“І СЭРЦУ СТАНЕ ВЕСЯЛЕЙ…”

Сяргея Сяргеевіча разам з некаторымі іншымі пераможцамі прэстыжнага конкурсу ўшаноўвалі ў абласным выканаўчым камітэце напрыканцы лістапада. Яго ведаюць у сталічным рэгіёне краіны не толькі як цудоўнага літаратара, але і выдатнага ўрача. Нямала каго гэта здзіўляе: доктар, а піша класныя вершы. Шчыра піша пра тое, што хвалюе аўтара і грамадства. А такую высокую ацэнку атрымала кніга паэзіі Сяргея Карыцькі “Спелы жнівень”. Нарадзіўся ён у 1952 годзе на Палессі. Дзесьці з сёмага класа пачаў пісаць вершы. Пасля заканчэння школы вучыўся ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце, затым — у клінічнай ардынатуры ў Мінску. Больш як дваццаць гадоў працаваў у клініцы Навукова-даследчага інстытута радыяцыйнай медыцыны ў Аксакаўшчыне, з 2004 года — у Рэспубліканскім цэнтры медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння. Сяргей Сяргеевіч — заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь, кандыдат медыцынскіх навук, аўтар сямі паэтычных зборнікаў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ніжэй мы змяшчаем нізку яго вершаў.

Заціхае душа, заціхае,
Больш прыкмет хвалявання няма.
Белай коўдрай мяне накрывае
Зноў і зноў чараўніца-зіма.
Спяць на ўзлессі бярозы і хвойкі
І пануе вакол цішыня…
А мароз з белагрываю тройкай
За абшарамі сочыць здаля.
І ў такім ціхамірным спакоі,
Як агеньчык, трывога мігціць…
Што далей нас чакае з табою?
Як жа хочацца з вераю жыць!
* * *
Завіруха балюе.
Шэры студзень. Так сумна.
Але болей хвалюе
Завіруха у думках.
Немагчыма схавацца
Ад тугі і трывогі,
Перакрылі да шчасця
Мне сумёты дарогу.
Так жадаю сустрэцца
Я з табою, каханай…
І шчыміць маё сэрца
Застарэлаю ранай.
* * *
Дзень карацей і карацей,
Згушчаецца зімовы змрок,
Чакаю дома я гасцей,
Святочны куплены пірог.
Падзелім за гарбатай сум,
І сэрцу стане весялей,
Ад мітусні трывожных дум
З сябрамі нам заўжды лягчэй.
* * *
Я помню кожную хвіліну,
Яны асновы маіх сноў…
Прэч праганяю успаміны,
Але яны заўжды са мной.
Вось я малы хлапчук вясковы,
Дзіця лугоў, палёў, лясоў…
Усё прыгожа, чыста, нова
Для незапэцканых мазгоў.
А потым пешшу шлях да школы,
Настаўнік — вось аўтарытэт…
І азірнуўшыся наўкола
Быў кожны касманаўт, паэт…
Знайсці прафесію няпроста,
Не абысціся без парад.
Калі дарог адкрыта мноства,
І мар, надзей у думках шмат.
І ад ідэй жаданням цесна,
Мільгаюць лета і зіма…
І толькі вось ляноце месца
Даўно ў жыцці зусім няма.
Вось так яно і адшумела,
Здаецца нават і не жыў…
І падсумоўваю нясмела:
“Што ж я зрабіў, што заслужыў”?
* * *
Мары, мары, мары…
Толькі б хапіла часу,
Не дакучыла старасць,
Шоркаючы абцасамі.
Хочацца новых вершаў,
Хочацца новых песень,
Хочацца жыць і верыць —
І дабрыні ёсць месца.
Павырасталі дзеці,
Добра жывуць, разумна.
Радасна сэрца б’ецца,
Часу няма для суму.
Не пакідаюць жаданні,
Кліча душа у вандроўку,
А ад мелодый кахання
Не засыпаецца зноўку.
З месяцам ў небе вячэрнім
Слухаю калыханку,
Зоркі іскрыстым зернем
Будуць са мною да ранку.
* * *
Калі заныюць раны
І смутак не спыніць,
Ёсць першае жаданне
Матулі пазваніць.
Хоць ёй за дзевяноста
І мне за шэсцьдзесят,
Ды ўсё здаецца простым
Пасля яе парад.
Яе любоў і ласка
Любы аблегчаць боль,
Чароўная, як казка,
Матуліна любоў.
Ёсць сувязь цераз веру,
І гэта не сакрэт:
Мяне матуля сэрцам
Ахоўвае ад бед.
Малітвы ведаць трэба,
Матуліны шчырэй,
Калі іх чуе Неба,
Нам і хварэць лягчэй.
* * *
Адпусці мяне, маці, на волю,
адпусці,
Дастаткова мне выпала болю
Ў жыцці.
А цяпер я не маю спакою
Дзень і ноч,
Назаўжды развітаўся з табою
Ўжо даўно.
Але ты, як жывая, побач
Ідзеш,
Як раней, мяне са спадобай
Вядзеш.
Прад табой, разумею, сэрцам
Ў даўгу,
Разлічыцца ж цяпер пасля смерці
Не магу.
Не адну запаліў ужо свечку
Ў царкве,
Але думкі чамусьці пра вечнасць
Ў галаве.
Манастырскі замовіў малебен
Па вясне,
Спадзяваўся, магчыма, неба
За мяне.
Але плача і ў дзень, і у вечар
Душа,
І вядзе да цябе на сустрэчу
Шаша.
Адпусці мяне, маці, на волю,
Адпусці,
Бо свая ў кожнага доля
У жыцці.
* * *
Спакою не даюць дакучлівыя сны,
Змяняюцца імкліва пакаленні.
А дом бацькоў не ведае цаны,
Ён для нашчадкаў, як жыццё, бясцэнны.
Тут ля дзвярэй не быў я так даўно,
Баюся нават крок зрабіць у сенцы,
Было калісьці мне ў свет акном
Маленькае вясковае акенца.
У рыпенні з часам зношаных масніц
Адгадваю я родных продкаў крокі…
Адсюль я чэрпаў сілы, як з крыніц,
Адсюль вясковай годнасці вытокі.
Я азіраюся вакол і зноў, і зноў
Шукаю зданні родных днём і ноччу….
Жыве тут дабрыня маіх бацькоў
У кожным сэрцу дарагім куточку.
* * *
Шумяць бярозы на паляне,
Гамонку з ветрамі вядуць…
Я летнім ранкам на спатканне
Да іх паспешліва іду.
Мае сяброўкі-прыгажуні
Ўжо пэўна больш за 20 год,
Вы мой найлепшы падарунак,
Калі стамлюся ад турбот.
Павырасталі мае дзеці,
Сядзяць унукі на спіне,
Я не адзін на белым свеце
І гэта радуе мяне.
Ва ўсім пануе узаемнасць,
Не сапсаваў нідзе раллі…
Я спадзяюся, не дарэмна
Жыву на матухне-Зямлі.
Для вас у спадчыну пакіну
Глыток крынічнае вады…
Каб жыць у думках, успамінах
Сяброў на доўгія гады.
* * *
Дзед Мароз, заставайся, прашу, калі ласка,
І Снягурка таксама няхай будзе з табой,
Не хачу пакідаць навагоднюю казку,
Буду жыць ў атачэнні загадкавых мрой.
Не хачу, каб прыйшлі зноўку шэрыя будні,
Не хапае мне свята ў паўсядзённым жыцці.
Ў Новы год ўсё па-новаму, веру я, будзе,
Як табе не дазволю зноў у казку сысці.
* * *
Заўжды чакаем мы павагі,
Жывем ў разліку на любоў,
Душа заходзіцца ад смагі,
Як не хапае добрых слоў.
Гляжу на трубку тэлефона
Са спадзяваннем — загучыць…
Але чамусьці падазрона
Яна даўно ужо маўчыць.
Прычыны, мабыць, у памылках,
Што нас даводзілі да слёз…
І з іранічнаю ухмылкай
Мне іх напамінае лёс.
Цяпер за лішнія жаданні,
За нейкі непаўторны міг…
Бог патрабуе пакаянне
Перад Сабою і людзьмі.
* * *
Студзень! Сонца і мароз,
Снег іскрыцца між бяроз.
Як завушніцы ў дзяўчат,
На галінках снегапад.
Ля кармушкі у двары
Важна ходзяць снегіры.
Ў сад таксама нездарма
Зайца выгнала зіма.
Маладой карой у дрэў
Ласавацца захацеў.
Сцежкі з лесу пратаптаў,
Нечаканым госцем стаў.
Студзень! Сонца і мароз
Працінае аж да слёз.
Ды натхняе прыгажосць,
Калі ў сэрцы маладосць.



13 снежня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Творчасць

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе _06-040 Касцёл у Мядзеле  возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела