НЯХАЙ ПАШЧАСЦІЦЬ КОЖНАМУ ВА ЎСІХ ДОБРЫХ СПРАВАХ! | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

НЯХАЙ ПАШЧАСЦІЦЬ КОЖНАМУ ВА ЎСІХ ДОБРЫХ СПРАВАХ!

НАПЯРЭДАДНІ Новага годы мы спадзяёмся на добрыя перамены ў нашым жыцці. У кожным доме, кожнай сям’і пануе чароўная атмасфера, дарослыя і дзеці акунаюцца ў імклівы вір перадсвяточных прыгатаванняў па сустрэчы казачных Дзеда Мароза са Снягуркай, многія паставілі ў кватэрах і ўпрыгожылі ёлкі. У той жа час цудоўна разумеем, што слаўныя набыткі, лепшы заўтрашні дзень — у нашых руках. І ніякіх іншых. Таму разам з надзеяй на здзяйсненне сваіх мар і жаданняў аналізуем зробленае, будуем планы. Хачу адзначыць, што ў адыходзячым годзе мы рупіліся не дарэмна, ён адзначаны станоўчымі тэндэнцыямі практычна ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі. З часам у рабоце вытворчых калектываў, якія працуюць на зямлі, змяняюцца прыярытэты, удасканальваюцца тэхналогіі, аднак галоўнай спрадвечнай справай застаецца вырошчванне хлеба. Нездарма яшчэ нашы далёкія продкі коратка і ёмка казалі: будзе хлеб — будуць і песні! Хаця сёлетні год і не парадаваў надвор’ем, большасць вяскоўцаў і ў зацяжныя дажджы не гублялася. Таму і змаглі сабраць больш за трыццаць восем тысяч тон збожжа. А ўвогуле вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі дасягнула ў супастаўных цэнах 44,2 мільёна рублёў, альбо 109,5 працэнта да ўзроўню папярэдняга года.
Так склалася, што ў нас гаспадаркі вельмі розныя: па сваёй эканоміцы, кадравым патэнцыяле, матэрыяльна-тэхнічнай базе. Зыходзячы з гэтага, і праца не роўная. Не будзем скідваць таксама з рахунку трапную прыказку: дзе сапраўдны гаспадар ходзіць, там жыта добра родзіць! Узор майстэрства ў хлебаробскай справе прадэманстраваў калектыў таварыства “Сваткі”, дзе дырэктарам Мікалай Варабей. Валавы каравай у іх перавысіў 5900 тон пры ўраджайнасці збожжавых 38,7 цэнтнера з гектара. Адтуль і камбайнер Уладзімір Швайкоўскі, які намалаціў на Мядзельшчыне больш за ўсіх збожжа — 1466 тон. За кожным вытворчым набыткам — напружаная праца вельмі многіх людзей. Адзін вызначыўся на ўнясенні ўгнаенняў, другі — на падпрацоўцы глебы, трэці — на сяўбе альбо доглядзе пасеваў, чацвёрты — на жніве. А ўсе разам дружна шчыравалі дзеля ладнага ўраджаю. У слаўнай хлебаробскай сям’і і механізатары таварыстваў “Свір-Агра” Аляксандр Рацкевіч, “Мядзельскае аграпрамэнерга” — Васіль Лісіцкі, “Слабадская зара” — Аляксандр Хацяновіч, сельгасфіліяла “Дзягілі” — Павел Лукашэвіч і многія іншыя. З вадзіцеляў у шэрагу лепшых — Алег Кундра (таварыства “Сваткі”), Генадзь Шылак (“Свір-Агра”), Дзмітрый Якавіта (“Слабадская зара”), Вадзім Муравіцкі (“Пруднікі-Агра”).

Надзвычай важна для нас быць з малаком і мясам, назапасіць для грамадскага статка дастаткова кармоў. Найперш — травяністых. Зноў жа, найбольш плённа на сенажацях пашчыравалі механізаваныя звенні як вышэйзгаданага таварыства “Сваткі”, так і сельскагаспадарчага падраздзялення Нацпарку “Нарачанскі” пад кіраўніцтвам Мікалая Мягкова. Можна лічыць заканамерным, што прагрэсіруюць яны і па вытворчасці прадукцыі ферм. Так, у першым з іх па выніках работы за адзінаццаць месяцаў надой малака ад каровы дасягнуў 6195 кілаграмаў. Уражлівую важкасць гэты паказчык набывае, калі дадаць, што ў параўнанне з папярэднім годам забяспечана прыбаўка амаль у паўтоны! Асаблівых слоў удзячнасці за сапраўдныя вытворчыя рэкорды заслугоўваюць аператары машыннага даення фермы “Новікі” Марыя Субач, Святлана Герасімовіч і Ірына Бабровіч. Іх вынік на пачатак снежня — 7427 кілаграмаў. Ну што тут можна сказаць: малайцы, так трымаць! Нельга заадно не адзначыць і поспех аператара па адкорме буйной рагатай жывёлы фермы “Сваткі” Мікалая Нікіфарава. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе пагалоўя па яго групе перавысілі цэлы кілаграм! Вызначаюцца ў “малочных справах” і Нацпарк “Нарачанскі”, таварыства “Мядзельскае аграпрамэнерга”, якое ўзначальвае Віктар Васілевіч. Сур’ёзную заяўку на прылічэнне да групы лідараў у раёне зрабілі сёлета ў сельгасфіліяле “Дзягілі” на чале з дырэктарам Аляксандрам Варашкевічам. Па-першае, прыбаўка ў надоях малака ад каровы тут склала аж 1470 кілаграмаў. Па-другое, і ўзровень сярэдняй прадуктыўнасці рагуль можна лічыць дастойным — 5326 кілаграмаў. Цяпер галоўнае для дзягільцаў — замацаваць гэты поспех і мэтанакіравана пайсці да новых вытворчых вышынь.
З іншых аператараў машыннага даення годна сустракаюць Новы год Кацярына Пятровіч (“Мядзельскае аграпрамэнерга”), Уладзіслаў Лукашэвіч (“Нарачанская Ніва 2004”), Марына Паграбіцкая (“Свір-Агра”), Алена Сініцына (“Дзягілі”)… Стабільны рост па вытворчасці малака за апошнія тры гады дэманструюць на ферме “Жалезнікі” таварыства “Занарацкі” — загадчыца Наталля Сурвіла. Самыя ж высокія сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы — у “Нарачанскай Ніве 2004” — 788 грамаў. У асяродку жывёлаводаў, апроч адзначанага Мікалая Нікіфарава, здатнымі майстрамі па атрыманні важкіх прываг зарэкамендавалі сябе Зоя Гірдзей (“Нарачанская Ніва 2004”), Тэрэса Семянкова (“Свір-Агра”), Вольга Грузд (“Дзягілі”), Юрый Шусціцкі (“Пруднікі-Агра”), Іна Сіроткіна і Алена Ковель (“Будслаўскае”). Дадатнае сальда па сярэднясутачных прыбаўленнях у вазе забяспечана і на свінакомплексе “Брусы”, дзе таксама нямала рупных работнікаў, якія дабіваюцца высокіх паказчыкаў. У прыватнасці, аператар цэха ўзнаўлення Таццяна Маціна (вы толькі ўявіце!) атрымала 4603 парасяці. Пад паўтары тысячы галоў свіней на адкорме абслугоўвае Тамара Яўгель і забяспечвае 640-грамовыя сярэднясутачныя прывагі. Скажам шчыра, пра такі ўзровень нямала хто і на буйной рагатай жывёле можа пакуль толькі марыць! З парасяткамі групы 2-4 месяцы ўмела працуе аператар цэха дарошчвання Алена Бузянкова. Пэўнымі набыткамі адзначана сёлета і дзейнасць адроджанай птушкафабрыкі. Сярэдняе пагалоўе птушкі на ёй склала 44,4 тысячы, атрымана 12,6 мільёна яек. На неблагім узроўні і яйканоскасць — 283,9. Вялікая заслуга ў гэтым птушніцы Наталлі Іваньковай, слесара Васілія Звяругі.
Прамысловай прадукцыі адгружана спажыўцам на суму звыш 20 мільёнаў рублёў. Такім чынам, пры плане па яе рэалізацыі ў памеры 14,5 фактычнае выкананне складзе 17,5 мільёна рублёў, або 125 працэнтаў да гадавога задання. Яшчэ больш значнае перавыкананне забяспечана па экспарце тавараў. Што датычыць экспарту паслуг, то па гэтым прагнозным паказчыку вызначыліся калектывы санаторыяў “Спадарожнік” — дырэктар Уладзімір Сяржант і “Нарач” — галоўны ўрач Мікалай Стралец, таварыства з дадатковай адказнасцю “Юлдыка” — кіраўнік Сяргей Асаевіч. Мы справіліся з гадавым заданнем па ўводзе ў эксплуатацыю жылля, у тым ліку і за кошт індывідуальнага будаўніцтва. З найбольш буйных аб’ектаў варта адзначыць падрыхтаваны да здачы ў эксплуатацыю сучасны басейн у санаторыі “Спадарожнік” коштам 6 мільёнаў 700 тысяч рублёў і ўвод у строй кароўніка на 300 галоў у таварыстве “Сваткі”. Выкананы вялікі аб’ём работ і па завяршэнні ўзвядзення шыкоўнага гатэля на беразе возера Мястра ў Мядзеле.
Узровень нашага жыцця ў многім вызначае рознічны тавараабарот. Не ўсё пакуль ладзіцца ў гэтай сферы, аднак нямала хто дэманструе планамернае нарошчванне яго аб’ёмаў. У іх ліку — таварыства “Занарацкі” (дырэктар Аляксандр Бачко) і Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” (Надзея Ануфрыева), Нарацкі вытворчы ўчастак Маладзечанскага малочнага камбіната (начальнік Віктар Баўфал) і санаторый “Сосны” (галоўны ўрач Аляксандр Шчуко), магазін “Еўраопт” у райцэнтры (дырэктар Інэса Апановіч) і прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Макс 2007” Максіма Станкевіча… Выпраўленню сітуацыі з тавараабаротам павінен паспрыяць шэраг адкрытых сёлета новых крам, аб’ектаў грамадскага харчавання, аптэкі ў райцэнтры.
Прыкметна ўдасканальваліся ў адыходзячым годзе нашы ўстановы аховы здароўя. На рамонт харчблокаў Крывіцкай, Нарацкай і будынка стацыянара Свірскай участковых бальніц, хірургічнага аддзялення і прыёмнага пакоя Мядзельскай ЦРБ зрасходавана 740 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў. Значная сума выдаткавана таксама на набыццё неабходнага медыцынскага абсталявання і апаратаў. Добрая слава ідзе ў раёне пра ўрачоў: загадчыкаў хірургічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Дзмітрыя Кацягова, клініка-дыягнастычнай лабараторыі Юлію Маляёнак, тэрапеўтычнага аддзялення Станіславу Гедрэвіч, акушэра-гінеколага Алену Ганчарэнку, а таксама фельчара выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Таццяну Мычко, медыцынскіх сясцёр перавязачнага кабінета хірургічнага аддзялення Аксану Томкавіч і наркалагічнага кабінета паліклінікі Ніну Леўчанку. Часта шчырыя словы ўдзячнасці ад пацыентаў
гучаць і ў адрас урача агульнай практыкі Крывіцкай участковай бальніцы Алены Кулёнак, загадчыцы Старагабскага фельчарска-акушэрскага пункта Наталлі Будзько, памочніка ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Крывіцкай участковай бальніцы Канстанціна Будзько, участковай медсястры тэрапеўтычнага кабінета паліклінікі Нарацкай участковай бальніцы Алены Іватовіч і многіх іншых.
Новыя гарызонты адкрываюцца перад сістэмай адукацыі, якая таксама парадавала шэрагам дасягненняў. Нашы вучні дастойна выступілі на III этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Пераможцамі сталі: па інфарматыцы — Ігар Балюк з Мядзельскай сярэдняй школы №1 імя У. Дубоўкі (настаўнік Пётр Гаралевіч); па рускай мове і літаратуры — гімназісткі Дзіяна Атарава, Наталля Роўда і Яна Жукоўская з Нарацкай сярэдняй школы №2 (педагогі Людміла Цяляк і Рамуальда Кавалёва); па гісторыі — Ягор Рудачэнка з Мядзельскай сярэдняй школы №1 імя У. Дубоўкі (настаўніца Раіса Шаранговіч). Дастойна прадстаўляў Мінскую вобласць на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару ў секцыі “Беларуская мова і літаратура” Арцём Бардыньш са Сватак (навуковыя кіраўнікі Ганна Тачыцкая і Вера Талайка), дыпломам I ступені адзначана праца гімназісткі Юліяны Хацяновіч у секцыі “Біялогія” (настаўніца Людміла Шчалкунова). А па выніках цэнтралізаванага тэсціравання-2017 найбольш балаў, на ўзроўні 92-95, набралі вучні Людмілы Цяляк (гімназія-інтэрнат), Ліліі Купрэвіч (Нарацкая СШ №1), Ірыны Шнітоўскай, Валянціна Радзевіча, Рамуальды Кавалёвай, Леаніда Краўчонка (Нарацкая СШ №2).
Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі паспяхова развіваецца інавацыйная дзейнасць, а ў гімназіі-інтэрнаце г. Мядзела — тэхнічная творчасць. Дзяніс Барыеў, Вадзім Валасевіч, Андрэй Маліноўскі, Арцём Чаўлытка, Серафім Нікончык, Мікіта Жукоўскі пад кіраўніцтвам настаўніка-метадыста Вячаслава Саўчыка сталі пераможцамі і лаўрэатамі на V Мінскім адкрытым робатурніры, абласных конкурсах інавацыйнай і тэхнічнай творчасці “Hi-Tech” і па робататэхніцы “Дарога ў будучыню”, VIII рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці вучнёўскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”. Не без перамог і ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, конкурсах сувенірных работ. Своеасаблівым фінальным акордам гэтага года стаў дыплом I ступені Кацярыны Калеснік са Сватак за ўдзел у конкурсе літаратурных музеяў у рамках рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” (кіраўнік школьнага музея Святлана Шылько).
Важкія дасягненні забяспечаны таксама ў фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце: I месца ў абласным і III — у рэспубліканскім аглядах-конкурсах. Пераможцамі ў рэспубліканскіх спаборніцтвах сталі выхаванцы аддзялення веславання на байдарках і каноэ дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Антон Смолка і Максім Лаўрынайць, прызёрам — Ягор Дземяшкевіч. Дастойна выступалі на абласных спаборніцтвах Іван Русак, Мікіта Малько, Аляксей Вярбіла, Максім Бірала, Сяргей Азарко, Павел Бажэлка, Данііл Нікончык, Максім Цімановіч… Напярэдадні навагодніх святаў у рамках акцыі “Нашы дзеці” Ганаровае званне “Вучань года Мінскай вобласці-2017” прысвоена гімназісту Андрэю Маліноўскаму. Больш за тое, ён, а таксама сёлетняя выпускніца гімназіі-інтэрната Юліяна Хацяновіч сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. І яшчэ. Шэрагі настаўніцкіх кадраў з 1 верасня папоўнілі 38 маладых спецыялістаў. Мы чакаем ад іх плённай працы з вучнёўскай моладдзю і дастойнага прымнажэння слаўных традыцый старэйшых пакаленняў педагогаў Мядзельшчыны.
Наша штодзённае жыццё было б непаўнацэнным без устаноў культуры. На іх рахунку мноства самых розных масавых мерапрыемстваў, за якія ім сардэчна ўдзячны жыхары і госці азёрнага краю. Бадай, ужо і цяжка ўявіць яго без рэспубліканскага фестывалю харавога мастацтва “Пеўчае поле”, выставы-кірмашу “Камарова. Кола дзён”, святаў Возера “Краса майго краю” і Горада “Наш светлы дом адкрыты для гасцей”, адкрыцця курортнага сезона “Незабудкі нарачанскага лета”, шматлікіх конкурсаў, выстаў, прэзентацый, праектаў, мюзіклаў, квэстаў і аглядаў самадзейных творчых калектываў клубных устаноў “Жыве мая вёска”…
Слоў удзячнасці за добрасумленную працу заслугоўваюць і прадстаўнікі іншых сфер народнай гаспадаркі: будаўнікі і камунальнікі, дарожнікі і энергетыкі, меліяратары і транспартнікі, сувязісты і банкаўскія работнікі, бізнесмены і прыватныя прадпрымальнікі… Зычу таксама ўсяго самага найлепшага нашым слаўным ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і працы. Светлага і доўгага вам жыцця! Няхай надыходзячы год будзе больш шчодрым на душэўную цеплыню і радасць. Усім жыхарам азёрнага краю і нашым шаноўным гасцям жадаю моцнага здароўя, шчасця і ўдачы, дабрабыту, кахання і згоды, а роднай Бацькаўшчыне — міру, спакою, стабільнасці і далейшага росквіту! З надыходзячым Новым годам вас, з новымі перспектывамі развіцця, стваральны імпульс якім ужо сёння надае падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў у мясцовыя Саветы, да абласных “Дажынак-2018”!



31 снежня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Сядзіба Максіма Танка  Касцёл у Засвіры   06-012     Паруснікі

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси