Лёс азёрнага краю – гэта і яго лёс | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Лёс азёрнага краю – гэта і яго лёс

АДНОЙ з найбольш яркіх дзей на нядаўнім святкаванні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ў вялікай зале райвыканкама стала ўшанаванне Іосіфа Тарасёнка з нагоды прысваення яму пачэснага звання Ганаровага грамадзяніна нашага азёрнага краю. Бадай, на ўсёй Мядзельшчыне не знойдзецца ніводнага дарослага чалавека, які б не ведаў альбо не чуў пра Іосіфа Францавіча, які ўсё сваё жыццё прысвяціў мясцовым людзям, вырашэнню іх праблем. А яшчэ — справе развіцця самага паўночнага ў сталічнай вобласці раёна з яго балацінкамі і пагоркамі, беднаватымі на ўраджаі землямі. Мне прыпамінаецца далекаваты ад сёння і няпросты 1995 год. У яго пачатку на пазачарговай сесіі райсавета дэпутаты аднагалосна ўхвалілі распараджэнне тагачаснага кіраўніка Міншчыны Пятра Пётуха наконт прызначэння Іосіфа Тарасёнка на пасаду старшыні райвыканкама. Ён і да гэтага каля дзевяці год займаў аналагічную пасаду. Своеасаблівая “пераэкзаменоўка” абумоўлівалася тым, што ў краіне завяршалася фарміраванне прэзідэнцкай выканаўчай вертыкалі. Часіны пасля развалу Савецкага Саюза складваліся вельмі няпростыя. Глыбокі разлад эканомікі пацягнуў за сабой беспрацоўе, практычна паўсюдна людзі мелі слабыя заробкі, ды і з выплатай нават невялікіх існавалі праблемы. Многія тавары, уключаючы шкарпэткі, прадавалі ў магазінах па талонах. Нямала схільных да прадпрыемніцтва землякоў кінуліся ў “бізнес”. Некаторыя студэнты з-за яго нават пакідалі вучобу ва ўніверсітэтах, бо перад іх выпускнікамі на бліжэйшыя гады вымалёўвалася даволі цьмяная перспектыва. А ўдалыя гандляры мелі жывую капейку, прытым адразу. Закуплялі дома, што толькі можна было, не выключаючы сякеры, вілы, косы, граблі, і масава везлі рознымі шляхамі ў Польшчу, а крышачку пазней “тварог-смятану” — у Расію, дзе гэта каштавала значна даражэй.
Валюта “карабейнікам” даставалася
не проста: стамляла няблізкая дарога, не дабаўляла здароўя і стаянне ледзь не суткамі на холадзе на стыхійных рынках Беластока і Любліна… Адно, што гэта дазваляла нямала каму не ныць наконт “кепскага жыцця”, а забяспечваць сваім сем’ям нябеднае існаванне. Хаця, калі браць у цэлым, радасці было мала. Ды і не прывучаны мы былі ў ранейшым жыцці гандляваць, многія лічылі гэта напачатку ледзь не ганебнай справай.
Тым не менш, зыходзячы з народнай мудрасці, што пад ляжачы камень вада не цячэ, такі масавы парыў прынёс у цэлым неблагія дывідэнды і прытупіў многія сацыяльныя праблемы. Аднак хапала па тым часе ў адрас улады і крытыкі. Маўляў, начальства ніякі чорт не бярэ. Жывуць як паны, не зважаючы ні на якія крызісы і спады, ні на дарагоўлю. Будуюць катэджы, катаюцца на іншамарках… Што казаць, было і такое, ды не ўсюды і не ва ўсіх. У гэтым пераканаўся, калі чэрвеньскім дзяньком на свае вочы пабачыў, як жыў тады на Мядзельшчыне “самы галоўны” чалавек — старшыня райвыканкама Іосіф Тарасёнак. І што ж пабачыў? Даўней Іосіф Францавіч узначальваў калгас “Зара”. Але і потым, пасля выбрання старшынёй выканкама раённага Савета, так і не пераехаў у Мядзел, застаўся жыць у Сватках. Дом яго стаяў на пагорку, побач шумелі разлапістыя сосны. Пад вокнамі — два дрэўцы абляпіхі, кветнік, невялікі агарод, садзік. Крыху воддаль, між лугоў, звівалася багатая на рыбу Вузлянка.
Двор аказаўся чыстым, дагледжаным. Па яго перыметры — розныя гаспадарчыя пабудовы, у гаражы — “Жыгулі” не самай прэстыжнай
63-яй мадэлі, набытыя гадоў
з восем таму. Сам дом звонку выглядаў нават некалькі грувасткім. Аказалася: стаіць гэта драўляная хата, абкладзеная цэглай, ужо не адно дзесяцігоддзе. Дасталася яна сям’і Тарасёнкаў ад папярэдняга кіраўніка мясцовага калгаса. Уразіла, што Іосіф Францавіч і яго жонка Ала Іванаўна вялі ладную гаспадарку: трымалі карову, трох свіней, курэй. Не адмаўляліся і ад сотак за вёскай, на якіх вырошчвалі бульбу, збожжавыя. Пэўных праблем з усім гэтым, улічваючы загружанасць Іосіфа Тарасёнка, хапала. Затое было што “даць на дарогу” сваім дзецям, якія вучыліся тады ў Мінску: старэйшая дачка Людміла на чацвёртым курсе матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а сын Саша — на інжынера-механіка.
Запомнілася, як у ходзе няспешнай гутаркі Ала Іванаўна разважліва заўважыла:
— Жыццё такое пайшло, што кожны павінен сам пра сябе больш клапаціцца. Мой іншы раз у магазіне кефір купляе, дык не хапала, каб і я туды па малако бегала. А свае рукі тады навошта? Зараз без падсобнай гаспадаркі на вёсцы вельмі цяжка. Канечне, клопатаў яна прыбаўляе нямала, аднак жыць з ёй значна весялей. Заўтра, між іншым, наша чарга кароў пасвіць…
Высветлілася і тое, што ацяпленне ў доме аўтаномнае. Цепліць трэба самім, у той жа час няма на каго крыўдаваць, калі ў кватэры холадна. Па Мядзеле тады хтосьці запусціў чутку, што для Тарасёнка ў райцэнтры будуюць катэдж за дзяржаўныя сродкі. Карыстаючыся момантам, хаця і адчуваў сябе няёмка, пацікавіўся ў Іосіфа Францавіча: наколькі такія размовы маюць падставу?
— Гэта няпраўда, — з крыўдай у голасе адказаў Іосіф Тарасёнак. — Ніякага асабняка ці нават простай хаты ў Мядзеле не будую…
І сёння, праз шмат год, кожны бачыць, што казаў тады Іосіф Францавіч шчыра, ён па-ранейшаму нікуды не паехаў са Сватак. Так што і начальства бывае рознае, таму і мераць усіх “на адзін капыл” не выпадае.
Кожны дарослы добра ведае, як важна выпускніку школы правільна зарыентавацца наконт свайго далейшага шляху, куды паступіць вучыцца, якую прафесію абраць? Менавіта ад гэтага вельмі ў многім залежаць жыццё маладога чалавека, яго адаптацыя ў грамадстве і лёс. Не скажу, што ў Іосіфа Тарасёнка ўсё было прадвызначана з дзяцінства. Нічога падобнага. Аднак значную ролю ў выбары навучальнай установы адыграў настаўнік біялогіі Мікалай Сямёнавіч Усік, які заканчваў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Ён паважліва адносіўся да вучняў старэйшых класаў, шмат расказваў ім пра адну з вядучых у Савецкім Саюзе навучальных устаноў са старадаўнімі каранямі і багатымі традыцыямі, мог у выхадны адправіцца з хлопцамі на рыбалку. Цёпла адгукаўся пра гады вучобы ў ёй і галоўны аграном калгаса “40 год Кастрычніка”, які прыехаў па размеркаванні на працу ў вёску Крэва Смаргонскага раёна. З ім у Іосіфа таксама склаліся добрыя адносіны, малады спецыяліст мог нават пры выпадку даць юнаку пракаціцца на сваім службовым матацыкле “Панонія”. Можа, Тарасёнак і спыніў бы свой выбар на агранамічным факультэце, ды ў школе больш лёгка даваліся дакладныя прадметы — матэматыка, фізіка, хімія. Зыходзячы з гэтага і прыняў рашэнне: “Буду паступаць на інжынера!”
Павел ЖУКАЎ.



27 снежня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   223_ Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси