фэйсбук», «УКантакце», «Аднакласнікі». Перапісваюся з сябрамі, у тым ліку з іншых краін: Турцыі, Германіі, Ірана, Індыі. Яшчэ год запомніўся добрым ураджаем на дачы — вельмі ўрадзілі памідоры. Ад наступнага года чакаю, каб на зямлі быў мір, усе былі здаровыя і жылося на нашай планеце добра.

* * *

Дар’я ПАЛАМАРЧУК, супрацоўнік навуковага аддзела Нацыянальнага парку «Нарачанскі»:
— Адыходзячы год стаў адметным для мяне як у працоўным, так і ў асабістым жыцці. Напрыканцы 2016 года ўладкавалася ў Нацпарк «Нарачанскі». І вось сёлета з першых дзён года асвойвалася на новай рабоце.
Але самай галоўнай падзеяй гэтага года лічу замужжа. Мне пашчасціла знайсці сваю другую палавінку. Было ў нас нешта накшталт вясельнага падарожжа ў Грузію. Пабывалі ў Тбілісі, Батумі і два тыдні адпачывалі на беразе мора ў курортным пасёлку Кабулеці. І мне, і Васілію ўсё вельмі спадабалася. І гэта запомніцца надоўга.
Надыходзіць год Сабакі. Паколькі мы маем сабаку, то, спадзяёмся, што і год будзе такі ласкавы і добры, як наш Арчы. А калі сур’ёзна, год чакаецца напружаны. Я заканчваю Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, атрымліваю другую вышэйшую адукацыю, а Васілій — Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, ён будучы інжынер-будаўнік. Абараніць два дыпломы ў адной сям’і — гэта не жартачкі. А яшчэ вельмі хочацца, каб у наступным годзе станоўча вырашылася жыллёвае пытанне, каб было папаўненне ў нашай сям’і.

* * *

Аляксандр Юц, майстар лінейна-дарожнай дыстанцыі-661 «ДЭУ № 66»:
— 2017 год не стаў для мяне асаблівым. Хутчэй, чарговы год упартай працы (над самім сабой у тым ліку) і маленькіх перамог. Папоўнілася скарбонка маіх навыкаў і хобі, адно з якіх — фатаграфія і відэаздымка. Гэта сапраўды цікава, але, як і любая справа, патрабуе практыкі, таму зараз праводжу бясплатныя фотасесіі ў Мядзеле. Таксама ў 2017-ым пазнаёміўся з мноствам людзей і пабываў у месцах, куды даўно збіраўся з’ездзіць. Ад 2018 года чакаю сур’ёзных перамен, якія абавязкова будуць, хочуць яны таго ці не. Ужо намечаны сур’ёзныя мэты, але распаўсюджвацца пакуль не буду. Недахоп часу — бадай, самы моцны сапернік. Але, як кажа мой умудроны жыццём дзядуля: «Да чаго без карысці мучыць бедных муз?» Таму жадаю ўдачы ўсім у 2018-ым.

* * *

Алёна ВЯРШЫЛА, вучаніца 11 класа Свірскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа:
— Для мяне 2017-ы быў адметны вандроўкамі, цікавымі сустрэчамі і знаёмствамі. У складзе пешай Нарачанскай пілігрымкі пабывала ў Будславе. А ў Гданьск і Сопат (гэта ў Польшчы) з’ездзіла з бацькамі. Добрыя ўражанні засталіся ад удзелу ў рэспубліканскім маладзёжным праекце БРСМ “100 ідэй для Беларусі”. Разам з мамай, татам і настаўніцай (Аленай Анатольеўнай Мілош) распрацавалі вэб-сайт, дзякуючы якому можна пабываць на віртуальных экскурсіях у самых цікавых мясцінах нашай краіны. Пасля занальнага адбору прэзентавала гэты праект на абласным этапе конкурсу і атрымала за яго падзяку і падарунак.
У наступным годзе спадзяюся паступіць на абраную спецыяльнасць у ВНУ, а для гэтага шмат часу давядзецца прысвяціць вывучэнню рускай мовы, хіміі і матэматыкі. Яшчэ мару зноў пайсці ў пілігрымку. Чакаю таксама новых знаёмстваў і сустрэч з даўнімі сябрамі.

Падрыхтавалі
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ,
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ,
Наталля ЛІСІЦКАЯ,
Аляксандра ГАРАЧКА,
Аляксандр ВЫСОЦКІ.

 



30 снежня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

223_ Касцёл у Шэметава   Царква ў Крывічах 84

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси