І гранты ад Еўрасаюза

МЫ паведамлялі пра тое, што ў вёсцы Камарова Свірскага сельсавета ў рамках праекта «Развіццё сельскіх тэрыторый у Рэспубліцы Беларусь. Павышэнне ролі сельскага прадпрыемніцтва ў Рэспубліцы Беларусь шляхам стварэння і запуску ў Камарове бізнес-інкубатара» працуе Школа сельскага бізнесу. Гэты праект рэалізуецца міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Экапартнёрства» і грамадскім аб’яднаннем «Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю». А фінансуецца ён Еўрапейскім саюзам і сафінансуецца Праграмай малых грантаў Пасольства ЗША ў Мінску. Бюджэт складае 588 тысяч еўра, дзе ўклад ЕС — 556,5 тысячы еўра.
Навучанне ў школе праходзяць жыхары Пастаўскага, Смаргонскага, Астравецкага і нашага раёнаў, якія плануюць адкрыць уласную справу ці ўжо распачалі прадпрыемніцтва. Праграма навучання ўключае пытанні бізнес-планавання, маркетынгу, вядзення перамоў і юрыдычныя аспекты. Заняткі праводзяць эксперты па бізнес-адукацыі і вопытныя бізнесмены.
У першым наборы навучанне праходзілі 15 чалавек. Перамогу атрымалі ўдзельнікі з бізнес-планамі па вытворчасці драўляных вокнаў, вырошчванні зялёнай грэчкі, стварэнні майстэрні для рамонту адзення, вырабе хрысцільных набораў для нованароджаных.
9 снежня прайшоў другі Startup Weekend. У ім прынялі ўдзел слухачы, якія праходзілі навучанне са жніўня па лістапад, а таксама некалькі слухачоў з першага набору, чые праекты атрымалі вялікую колькасць балаў, але засталіся без фінансавання. Дарэчы, у другім наборы з 14 чалавек да фінішу дайшлі дзевяць, восем з якіх прадставілі свае бізнес-планы.
Адкрываючы мерапрыемства, выконваючая абавязкі дырэктара міжнароднага грамадскага аб’яднання «Экапартнёрства» Аліна Бушмовіч і дырэктар вучэбна-практычнай установы па падтрымцы прадпрыемніцтва «Бізнес-інкубатара Камарова» Эдуард Вайцяховіч шчыра павіншавалі прысутных з заканчэннем вучобы, пажадалі поспехаў і ўдачы. Яны паведалі, што журы вызначыць толькі пяць бізнес-праектаў для фінансавання. Не варта засмучацца і тым, хто не атрымае грант.
— Вы тут набылі новых сяброў, пазнаёміліся з калегамі, многаму навучыліся. Усё гэта спатрэбіцца ў вашай прадпрыемніцкай дзейнасці, — падбадзёрыла Аліна Мар’янаўна.
У склад журы ўвайшлі намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева, старшыня Смаргонскага раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў «Экапартнёрства» Аліна Бушмовіч, «Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю» — Ала Вайцяховіч, Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Фёдар Падгайскі і іншыя, а таксама прадстаўнік арганізацыі «Tree Velop Projects g Processes» Джохана Елізабет Ван Хорн з Галандыі. Пасля знаёмства з членамі журы, з умовамі правядзення прэзентацый бізнес-праектаў пачаліся выступленні ўдзельнікаў. Так атрымалася, што пасля жараб’ёўкі першым давялося мець слова жыхару нашага раёна Дзмітрыю Стральцу.
Безумоўна, пад нумарам 1 выступаць даволі складана, тым больш, што ўстаноўлены жорсткі рэгламент па часе (5 мінут). Але Дзмітрый Стэфанавіч з веданнем справы распавёў пра свой бізнес-праект, які называецца «Стварэнне на базе дзеючай будаўнічай кампаніі «Нарс» вытворчасці растворных і бетонных сумесей з дастаўкай іх спажыўцу і магчымасцю загрузкі ў аўтабетоназмешвальнік». Ён паведаміў, што кампанія атэставана на выкананне ўсіх будаўніча-мантажных работ. Зараз яны маюць пагрузчык, аўтамабіль для перавозкі. Але неабходна набыць яшчэ міні-завод па вытворчасці бетону.
Дакладчык расказаў, якое канкрэтна абсталяванне патрэбна набыць, каму яны будуць рэалізоўваць прадукцыю і многае іншае. На пытанні членаў камісіі адказваў дакладна. Ён дасканала валодае інфармацыяй пра ўздзеянне міні-завода на экалогію, што вельмі важна для нашага азёрнага краю.
Другім выступаў таксама жыхар Мядзельшчыны Аляксандр Гатоўка, які ў вёсцы Рудашаны займаецца трусагадоўляй. Яго бізнес-праект называецца «Безадыходная трусіная ферма з уласнай вытворчасцю камбікорму». Аляксандр Аляксеевіч таксама аргументавана расказаў пра сваю ферму, пра перспектывы яе развіцця. А грант яму патрэбен для пашырэння вытворчасці і набыцця комплексу па выпуску грануляваных кармоў.
Наступным прэзентацыю свайго бізнес-праекта па вырошчванні арганічных трускалак з далейшым іх ахалоджваннем для павелічэння тэрміну захоўвання і рэалізацыі прадставіў на разгляд журы Андрэй Кісель-Загаранскі з вёскі Камяніца Смаргонскага раёна. Сёлета ён набыў зямельны ўчастак і ўжо з вясны плануе прыступіць да вырошчвання ягад на плошчы 1,5 гектара.
«Стварэнне на тэрыторыі аграсядзібы «Паланез» музея-трапезнай для прыёму экскурсійных груп і турыстаў, а таксама для правядзення ўрачыстасцей і
майстар-класаў» — так гучыць бізнес-праект Івана Мацюка з аграгарадка Залессе Смаргонскага раёна. Безумоўна, задума вельмі добрая і неабходная. Тым больш, што ў сядзібу-музей Агінскага пастаянна прыязджаюць турысты, а паблізу няма ніякага пункта харчавання. Трапезная разлічана на 50 месцаў. Запланавана зрабіць рускую печ, што дазволіць гатаваць традыцыйныя беларускія стравы.
А вось Аляксандр Марозік з вёскі Клюшчаны Астравецкага раёна прэзентаваў праект стварэння сямейнага пчалярскага прадпрыемства. Артур Папок з вёскі Алянец Смаргонскага раёна прадставіў на суд журы праект «Лазня Арі-Spa» аграэкасядзібы «Самотны Чмель», а Аляксандр Вячорка з аграгарадка Залессе — праект па вырабе мэблевых фасадаў для корпуснай мэблі. Цікавым падаўся бізнес-праект Ігара Хвашчэўскага з вёскі Чухны Смаргонскага раёна па вытворчасці біягумусу з утылізацыяй адыходаў буйной рагатай жывёлы па арганічных стандартах рэгулявання ЕС.
Акрамя гэтага, журы выслухала дзве прэзентацыі праектаў навучэнцаў першай групы, якія знаходзіліся ў Спісе чакаемых. Гэта Юрый і Алена Трыбулевы з вёскі Саргоўцы Астравецкага раёна з праектамі «Комплексны тур. 5 крокаў да цішыні» і «Экатур «Гукі Тыбета», а таксама Сяргей Ракецкі з аграгарадка Нарач, які прадставіў бізнес-праект «Вытворчасць, рознічны і аптовы продаж свечак з воску».
Праекты заслуханы. Члены журы пераходзяць у іншы пакой, каб абмеркаваць і вылучыць лепшых. А тым часам прадстаўнік рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрыемніцтва Фёдар Падгайскі расказаў пра дадатковыя магчымасці для бізнесу пры ўдзеле ў бізнес-саюзах.
І вось наступае інтрыгуючы момант. Кожны жадае даведацца, хто зможа атрымаць грант для развіцця свайго бізнесу, які праект набраў найбольшую колькасць балаў па ацэнцы журы.
На першым месцы праект Ігара Хвашчэўскага, на другім — Аляксандра Гатоўкі, трэцім — Аляксандра Марозіка, чацвёртым — Івана Мацюка, пятым — Дзмітрыя Стральца. Вось яны — пераможцы, прызёры другога Стартап Уікенда.
Праекты Андрэя Кісель-Загаранскага і Анатолія Касцені («Рамонт абутку з гарантыяй на сезон і выдачай заказаў па месцах пражывання кліентаў»), якія набралі больш за 70 балаў, заносяцца ў Спіс чакаемых.
З першай групы навучэнцаў сярод праектаў, якія знаходзіліся ў Спісе чакаемых, у выніку паўторнага галасавання найбольшую колькасць балаў набраў бізнес-план Юрыя і Алены Трыбулевых, а вось праект Сяргея Ракецкага застаецца ў Спісе чакаемых.
Застаецца дадаць, што ў наступную групу для навучання ў Школе сельскага бізнесу ў Камарове можна запісацца да 20 снежня, падаўшы неабходную заяву.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: пераможцы конкурсу бізнес-праектаў Аляксандр Гатоўка і Дзмітрый Стралец.
Фота аўтара.



18 снежня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Эканоміка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi 84 на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси