І працаўнік выдатны, і сем’янін добры

НА раённай урачыстасці з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу ў ліку лепшых работнікаў азёрнага краю, якія вызначыліся ў час жніва, гучала прозвішча вадзіцеля ААТ «Свір-Агра» Генадзія Самко. Замацаваным аўтамабілем «МАЗ-5551» ён перавёз ад камбайнаў больш за 800 тон збожжа. А гэта — трэці паказчык у раёне.
Генадзія Іосіфавіча многія на Мядзельшчыне добра ведаюць. Ён неаднаразова выходзіў пераможцам працоўнага спаборніцтва сярод вадзіцеляў. Яму прысвойвалі званне «Лепшы па прафесіі», а фотаздымак двойчы змяшчалі на раённай Дошцы гонару. Словам, гэта сапраўдны прафесіянал. Ён поўнасцю аддае сябе той справе, якая стала сэнсам яго жыцця.
— Што датычыць яго прафесіяналізму, то, скажу шчыра, больш бы гаспадарцы такіх вадзіцеляў. Для яго няма другарадных заданняў. Кожнае выканае якасна, акуратна, у вызначаны тэрмін. Кантраляваць не трэба. І за тэхнікай глядзіць, добра разбіраецца ў ёй, — гаворыць дырэктар таварыства Эдвард Люткоўскі. — Да яго па параду і дапамогу звяртаюцца многія іншыя вадзіцелі. І нікому ён не адмаўляе.
— Якія работы даводзіцца выконваць Генадзію Іосіфавічу? — цікаўлюся ў кіраўніка таварыства.
— Ды самыя розныя. Вясной вазіў на палеткі ўгнаенні. Пачалася пара нарыхтоўкі кармоў — зялёны «МАЗ» заняты на адвозцы сянажнай масы. Стартавала жніво — маршрут «камбайн — збожжаток» для Самко стаў амаль штодзённым. Потым была ўборка кукурузы. Аўтамабіль гэтага дбайнага вадзіцеля таксама не прастойваў, — адказвае кіраўнік…
— Ці многа гадоў вы за рулём? — пытаюся ў Генадзія Самко.
— З 1981 года, калі ў Мядзеле закончыў курсы па падрыхтоўцы вадзіцеляў пры ДТСААФ. Уладкаваўся працаваць у тагачасны саўгас «Свір». Спачатку быў падменным вадзіцелем, потым за мной замацавалі бартавы «УАЗік». Разам з інжынерам давялося пабываць у розных куточках Беларусі ў пошуках запчастак да сельскагаспадарчай тэхнікі, — чую ў адказ. — А ў цэлым на розных машынах давялося працаваць, розныя грузы перавозіць. Больш за дзесяць гадоў таму далі мне новы «МАЗ», які і сёння някепска служыць.
Варта ўдакладніць, служыць таму, што гэта машына ў руках адказнага гаспадара, які любіць тэхніку і сочыць за ёй. Не было такога выпадку, каб у гарачы час той альбо іншай сельскагаспадарчай кампаніі прастойваў аўтамабіль. Самко імкнецца заўсёды своечасова падрамантаваць яго, правесці тэхабслугоўванне. Не стаяць жа на рамонце ў час жніва…
Сам Генадзій, можна сказаць, тутэйшы — з вёскі Коркі. І жонка яго Ала таксама не здалёку, з Астраўлян. Ведалі адзін аднаго з юнацтва, а вось пажаніліся толькі ў 1989 годзе. Тады Генадзій працаваў шафёрам, а Ала пасля заканчэння інстытута народнай гаспадаркі займала пасаду намесніка галоўнага бухгалтара саўгаса. Жыць сталі ў Свіры. Зараз Ала Данатаўна — галоўны эканаміст таварыства. Разам выгадавалі сына Аляксея і дачку Жанну, якія даўно выраслі і пакінулі бацькоўскі дом.
Ала заўсёды падтрымлівае мужа ў розных справах. У час жніва ці нарыхтоўкі кармоў, калі Генадзій з раніцы да позняга вечара на працы, большасць клопатаў па асабістай гаспадарцы бярэ на сябе. Разумее ўсю адказнасць і напружанасць працы мужа.
— Генадзій — добры муж і бацька, ахвочы да работы, не заглядае ў чарку, мае цудоўны характар. Яго любяць і паважаюць дзеці. Жывём у ладзе і згодзе, — кажа яна.
Генадзій, кажучы пра сваю жонку, таксама добрых слоў не шкадуе:
— Цудоўная гаспадыня, любячая жонка, ласкавая маці. Мне вельмі пашанцавала, што сустрэў менавіта яе на жыццёвым шляху і што зараз разам па ім крочым.
Ну што тут можна дабавіць?! На такіх дбайных людзях і трымаецца сёння сельскагаспадарчая вытворчасць.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.



01 снежня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  0-178 0-170 06-012

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси