Яўген АПАНАСЕВІЧ: “Быць гідам — гэта не толькі вывучыць тэкст экскурсіі”

ЖЫХАР вёскі Палессе Яўген Апанасевіч прыняў удзел у XV Рэспубліканскім турыстычным конкурсе «Пазнай Беларусь» і стаў лепшым у намінацыі “Экскурсавод года”.
Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў пачатку снежня ў сталічным гатэлі “Renaissance”. Экспертны савет і журы назвалі пераможцаў у васьмі намінацыях. А вось наколькі складана і прыемна было атрымаць ганаровае званне лепшага экскурсавода Беларусі, пытаемся непасрэдна ва ўладальніка пачэснага тытула — Яўгена АПАНАСЕВІЧА.
— Канечне, ганарова апынуцца лепшым сярод дзвюх тысяч экскурсаводаў-гідаў па ўсёй краіне, — не хавае радасці Яўген. — Але ж гэтаму папярэднічаў няпросты шлях у трынаццаць гадоў, які, дарэчы, пачынаўся з Будслава, куды зараз і вярнуўся. Быць гідам — гэта не толькі вывучыць тэкст экскурсіі. У мяне шмат розных напрацовак. У тым ліку і шэсць анімацыйных экскурсій (гэта значыць, з тэатралізацыяй), якія выпусціў у апошнія гады. З’яўляюся аўтарам і велаэкскурсій, і байдарачных, і мотаэкскурсій. Дарэчы, сучасныя тэхнічныя дасягненні зрабілі цалкам магчымым варыянт экскурсіі на “жалезных конях”, калі байкеры чуюць экскурсавода непасрэдна едучы. Мой вынік — праца не аднаго года. Не першы раз і заяўку на конкурс падаваў. Два разы станавіўся лаўрэатам — уваходзіў у тройку лідараў. У мінулым годзе саступіў свайму добраму сябру, ну а сёлета пашчасціла і мне.
— Яўген, як вы сталі гідам?
— Для мяне ўсё пачалося з Будслаўскага касцёла. Гадоў пятнаццаць таму прыходзіў у храм і назіраў за экскурсіямі, якія тады толькі распачыналі праводзіць. Калі ж людзі хадзілі па касцёле без гіда, прапаноўваў ім свой расказ пра святыню. А вучыўся я тады ў аўтамеханічным каледжы, вышэйшую адукацыю таксама напачатку атрымліваў тэхнічную, але ў рэшце перавёўся на гістарычны факультэт. Увесь гэты час цікавіўся тэмамі экскурсій, пакуль мне не сказалі, маўляў, станавіся экскурсаводам, атэстоўвайся. Так я стаў на прафесійны шлях і быў напачатку адным з самых маладых атэставаных экскурсаводаў. За апошнія ж гады прафесія значна “памаладзела”. А я ўжо стаў членам атэстацыйнай камісіі.
— У вас салідны вопыт у прафесіі. Вы нават працавалі экспертам у еўрапейскім праекце падтрымкі ўстойлівага развіцця развіцця турызму ў Беларусі. Якое месца ў краіне з’яўляецца любімым і найбольш цікавым?
— Адназначна Будслаў. З яго ўсё пачыналася, першыя мае прафесійныя крокі таксама з ім звязаны. Узгадваю, давалі мне турыстычныя маршруты з Мінска ў Будслаў, ехаў, хваляваўся, а калі прыязджаў на месца, супакойваўся і працаваў. Ведаў, што паказаць, куды зайсці, расказваў легенды, паданні. Будслаў стаў для мяне галоўным месцам у жыцці. Пераехалі з сям’ёй у Палессе, мае дзеці ходзяць тут у дзіцячы садок. І ўсё больш часу праводжу тут, а не ў сталіцы.
— Як вы ацэньваеце турыстычны патэнцыял Мядзельшчыны?
— Ён дастаткова багаты. На маю думку, зараз месцаў, дзе можна турысту спыніцца, у нас хапае. Наступнае, над чым неабходна працаваць, даць людзям што паглядзець. А вось тут трэба ўмець усё прыпаднесці, у тым ліку развіваць інфраструктуру. Тую ж беларускую кухню, у якой не толькі дранікі ёсць. Чаму б не стварыць лыжныя горкі, спа-салоны, прыдумаць конныя ці квадрапаходы? Бачу, што наперадзе ў нас няпросты і цікавы шлях станаўлення і развіцця. А ён — паступовы, бо як дзесяцігадовае дзіця не можа ў імгненне стаць дарослым, так і турызм на Мядзельшчыне не можа раптам удасканаліцца.
— Яўген, магчыма, у вас ёсць нейкая ідэя, якую плануеце рэалізаваць?
— У думках зрабіць музей эпохі ранняга Сярэднявечча: стварыць сапраўдную вёску, дзе можна зайсці ў хату, усё памацаць, паспрабаваць, адчуць атмасферу, у якой нашы продкі жылі шмат гадоў таму. Ужо з наступнага года планую прыступіць да рэалізацыі гэтага праекта.

Гутарыла
Іна ЯРЧАК.



21 снежня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        Касцёл у Мядзеле  223_ 84

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси