Па новых правілах

У наш час сельскі турызм і аграэкатурызм сталі калі не больш папулярнымі за індустрыяльны, то дакладна з ім зраўняліся. Штогод тысячы людзей выбіраюць спакойны адпачынак у сельскай мясцовасці. І, здаецца, Беларусь спецыяльна створана для тых, хто хоча пабыць сам-насам з прыродай. У нашай краіне максімальна спрыяльныя ўмовы для развіцця аграэкатурызму. Гэта перспектыўны напрамак, які падтрымлівае эканамічны рост і развіццё рэгіёнаў рэспублікі. Адпачынак у Беларусі выгадны і камфортны не толькі для жыхароў краіны, але і для гасцей з СНД і Еўропы. Асабліва актуальна гэта для Нарачанскага краю.

Такая папулярнасць сельскага турызму ў апошнія гады моцна паўплывала на яго развіццё і ў Мядзельскім раёне. Штогод павялічваецца колькасць аграсядзібаў. І калі ў 2007 годзе іх было зарэгістравана ўсяго дзве, то ў 2016 — ужо шэсцьдзясят тры. Павялічваецца і пералік паслуг. І, адпаведна, прыток турыстаў у наш край.
Каб падтрымаць развіццё аграэкатурызму, а таксама палепшыць умовы жыцця жыхароў сельскай мясцовасці, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 9 кастрычніка 2017 года падпісаў Указ № 365 “Аб развіцці аграэкатурызму”. Пра тое, якія змены ў развіцці турыстычнага бізнесу прадугледжвае гэты дакумент, распавядае галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму раённага выканаўчага камітэта Леанід Шыдлоўскі.
— Указ прадугледжвае комплекснае ўдасканальванне аграэкатурызму, — тлумачыць Леанід Альбінавіч, — ён накіраваны ў першую чаргу на ліквідацыю адміністрацыйных бар’ераў, якія перашкаджаюць развіццю гэтага віду дзейнасці. Калі раней аграэкатурызмам маглі займацца толькі людзі, чые зямельныя ўчасткі былі спецыяльна прызначаны для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі, то цяпер і тыя, чые ўчасткі першапачаткова прадастаўлены для будаўніцтва жылога дома. Характэрна, што мэтавае прызначэнне такіх участкаў цяпер не трэба змяняць, гэта істотна эканоміць час і аблягчае падрыхтоўку дакументаў.
— Як змянілася сітуацыя ў раёне пасля таго, як апублікавалі Указ?
— Пакуль пра нейкія кардынальныя змены казаць рана. Бо Указ уступіць у сілу толькі па заканчэнні трох месяцаў з даты падпісання — гэта значыць, 9 студзеня 2018 года. Але ўжо можна сказаць, што людзі пачалі цікавіцца магчымасцю адкрыць на сваіх участках аграэкасядзібы. Грамадзяне звяртаюцца з рознымі пытаннямі, удакладняюць палажэнні Указа, каб быць гатовымі да моманту, калі ён уступіць у сілу.
— Якія новаўвядзенні самыя чаканыя?
— Адмена пункта 12 Указа
№ 372 “Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь”, які забараняў стварэнне сядзіб у курортнай зоне. А таксама змены ў плане афармлення дакументаў. Зараз, каб заняцца аграэкатурызмам, грамадзянін абавязаны стаць на ўлік у падатковай інспекцыі, заплаціць збор за ажыццяўленне дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму (далей узнос неабходна выплачваць да 28 снежня кожнага года), скласці ліст у раённы выканаўчы камітэт і завесці кнігу ўліку праверак у падатковай інспекцыі. Таксама варта памятаць, што грамадзяніну неабходна будзе атрымаць даведкі ад санітарнай службы і МНС. Таксама ва Указе прадставілі пашыраны пералік паслуг, якія могуць аказваць грамадзяне ў сферы аграэкатурызму.
— А кім кантралюецца праца аграэкасядзібаў з боку аддзела адукацыі, спорту і турызму?
— У нас створаны грамадскі савет па развіцці аграэкатурызму ў раёне, а таксама працоўная група. Асноўная іх работа заключаецца ў тым, каб інспекціраваць участкі. Працоўная група наведвае іх разам з прадстаўнікамі МНС і санітарнай службы. У тым выпадку, калі не выяўляюцца якія-небудзь парушэнні, дае дазвол на адкрыццё аб’екта. Трэба разумець, што аграэкасядзіба павінна быць гатова да прыёму гасцей літаральна з таго дня, як уступае ў сілу дазвол.
— Ці ёсць у раёне нейкія незвычайныя экасядзібы? Можа, хтосьці вылучаецца на фоне астатніх тэматыкай, афармленнем, паслугамі?
— На самай справе ў Нарачанскі край прыязджаюць людзі, якія ў першую чаргу жадаюць цішыні і спакою. Пабыць сам-насам з прыродай, адпачыць ад горада. Таму часцей за ўсё паслугі абмяжоўваюцца пражываннем і харчаваннем. Наведвальнікі, вядома, могуць схадзіць па грыбы, парыбачыць, у розных аграсядзібах арганізоўваюцца розныя экскурсіі. Але пры гэтым паслуг у сферы актыўнага адпачынку не так шмат. Бадай, самы яркі прыклад — аграсядзіба «Вузлянка», дзе пастаяльцы могуць паўдзельнічаць у сплаве на байдарках. Плюс не варта забываць, што ў аграэкасядзібах часта праводзяць розныя святы. Але зноў жа, часцей за ўсё людзі прыязджаюць проста адпачыць.

Аляксандра ГАРАЧКА.



08 снежня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Актуальна, Курорт

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

dsc_5774-3 Касцёл у Мядзеле  возера Мястра 06-012

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси