Там, дзе беларускае сэрца

Нядаўна з’явілася новая кніга пра наш раён, сапраўдная яго энцыклапедыя — “Край беларускага сэрца — Мядзельшчына”, выдадзеная пры падтрымцы райвыканкама. Выданне атрымалася грунтоўнае: больш за 650 старонак разнастайных звестак пра Нарачанскі край і яго людзей. Да безлічы інфармацыі — багата фотаздымкаў. Стварыў кнігу пісьменнік, краязнаўца і настаўнік Ігар Пракаповіч, які жыве ў Паставах. Ён расказвае, як доўга ішла праца над выданнем, з якімі цікавымі людзьмі звёў лёс і ці змянілася за гэты час яго ўяўленне пра Мядзельшчыну.
— Як з’явілася ідэя кнігі?
— Мядзельшчына і Пастаўшчына — мае родныя мясціны. Жаданне напісаць пра іх прыгажосць і адметнасць жыве ў ва мне з часоў юнацтва. І гэта жаданне паступова матэрыялізуецца: сабраў аб’ёмныя папкі звестак, ужо выдаў каля трыццаці краязнаўчых кніг. У 2006 годзе падрыхтаваў выданне пра Мядзел, якое дагэтуль знаходзіцца ў рукапісе і чакае фундатара. Тым часам напісаў кнігу пра Пастаўскі раён “Чароўны край — Пастаўшчына”. Яна выйшла ў 2009 годзе ў сціплым афармленні, а праз пяць год пабачыла свет яе дапоўненае поўнакаляровае выданне. Быў у Мядзеле, паказаў кнігу тагачаснаму старшыні райвыканкама Ільі Шацько. Ён зацікавіўся і выказаў пажаданне, каб падобнае выданне з’явілася пра Мядзельшчыну. Пагаварылі — і пачаў працаваць. Ужо было назапашана матэрыялу, бо краязнаўствам займаюся гадоў трыццаць. У час вандровак збіраю матэрыялы пра Пастаўскі і Мядзельскі раёны.
— Не ўсе, можа, ведаюць, што з Нарачанскім краем вы трывала звязаныя…
— З Мядзельшчыны родам мае бацькі, тут жылі дзяды і бабулі, прадзеды і прабабкі. Мядзел, Шыкавічы, Брусы — бліжэйшая радня, а далейшая — Сваткі, Крывічы, Занарач, Вузла, Комсіна, Калодзіна, Шкленікава ды і шмат яшчэ якіх вёсак. У Мядзеле сустрэўся з жонкай Наталляй, тут нарадзіліся мае дочкі Юлія і Вольга. Дык вось, пачаў пісаць кнігу ў 2014 годзе. Па некалькі разоў аб’ездзіў увесь раён, фатаграфаваў, сустракаўся з людзьмі. У асноўным, з бібліятэкарамі, настаўнікамі. Гэта былі асноўныя крыніцы збору матэрыялу. Усім людзям вельмі ўдзячны, асабліва бібліятэкарам. І іх падштурхоўваю, каб яны напісалі кніжкі пра сваю мясцовасць, напрыклад, пра Будслаў. У тамтэйшай бібліятэцы назапашаны вялікі аб’ём матэрыялаў.
Праз год рукапіс быў гатовы. Амаль два гады кніга ішла да выдання.
— Якія адкрыцці былі для сябе падчас працы над кнігай?
— Гэта паездкі па вёсках, дзе ўзвышаюцца храмы. Вельмі моцнае ўражанне пакінуў Засвірскі касцёл. Прыехалі з сябрам пад вечар, сонца садзілася, людзей няма, касцёл стаіць велічны — захапляльна! Шэметава раней бачыў толькі на здымках, але калі сам туды трапляеш — уражанне зусім іншае. Таксама прыгадваюцца рэшткі капліцы на высокім узгорку ў былой Жосне. З іншых адметных мясцін, якія ўзрушылі душу, магу назваць рэшткі шляхецкіх сядзіб у былых маёнтках Альшэва, Цераздвор, Будслаў, рэшткі млына ў Вузле і царквы ва ўрочышчы Маставыя, помнікі Першай сусветнай вайны каля Занарачы. І гэта толькі маленькая частачка ўбачанага.
— Не лічылі, колькі паездак было, колькі кіламетраў наездзілі?
— Для збору матэрыялаў здзейсніў каля 20 паездак па раёне. Папярэдне распрацоўваў маршруты, вызначаў аб’екты, якія варта паглядзець і сфатаграфаваць, дамаўляўся на сустрэчу з цікавымі людзьмі. Кіламетраж не адсочваў, але, думаю, больш тысячы кіламетраў.
— З якімі цікавымі людзьмі сустрэліся?
— Цікавых сустрэч было вельмі многа. Івана Драўніцкага ведаю даўно, але ж спецыяльна пад’язджаў, ён правёў экскурсію па Камарове. А яшчэ — з краязнаўцам Уладзімірам Серадзінскім, загадчыкамі бібліятэк: Крывіцкай — Алай Гурло, Свірскай — Данутай Саковіч, бібліятэкарам з Будслава Галінай Аксючыц. Людміла Валадкевіч з Занарацкай бібліятэкі падзялілася цікавымі матэрыяламі па Першай сусветнай вайне і ўспамінамі былога старшыні Дзяржкантролю Зянона Ломаця. Хочацца з удзячнасцю прыгадаць супрацоўнікаў цэнтральнай раённай бібліятэкі на чале з Таццянай Нырцовай, дырэктара музея народнай славы Наталлю Бурак і супрацоўнікаў установы, педкалектывы Мядзельскай СШ №1, Сваткаўскай, Княгінінскай, Будслаўскай, Слабадской, Старагабскай і Свірскай школ. І многіх іншых людзей — іх прозвішчы прыводжу ў асобным нарысе “Падзякі”.
Сустрэчы былі і выпадковыя. Паехаў фатаграфаваць абсерваторыю “Нарач”. Зайшоў туды, чалавек нейкі сядзіць. Паразмаўлялі. Аказваецца, Вячаслаў Броска і разьбяр, і вершы піша — родная душа. Разам са мной паехаў глядзець Чорную гару.
У Вузле пазнаёміўся з Надзеяй Мішчанка. Паказала, якія вышыванкі яна і яе бабуля рабілі. А потым да яе суседкі завіталі — Ніны Гануш, яна карціны свае паказала. Пабываў там і на рэпетыцыі фальклорнага ансамбля “Вузлянка” — вельмі спадабалася. У Сватках пазнаёміўся з народнай майстрыхай Ірынай Чараповіч і з самабытным кавалём Міколам Малько, у Старынках-2 — з былым оперным спеваком Уладзімірам Каўрусам і вясковым пісьменнікам Аляксеем Капцюгом, у Чэхах сустракаўся з мастаком Алесем Цыркуновым і разьбяром Юрасём Камандзірчыкам. І шмат іншых сустрэч.
— Вось ёсць кніга “Памяць”. А гэтым выданнем якую мэту ставілі: дапоўніць і абнавіць яе, ці знайсці свой падыход да расказу пра мінулае Мядзельшчыны?
— Кніга “Памяць. Мядзельскі раён” — грунтоўнае акадэмічнае выданне, якое выдадзена дваццаць гадоў таму. За гэты час шмат што змянілася, з’явіліся новыя матэрыялы і даследаванні пра наш край. Напрыклад, пра Мядзельскую бітву 1659 года, пра творчых асоб і іншае. Да таго ж, хацелася, каб кніга была яркай, каляровай, і не толькі апісвала, але і адлюстроўвала ў фотаздымках прыгажосць і адметнасці Мядзельшчыны. Дарэчы, у кнізе 707 ілюстрацый, з якіх 472 — каляровыя фотаздымкі. Выданне зарыентавана ў першую чаргу на жыхароў раёна, а не на турыстаў і гасцей, і таму было спадзяванне, што яно стане своеасаблівай энцыклапедыяй для кожнай сям’і. На жаль, высокі кошт выдання, напэўна, не дазволіць яму “пайсці ў масы”.
— Назва кнігі далася лёгка ці цяжка? І чаму такая?
— На дзіва, назва нарадзілася даволі лёгка. Было некалькі чарнавых варыянтаў, але яны хутка адышлі. Хацелася адлюстраваць у назве прыродную адметнасць краю і яго духоўнае багацце. Здаецца, гэта ўдалося зрабіць. Нарач — геаграфічнае сэрца Беларусі, а беларуская шчырасць, сардэчнасць — гэта ўласцівасць большасці жыхароў Мядзельшчыны. А яшчэ ж, наша зямля — адна з крыніц беларускай літаратурнай мовы.
— Пасля ўсіх гэтых паездак, знаёмстваў, працы над кнігай, меркаванне пра Мядзельшчыну змянілася?
— Яшчэ больш упэўніўся ў тым, што Мядзельшчына — адзін з прыгажэйшых куточкаў Беларусі. Найпрыгажэйшы, напэўна… Аб’ехаў усю краіну, але такіх цудоўных мясцін практычна няма нідзе. А яшчэ — тут дужа харошыя людзі. Вельмі шчырыя… Калі з імі загаворыш, калі нешта трэба і ў іх ёсць — яны паказваюць, даюць пакарыстацца. Гэта вельмі добрая рыса.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
Фота аўтара.

Больш пра кнігу і працу над ёй зможаце даведацца 7 снежня ў 14 гадзін, калі  ў Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка пройдзе прэзентацыя выдання “Край беларускага сэрца — Мядзельшчына”.



07 снежня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гісторыя, Творчасць

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  возера Глубелька Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси