Поспехі, якіх дабіліся разам

У рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» ва ўстанове адукацыі “Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” летась на зыходзе снежня правялі навагодні баль. Мерапрыемства арганізоўвалі з мэтай умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ДУА “Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Мядзельскага раёна” і ДУА “Мядзельская сярэдняя школа №1 імя Уладзіміра Дубоўкі”.
Акцыя прынесла свае вынікі. Так, “Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Мядзельскага раёна” набыў бытавое абсталяванне, неабходнае для аснашчэння кабінета сацыяльна-бытавой арыенціроўкі. Цяпер ён мае паўнавартасны кухонны гарнітур, а таксама розную тэхніку і посуд, з дапамогай якіх дзецям прывіваюцца навыкі гаспадарча-бытавой працы і самастойнасці.
Больш падрабязна пра новы кабінет сацыяльна-бытавой арыенціроўкі і асаблівасць навучання дзяцей распавядае дырэктар Андрэй Міхаль.
— Зараз у цэнтры налічваецца дванаццаць вучняў, з іх чатыры дашкольнікі. Дзеці дзеляцца на класы ў залежнасці ад узросту і дыягназу, але займаюцца ўсе разам. Праграма, канечне, адрозніваецца. Але ўсім нашым дзецям неабходна тлумачыць і паказваць усё тое, што разумеецца само сабой: як карыстацца нажамі і відэльцамі, ставіць чайнік, мыць посуд, — тлумачыць Андрэй Дзмітрыевіч. — Гэта базавыя навыкі, якія могуць палегчыць жыццё не только дзіцяці, але і яго бацькам. Дзеянні павінны даводзіцца да аўтаматызму і вельмі важна, каб навучанне праходзіла ва ўмовах максімальна набліжаных да рэальнасці. Таму мы вельмі рады, што нам удалося абсталяваць сапраўдную кухню, у якой і афармленне, і планіроўка падобныя на кухні ў дамах нашых вучняў.
— А з якім абсталяваннем ім даводзіцца вучыцца ў першую чаргу?
— З бытавой тэхнікай, якой мы карыстаемся штодня. Вядома, завесці на кухню цэнтра мы іх не можам: ні тэхніка бяспекі, ні санітарныя нормы гэтага не дазваляюць. А дзеці павінны прызвычайвацца да самастойнасці. Для гэтага закупілі электрычную пліту, чайнік, мікрахвалеўку, пральную машыну, прасавальную дошку і іншыя прылады. Каб не на пальцах або малюнках тлумачыць дзецям, як гэта ўсё працуе, а прапаноўваць ім самім даведацца — на практыцы. Каб у будучыні ім не прыходзілася па рознай дробязі клікаць бацькоў. А дарослыя, у сваю чаргу, змогуць не турбавацца, адыходзячы на працу або займаючыся нейкімі гаспадарчымі справамі, што іх дзіця застанецца галодным ці параніцца, спрабуючы прыгатаваць бутэрброд.
У цэнтры з дзецьмі працуюць педагог-псіхолаг і два настаўнікі-дэфектолагі. Сустрэліся з адным з іх — Вольгай Івановай, якая з энтузіязмам распавяла аб працы ў цэнтры і аб тым, як яна палепшылася са з’яўленнем абсталяванага кабінета сацыяльна-бытавой арыенціроўкі.
— Раней замест кухні ў нас было абсталяванае памяшканне з таго, што ёсць, для правядзення заняткаў. Стаяў звычайны стол і тумбачка, на якую можна было нешта паставіць. Нашым дзецям цяжка пераносіць навыкі са звыклай абстаноўкі на нешта новае. Зараз жа іх навучальны “палігон” не адрозніваецца ад хатніх умоў, і можна не сумнявацца, што яны без праблем змогуць арыентавацца і ў сябе на кухні.
— Як праходзяць заняткі?
— Мы прытрымліваемся індывідуальнага падыходу да дзяцей, таму можна сказаць, што ў кожнага нашага дзіцяці свая праграма. Наогул, праграма сацыяльна-бытавога арыентавання прадугледжвае прывіццё навыкаў самаабслугоўвання, але варта разумець, што кожны навучэнец робіць нешта пасільнае. Ёсць дзеці, з якімі вучымся мыць посуд, намазваць сметанковае масла на бутэрброд, ёсць тыя, з якімі гатуем салаты, варым яйкі. На гэтай кухні пастараліся ўлічыць магчымасці і патрэбы ўсіх нашых навучэнцаў. Ёсць нават блендар, таму што малодшым неабходна здрабняць ежу ў пюрэ.
— А якія яшчэ заняткі праводзяцца з дзецьмі?
— Ёсць элементы граматы, матэматыкі, фізкультуры, малявання і іншыя. Зноў жа, усё навучанне арыентуецца непасрэдна на магчымасці дзяцей. Для кожнага навучэнца распрацаваны індывідуальныя праграмы.
— Бацькі распавядаюць вам пра дасягненні дома?
— Вядома! У нас вельмі цесныя кантакты з бацькамі, бо яны зацікаўленыя ў поспеху сваіх дзяцей. Звычайна расказваем, над чым працуем, і навучанне праходзіць пры падтрымцы бацькоў, напрыклад, яны купляюць прадукты для гатавання або адсочваюць новыя навыкі сваіх дзяцей дома. Прыемна, калі мамы тэлефануюць і радуюцца, што дзіця само парэзала хлеб і зрабіла бутэрброды, хоць яны нават не разлічвалі на такое і не думалі яму дазваляць браць у рукі нож. Наогул, трэба разумець, што ўсе поспехі дзіцяці гэта не толькі праца ў цэнтры ці дома, гэта — нашы агульныя дасягненні.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота Аляксандра Высоцкага.



18 снежня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040  возера Мястра  Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси