Пётр МАЎЧАН: Прыязджайце ў Сваткі. Наспяваю вам, колькі захочаце!

ГАРМОНІК у рукі Пётр Маўчан упершыню ўзяў у чатырохгадовым узросце. З часам дзіцячы інтарэс перарос у сапраўднае майстэрства, а голасам, якім Усявышні надзяліў гэтага неардынарнага і надзвычай энергічнага чалавека, заслухоўваюцца многія жыхары Мядзельшчыны, ды і не толькі. Адно з апошніх дасягненняў музыкі — званне лаўрэата ІІІ ступені рэспубліканскага вакальнага конкурсу “Песні Перамогі”.
— Пётр Віктаравіч, дзе вы бралі свой першы гармонік?
— У майго бацькі была двухрадка, і мы са старэйшым братам Віктарам на ёй ігралі — спаборнічалі, хто менш памылак зробіць у песні. Нот не ведалі, развучвалі ўсё на слых. Але ў мяне атрымлівалася лепш, за што не раз меў ад брата. Як у той байцы: “У сильного всегда бессильный виноват”. А ўжо ў пяць-шэсць гадоў я іграў танцы для моладзі, якая збіралася на беразе возера Мястра. Гарэла вогнішча, а мяне малога абкладвалі галінкамі, лапнікам, каб не так лезлі камары, і я іграў на гармоніку. Гэта быў канец пяцідзясятых гадоў. А машкара ўсё роўна грызла страшна. Дык я пайграю-пайграю — і ўцяку. Хлопцы мяне зловяць, кухталёў надаюць і зноў пасадзяць іграць.
— Вопыту вам, па ўсім бачна, ужо ў дзяцінстве было не займаць!
— Так! Як падрос, стаў у Старамядзельскім клубе на танцах іграць — падмяняў музыканта. Дапамагаў гарманісту і на вяселлях, і на хрэсьбінах. Мне было цікава гэта.
— Дзе шукалі рэпертуар?
— На плошчы каля клуба гучала радыё. Мы, дзеці, гулялі там і слухалі песні ў выкананні Эдзіты П’ехі, Тамары Міансаравай, Валерыя Абадзінскага, іншых выканаўцаў. Мелодыі і словы самі адкладваліся ў памяці.
— У школе таксама ваш талент быў запатрабаваны?
— Ужо ў трэцім класе мяне паставілі запявалам у хоры. І зараз узгадваюцца “Орленок”, “Песня о маленьком барабанщике”… А агітбрыгады чаго варты! Вера Людвігаўна Каратай, мая класная, прасіла, каб браў з сабой гармонік, і мы хадзілі пешшу ў Баклаі, Качаргі. Хлеба ў кішэні набяром — і пайшлі. А з Жэнькам Бобрыкам, які на два гады старэйшым быў, і вечарыны ў школе ладзілі, і сцэнкі.
— Па адукацыі вы — настаўнік фізічнай культуры. Чым быў абумоўлены такі выбар прафесіі?
— Заўсёды сябраваў не толькі з музыкай, але і з фізкультурай. У дзяцінстве, як кажуць, зямлі не датыкаўся. Вельмі непаседлівы і вёрткі быў. Здаецца, каб далі крылы — лятаў бы. А прыклад узяў з Пятра Маляёнка, старшыні спорткамітэта, які закончыў Гродзенскі фізкультурны тэхнікум. Вось і я пасля размовы з ім вырашыў туды паступаць. Закончыўшы дзевяць класаў, самастойна паехаў у чужы горад, маці толькі ў вядомасць паставіў. Усё атрымалася. Да таго ж там пачалася мая дзейнасць у вакальна-інструментальным ансамблі. Гэта было надзвычай модна. У Гродне, які знаходзіўся паблізу ад заходняй мяжы, хутчэй даходзілі музычныя навінкі. Там у кожным двары ноччу і днём у выкананні сваіх гітарыстаў гучалі “Бітлз”, польскія “Чырвоныя гітары”, “Скальды” і так далей.
— Давялося авалодваць ігрой на гітары?
— Мне так хацелася быць у гэтай плыні, што вучыўся іграць на ёй ноччу і днём. Нешта паказалі, але ў асноўным сам да ўсяго даходзіў. Адразу ігралі на простых акустычных гітарах. А каб атрымалася электра-, бралі мікрафоны з тэлефонных трубак, клеілі іх да інструмента і падключалі да ўзмацняльніка “кінап”. Асвоіў сам за тыдзень і саксафон, каб іграць на ім сола, напрыклад, пройгрышы ў песнях Бабаджаняна “Королева красоты”, “Лучший город Земли”. Наш ВІА ТФК (вакальна-інструментальны ансамбль тэхнікума фізічнай культуры) імкліва набіраў папулярнасць у Гродне. Генадзь Літынскі з вядомых “Чараўніц” на той момант у нас лічыўся культарганізатарам. Дзякуючы яму ў нас з’явіліся сапраўдныя электрагітары — стыльныя, чырвоныя “Йаланы”, а таксама бас-гітара і ўдарнік. Мы ігралі ва ўсіх навучальных установах горада, на розных мерапрыемствах і сталі, што называецца “нарасхват”. Нас нават сталі пазнаваць на гарадскіх вуліцах. Рэпертуар быў шыкоўны. Англамоўныя песні завучвалі, не разумеючы сэнсу, па-польску таксама спявалі.
— Дзе распачыналі працоўную дзейнасць?
— Адразу накіравалі ў Карэліцкі раён у вясковую школу. А ў мясцовым калгасе быў добры хор, дзе я іграў на баяне (быў акампаніятарам) і спяваў. Год адпрацаваў — і ў армію.
— …дзе, напэўна, таксама заўважылі вашы таленты?
— Камандзіры адразу выяўлялі музычныя здольнасці навабранцаў. Такім чынам трапіў у народны ансамбль песні і танца “Тачанка”. Нот не ведаў, таму мяне ўзялі спяваць. Але ў эстраднай групе ансамбля іграў і на электрагітары.
— Пасля службы вярнуліся на Мядзельшчыну?
— Так. Дома таксама было сваё музычнае жыццё. З ансамблем “Раніца” ездзіў на конкурс “Полесский кристалл” у Салігорск. Гэта адзін з першых конкурсаў ансамбляў. З тузіна песень шэсць прайшлі ў фінал. Дастойны вынік. Адметнасцю на конкурсе нашага маладога калектыву была электрабалалайка, на якой Юра Шымакоўскі выканаў раманс “Я встретил вас…”. Яго нават на біс выклікалі.
— Як Сваткі сталі вашым лёсам?
— У Сваткаўскай школе пачаў працаваць з верасня 1971 года. Спачатку выкладаў фізічную культуру, а праз нейкі час і спевы. Сорак гадоў школе аддаў. Вялікіх поспехаў дасягнулі з дзіцячым хорам пад кіраўніцтвам настаўніцы Вольгі Іванаўны Пястун. З калгасным хорам дзе толькі не ўдзельнічалі! А квартэт хлопчыкаў (мой сын Алег, Аляксей Мацін, Сяргей Жарнасек і Сяргей Шаблыка) з песняй “Эхо” стаў лаўрэатам тэлевізійнага конкурсу “Чырвоныя гваздзікі”. Дарослы ансамбль таксама быў, дзе мы спявалі на тры галасы песні “Сяброў”, “Песняроў”. Узгадваецца, як аднойчы ўразілі сталічных чыноўнікаў, для якіх разам з жаночай вакальнай групай пад баян на чатыры галасы выканалі “Паланэз” Агінскага. І цяпер у памяці іх здзіўленыя выразы твараў: “Каб такі твор і пад баян…”
— Столькі песень праспявана вамі. А ці ёсць сярод іх любімая?
— Мне вельмі падабалася раней “Звёздочка”, якая пачынаецца радком “Песни у людей разные…”. Але зараз вылучыць нейкую адну немагчыма. Я ў захапленні ад песень “Песняроў” — “Ручнікі”, “Ты мне вясною прыснілася”, “Летняя ночка”, выконваю ўвесь рэпертуар Мулявіна. Я ж вырас на іх, расчыняў дома ўсе вокны, уключаў пласцінкі і спяваў разам з імі.
— А будучую жонку таксама песняй зачаравалі?
— Магчыма. Ірына была мясцовая. Ужо праз год пасля таго, як прыехаў у Сваткі, мы пажаніліся. Яна таксама працавала ў школе. Адразу — піянерважатай, а потым — настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. У нас нарадзіліся сын Алег і дачка Алёна, якія пасля школы вывучыліся ў акадэміі мастацтваў. На жаль, Ірына рана пайшла з жыцця. Сын мае добры голас, але зараз ужо не спявае. А вось у Алёны слабейшыя вакальныя даныя, затое яна бярэ артыстызмам і энтузіязмам. Працуючы ў далёкай ад культуры арганізацыі, прыняла ўдзел у песенным конкурсе і перамагла. Дзялілася са мной: “Тата, у зале людзі нават плакалі!”. Яна выконвала песню “Помолимся за родителей”. Выхоўваю музычны густ у прыёмных унукаў (я другі раз ажаніўся, і ў жонкі Святланы Бары-
саўны ёсць два ўнукі і ўнучка).
Едзем у аўтамабілі на возера, і кожны з іх заказвае сваю любімую песню пад пэўным нумарам. Аднаму падабаецца рэп, другому нешта больш меладычнае. Імкнуся, каб музыка ўсюды гучала.
— Многія вас ведаюць як выканаўцу песні “Нарач”. Нельга не адзначыць, што гэты твор вельмі арганічна ўспрымаецца з вашай падачы. Як даўно яна з’явілася ў рэпертуары?
— Цалкам выпадкова натрапіў на яе, калі пераглядваў рэпертуар любімых мною “Песняроў”. Упершыню выканаў на сцэне ў Сватках і атрымаў вельмі эмацыянальны водгук. Потым у Мядзеле з ёй выступіў. І пайшло-паехала! Другое гучанне яна атрымала, калі мяне запрасілі ў вакальны ансамбль эстраднай песні “Правінцыя”, дзе выканалі яе ў чатыры галасы. Апошнім часам яна, можна сказаць, — мая візітоўка. Зала ўстае, калі “Нарач” спяваю. З ёй і ў пераможцы сёлетняга рэспубліканскага вакальнага конкурсу “Песні Перамогі” трапіў. А мерапрыемства было вельмі сур’ёзнае. Уявіце: 133 удзельнікі, прычым, прафесіянальныя спевакі, з акадэмічнай манерай выканання, оперы спяваюць. У фінал выйшлі 17, у тым ліку і я. Выконваў “На солнечной поляночке”. У ваеннай форме, ботах, пілотцы… Але не чыста ўзяў верхнія ноты, прысіп крыху. Затое пасля “Нарачы” палова залы апладзіравала мне стоячы, потым да мяне падыходзілі людзі: “Дзе вас можна паслухаць, як трапіць на вашы канцэрты?”. Я і адказваў: “Прыязджайце ў Сваткі, наспяваю вам, колькі захочаце!”
— На вашым мабільніку рынгтон — пералівы салаўя. Чаму не музычны ўрывак?
— Такі званок не пужае ні рыбу, ні звера. Я ж — рыбак і паляўнічы!
— І на ўсё часу хапае?
— Галоўнае, каб здароўя хапіла. Цяпер я — акампаніятар у Сваткаўскім клубе. Акрамя розных святочных мерапрыемстваў, і па вёсках ездзім з канцэртамі, і па фермах. Нікому не адмаўляю. Іграць і спяваць буду, пакуль жывы.
Маю гонар сказаць, што Пётр Віктаравіч — і мой настаўнік таксама. І як лёгка спяваецца пад акампанемент яго баяна, ведаю не з чужых слоў. У школьныя часы таксама здавалася, што няма такой песні ці мелодыі, якая б не лягла пад яго музычны інструмент ці голас. І куплет песні “Прекрасное далёко” мы ўсё ж такі падчас размовы праспявалі на два галасы.
У дзяцінстве Пётр Маўчан марыў пра крылы. На маю думку, іх дала яму музыка.
Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.



15 снежня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Глубелька 1-12 223_ Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела