Што, параметры развіцця непад’ёмныя? | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Што, параметры развіцця непад’ёмныя?

ЗНАКАВЫМ можна лічыць пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, якое адбылося ў мінулую пятніцу. Такі статус напрошваецца, зыходзячы з важнасці аднаго з пытанняў, вынесеных на парадак дня — аб адабрэнні асноўных накірункаў Плана развіцця Мядзельшчыны на 2018 год. Гэта значыць, найперш, за кошт чаго будзе забяспечаны эканамічны рост народнай гаспадаркі, дабрабыт і паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва. Аднак, перш, чым спыніцца на намечаных параметрах развіцця азёрнага краю на бліжэйшую перспектыву, не лішне сказаць, як завяршаем год сёлетні. Дык вось, тут далёка не ўсё бязвоблачна. Па выніках работы за дзевяць месяцаў з васьмі прагнозных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця выкананы толькі адзін — па экспарце тавараў. Прытым, з вялікім запасам — 250 працэнтаў да адпаведнага ўзроўню мінулага года. У той жа час, як прагучала ў дакладзе начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Святланы Русак, засталіся недарэалізаванымі заданні па прамых замежных інвестыцыях, экспарце паслуг, колькасці працаўладкаваных грамадзян, вытворчасці валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях, аб’ёму будаўніча-мантажных работ і намінальнай налічанай заработнай плаце.
На пачатак кастрычніка шэсць арганізацый мелі ад гаспадарчай дзейнасці страты. Калі параўнаць з мінулым годам, то такіх было сем, ды і агульная сума ўрону ледзь ці не ў паўтара раза большай. У ліку тых, хто працуе з мінусам, — свінакомплекс “Брусы” Вілейскага камбікормавага завода, таварыствы “Мядзелаграсэрвіс”, “Слабадская зара”, “Пруднікі-Агра”, унітарнае прадпрыемства “НарачПрафБуд” і санаторый “Нарачанка”. Каб выйсці з фінансавага правалу хаця б па нулях, ім не хапала двух мільёнаў 324 тысяч рублёў. Сума, скажам прама, не з маленькіх. Нельга не заўважыць і таго, што на фоне яе страты ў 12 тысяч рублёў па “Прудніках-Агра” падаюцца для вялікай гаспадаркі мізэрнымі. Узнікае нават такая думка: там проста не любяць лічыць ні спецыялісты, ні дырэкцыя. Тое ж тычыцца і “НарачПрафБуда” — 35 тысяч рублёў. Праўда, пазней у справаздачы начальнік гэтага будаўнічага ўпраўлення Юрый Калевіч патлумачыў, што многія хібы ў дзейнасці арганізацыі тлумачацца тым, што за паўгода там змяніліся чатыры кіраўнікі. Вынікам вытворчай неразбярыхі стала і скарачэнне ў некалькі разоў калектыву будаўнікоў. Цяпер справы паступова наладжваюцца: сфарміраваны вялікі партфель заказаў, за апошні час на 39 працэнтаў узрасла заработная плата людзей, кадры пачалі вяртацца на свае рабочыя месцы, у бліжэйшай перспектыве плануецца запусціць цэхі па вырабе сучасных акон, ацыліндраванага бруса. Да канца года, як запэўніў Юрый Святаслававіч, упраўленне выйдзе на прыбытак.
Памер намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы па раёне склаў 622,7 рубля. Заданне па яе росце выканана на 98,9 працэнта. Самы нізкі ўзровень, менш за пяцьсот рублёў, маюць супрацоўнікі ў прафесійнай і тэхнічнай дзейнасці, сельскай, лясной і рыбнай гаспадарках, адукацыі. У лідарах па заробках тыя, хто займаецца фінансавай і страхавой дзейнасцю, забеспячэннем электраэнергіяй, газам, парай і гарачай вадой. На пачатак кастрычніка колькасць занятых у эканоміцы складала 12251 чалавек. Зарэгістравана 878 суб’ектаў прадпрыемніцкай дзейнасці, з іх 429 — юрыдычныя асобы. Створана дзевяць новых арганізацый, з іх дзве — будаўнічыя і тры — фермерскія гаспадаркі. 46,7 працэнта фінансавых паступленняў у бюджэт прыпадае на долю малога і сярэдняга прадпрыемніцтва. І надалей адным з прыярытэтаў эканамічнай палітыкі застаецца развіццё і ўмацаванне гэтага сектара, які забяспечвае фарміраванне канкурэнтнага асяродку, садзейнічае зніжэнню ўзроўню беспрацоўя, забяспечвае значную частку рабочых месцаў.
З судакладамі на пасяджэнні выступілі першы намеснік старшыні райвыканкама-начальнік упраўлення райсельгасхарчу Уладзімір Дытко і намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Іна Барыева. Уладзімір Аляксандравіч больш падрабязна спыніўся на выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця аграпрамысловага комплексу. Сёлета лепш абстаяць справы ў жывёлагадоўлі, дзе вытворчасць прадукцыі ў параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года павялічылася на 3,4 мільёна рублёў. А вось у раслінаводстве наадварот, знізілася і склала да леташняга ўсяго 98,1 працэнта. З гаспадарак найбольшы прагрэс у рабоце забяспечылі “Нарачанская Ніва 2004” і “Дзягілі”, якія значна перавыканалі даведзеныя заданні па ўзроўню вытворчасці. Горш за астатніх па гэтай пазіцыі выглядаюць “Пруднікі-Агра” і “Свір-Агра”. Як станоўчы момант можна адзначыць тое, што прыбаўка ў статку буйной рагатай жывёлы ў гаспадарках перавысіла тысячу галоў, а свіней — семсот. Рэалізацыя малака за першыя тры кварталы года ўзрасла на 10,3 працэнта, вырошчванне жывёлы і птушкі ў жывой вазе — на 12,5 працэнта. Тым не менш, на вёсцы яшчэ застаецца нямала хібаў, безгаспадарчасці, што адмоўна ўплывае на эканоміку. Найбольшыя страты аграпрамысловы комплекс нясе з-за неэфектыўнага выкарыстання кармоў, невытворчага выбыцця жывёлы, рэалізацыі таго ж малака не класам “экстра”, а вышэйшым і першым гатункамі. Таму, хаця на месцах і фіксуюцца ў параўнанне з леташнім перамены да лепшага, рэнтабельнасць па канечным выніку за дзевяць месяцаў ад усёй дзейнасці склала мінус 4,1 працэнта. А гэта сёння, разам з прыбыткам, галоўны паказчык вытворчай паспяховасці той ці іншай галіны — яскравая ацэнка, якая не мае патрэбы ў каментарыях.
З усёй колькасці працуючых у эканоміцы раёна 3930 чалавек задзейнічаны ў сацыяльнай сферы. Больш за ўсё з іх у ахове здароўя — 2198 і адукацыі — 1378. З пераліку вострых праблем трэба адзначыць дэмаграфічную: з году ў год у азёрным краі зніжаецца колькасць насельніцтва, менш заключаецца шлюбаў, нараджаецца дзяцей. Асноўнымі прычынамі смяротнасці з’яўляюцца хваробы сістэмы кровазвароту — 51,8 працэнта і старасць — 15,4. Даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці сацыяльнай сферы складаюць 968,1 тысячы рублёў. Асноўная частка гэтай сумы прыпадае на долю сістэмы адукацыі. Установы культуры аказваюць сорак сем відаў платных паслуг. Значная работа праводзіцца па энергазберажэнні, выкананні Дзяржаўнай праграмы развіцця фізічнай культуры і спорту, прывіцці ў грамадстве здаровага ладу жыцця.
У прынятым па гэтым пытанні рашэнні адзначана станоўчая дынаміка ў рэалізацыі параметра па экспарце паслуг санаторыямі “Спадарожнік”, дзе дырэктарам Уладзімір Сяржант, і “Нарач” — галоўны ўрач Мікалай Стралец. Разам з тым, за незабеспячэнне выканання паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Мядзельшчыны па выніках дзевяці месяцаў работа аддзела эканомікі райвыканкама прызнана недастатковай, яго начальніку Святлане Русак аб’яўлена вымова. Дысцыплінарнае спагнанне чакае і дырэктара таварыства “Пруднікі-Агра” Аляксандра Дзяконскага — за зніжэнне ў супастаўных цэнах у параўнанне з леташнім тэмпаў росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Ад кіраўнікоў свінагадоўчага комплексу “Брусы” Аляксандра Кокаша, таварыстваў “Мядзелаграсэрвіс” Уладзіміра Бабкевіча, “Слабадская зара” Сяргея Роўды, “Пруднікі-Агра” Аляксандра Дзяконскага, санаторыя “Нарачанка” Сяргея Куруленкі, унітарнага прадпрыемства “НарачПрафБуд” Юрыя Калевіча патрабавана па выніках 2017 года выйсці на бясстратную работу. Акрамя таго, яна прызнана недастатковай па выкананні заданняў першых трох кварталаў па экспарце паслуг дырэктара санаторыя “Нарачанка” Сяргея Куруленкі і галоўнага ўрача санаторыя “Нарачанскі бераг” Андрэя Крайко. Дарэчы, у сваіх справаздачах яны запэўнілі, што ў здраўніцах прыняты захады па карэнным выпраўленні сітуацыі, яна ідзе на лад. Пастаўлена таксама задача па безумоўным выкананні па выніках работы за год заданняў па росце ў раёне сярэдняй заработнай платы і колькасці працаўладкаваных грамадзян на нанава створаных рабочых месцах за кошт адкрыцця вытворчасцей і прадпрыемстваў. Застаецца дадаць, што ў абмеркаванні вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Мядзельшчыны прынялі ўдзел намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Аляксандр Курлыпа, начальнік упраўлення экспертна-прававой работы і зваротаў грамадзян Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці Сяргей Несцярэнка, старшыня Маладзечанскага міжраённага Камітэта дзяржаўнага кантролю Вера Чысцякова. Пасля пасяджэння Аляксандр Міхайлавіч правёў з жыхарамі нашага азёрнага краю “прамую тэлефонную лінію”, а затым — прыём грамадзян.

У прыярытэце – стабільны прагрэс

КАЛІ пачаць з прыярытэтных накірункаў гаспадарчай дзейнасці на наступны год, то гэта — мадэрнізацыя вытворчасці, выпуск новай канкурэнтаздольнай прадукцыі, паўсюднае зніжэнне выдаткаў, эканомія матэрыяльных і паліва-энергетычных рэсурсаў, пашырэнне рынкаў збыту. Акцэнт у развіцці прамысловасці плануецца зрабіць на мадэрнізацыю. У нас яна зараз нешматлікая — “Ілаўскае” ды жыллёва-камунальная гаспадарка. Першае прадпрыемства якраз і забяспечвае выпуск інавацыйнай прадукцыі. Сёлета ў сукупным аб’ёме адгружанага спажыўцам яна чакаецца ў памеры пяці працэнтаў, а налета павінна быць не менш шасці. Да таго ж, у Ілаве вырабляюць імпартазамяшчаючы для рэспублікі прадукт — кальвадос з вытрыманых ад шасці месяцаў да трох год дыстылятаў. На 7,5 працэнта павінен узрасці тут і выпуск садавінна-агароднінных кансерваў. Для камунальнікаў актуальнымі застаюцца мінімізацыя агульнавытворчых расходаў, эканомія паліва-энергетычных рэсурсаў і больш якаснае аказанне паслуг. На парадку дня таксама наданне прывабнасці дваровым тэрыторыям з правядзеннем комплексу работ па ўладкаванні тратуараў, дзіцячых пляцовак і для паркоўкі аўтамашын, азеляненні і ўтрыманні ў належным стане вуліц, іншых аб’ектаў знешняга добраўпарадкавання. Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Вінакурня Нарач” прадоўжыць развіваць вытворчасць прадукцыі, у тым ліку новых відаў, а таксама мінеральнай вады пад гандлёвай маркай “Нарач”. Прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “М-АРТ-М” павялічыць аб’ёмы вырабу лаваша і асвоіць выпечку хлебабулачных вырабаў. Апрача таго, для садзейнічання на справе развіццю малога і сярэдняга прадпрыемніцтва, арганізацыі інавацыйных і высокатэхналагічных вытворчасцей у раёне сфарміраваны чатыры пляцоўкі агульнай плошчай 7,73 гектара з падведзенай інжынернай і транспартнай інфраструктурай.
Аграпрамысловы сектар на зыходзе года прадстаўляюць трынаццаць арганізацый, свінагадоўчы комплекс, дзясятак фермерскіх гаспадарак і два перапрацоўчыя прадпрыемствы. Якасная ацэнка ўрадлівасці сельскагаспадарчых земляў — 25,2 бала, ворыва — 25,7. Як бачна, яны не з багатых, тым не менш па выніках наступнага года прагназуецца рост валавой вытворчасці прадукцыі на 3,5 працэнта. Акрамя таго, яна павінна быць бясстратнай, канкурэнтаздольнай і экалагічна бяспечнай, у поўным аб’ёме забяспечваць унутраныя патрэбы раёна, паспрыяць нарошчванню экспартнага патэнцыялу і павелічэнню даходаў вяскоўцаў. Валавы збор збожжавых намечана падвысіць на 4427 тон.
У жывёлагадоўлі асвойваюцца новыя тэхналогіі, якія дазваляюць прыбавіць у прадукцыйнасці працы, зрабіць яе больш прывабнай, даць высокаякасную прадукцыю. Галіна пастаянна абнаўляецца, у раёне ўжо ёсць шаснаццаць сучасных малочнатаварных ферм з даільнымі заламі і беспрывязным утрыманнем пагалоўя. Ад наяўных гэта складае менш за палавіну, аднак адтуль паступае больш за 60 працэнтаў усяго малака. Далейшае ўдасканаленне тэхналогіі ўтрымання і даення кароў дазволіць выключыць ручную працу пры вытворчасці малака, скараціць затраты яе і кармоў. Надой ад каровы налета запланавана павялічыць да 4050 кілаграмаў, а сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы — да 575 грамаў, рамонтных цялушак — не менш за 655, свіней — 530. Як можна зразумець, пад гэта праводзіцца і карэкціроўка структуры пасяўных плошчаў з іх пашырэннем пад найбольш каштоўныя кармавыя культуры. На пашы таксама істотна палепшыцца структура травасумесяў, у прыярытэце — бабовыя і бабова-злакавыя. Узрастае патрабавальнасць і да якасці ўсёй прадукцыі, што паспрыяе павышэнню яе даходнасці.
Асноўнымі шляхамі развіцця будаўнічага комплексу з’яўляюцца ўзвядзенне даступнага і камфортнага жылля, зніжэнне яго кошту і гарантыя якасці. Найперш — для грамадзян, якія стаяць на ўліку і маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. На наступны год запланавана завяршыць шматкватэрнік у курортным пасёлку на вуліцы Кастрычніцкай і ўвесці ў строй дзеючых гатэль на сто месцаў у райцэнтры на вуліцы Набярэжнай. Прыярытэтныя напрамкі для інвестыцый — будаўніцтва новых аб’ектаў для адпачынку і забаў у курортнай зоне, пашырэнне фермерскай і сеткі грамадскага харчавання, адкрыццё крам. Дзе б чалавек ні пражываў, ён павінен мець магчымасць карыстацца высокаякаснымі паслугамі па даступных цэнах. А гэта магчыма толькі пры ўдасканаленні інфраструктуры сферы паслуг у сельскай мясцовасці і высокім узроўні абслугоўвання. У наступным годзе прадугледжваецца адкрыць магазін на вуліцы Крупскай, гандлёвы павільён на вуліцы Партызанскай і майстэрню па шынамантажы на вуліцы Юбілейнай у райцэнтры, краму “Родны кут” у курортным пасёлку. Далейшае развіццё атрымаюць дыстанцыйны гандаль, у тым ліку з прымяненнем інтэрнэт-тэхналогій, выязное абслугоўванне, правядзенне кірмашоў, сезонных і святочных распродажаў, дэгустацыі і рэкламныя акцыі. У працэсе развіцця сеткі аб’ектаў грамадскага харчавання адкрыюцца рэстаран на сто месцаў у новым гатэлі райцэнтра, піцэрыя “Хіт” — у Свіры. Чакае ўдасканаленне і бытавое абслугоўванне насельніцтва, для якога асноўная ацэнка дзейнасці — выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў.
Павышэнню ўзроўню жыцця насельніцтва паспрыяе і ўдасканаленне сістэм адукацыі і аховы здароўя, сацыяльнай інфраструктуры. На першым плане тут — захаванне і ўмацаванне здароўя жыхароў азёрнага краю, падаўжэнне працягласці жыцця за кошт павышэння якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі як для гарадскога, так і вясковага насельніцтва. Вядомая справа, у прыярытэце таксама фарміраванне здаровага ладу жыцця, развіццё прафілактыкі хвароб, узмацненне мер адказнасці за ўмацаванне здароўя на індывідуальным і рэгіянальным узроўнях. Рэалізацыя намечаных мерапрыемстваў дазволіць забяспечыць выкананне сацыяльна-эканамічных паказчыкаў і ў сферы адукацыі, спорту і турызму, умацаваць матэрыяльную базу гэтых устаноў. У культуры намаганні сканцэнтруюць на захаванні і ўзнаўленні культурна-гістарычнай спадчыны, развіцці сістэмы эстэтычнага выхавання, стварэнні роўных магчымасцей для рэалізацыі творчых здольнасцей рознымі групамі насельніцтва. Атрымае далейшае развіццё правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў і фестываляў — “Нарачанскі кірмаш”, “Камарова — кола дзён”, “Пеўчае поле”, свята возера… Надзвычай важна для нас і развіццё ў раёне турызму. Ён будзе накіраваны на фарміраванне інфраструктуры актыўнага адпачынку, папулярызацыю здаровага ладу жыцця, прыцягненне розных катэгорый насельніцтва да пастаянных заняткаў фізічнай культурай і спортам, стварэнне сістэмы рэабілітацыі і адаптацыі асоб з абмежаванымі магчымасцямі да паўнацэннага жыцця. Далейшае развіццё турызму будзе весціся ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Беларусь гасцінная”. Для гэтага ёсць неблагая інфраструктура: 60 аб’ектаў грамадскага харчавання, 4 — прыдарожнага сэрвісу, 2 гатэлі, 11 санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый, паляўнічы комплекс, 65 аграэкасядзіб, паўтара дзясятка турыстычных стаянак, дзейнічаюць 44 экскурсійныя маршруты з выкарыстаннем гісторыка-культурнага і прыроднага патэнцыялу Мядзельшчыны. Не будзем забываць і пра Нацыянальны парк “Нарачанскі” — адну з пяці асабліва ахоўваемых тэрыторый Беларусі, дзе можна пабачыць каштоўныя прыродныя комплексы, ландшафты, раслінны і жывёльны свет.
Аснова адкрытай эканомікі — экспарт, які гарантуе паступленне валюты, а прадпрыемствам — прыбытак, імідж. Таму ў знешнеэканамічнай дзейнасці ставіцца задача па далейшым пашырэнні экспарту і рацыяналізацыі імпарту, забеспячэнні збалансаванасці знешнегандлёвых аперацый. У 2018 годзе экспарт тавараў плануецца ў суме 2,5 мільёна, а паслуг — 13 мільёнаў долараў ЗША. Што датычыць першага, то ў нас вялікі патэнцыял у павелічэнні паставак садавінна-агародніннай прадукцыі. Вырошчванне яе нават у адкрытым грунце дазваляе атрымліваць высокія ўраджаі, ды і па якасці — гэта міравы ўзровень. Тут шырокае поле дзейнасці для малога, сярэдняга бізнесу і сялянскіх гаспадарак. А вось прыбаўку ў экспарце паслуг забяспечаць за кошт пашырэння іх наменклатуры санаторыі, этнакультурны турыстычны агракомплекс у вёсцы Наносы, рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па рэканструкцыі базы адпачынку “Рудакова”.
Важнейшым нязменным прынцыпам работы на перспектыву застаецца рост заработнай платы з увязваннем з прадукцыйнасцю працы, якая налета павінна ўзрасці да 711 рублёў, імкненне да мінімальнага ўзроўню беспрацоўя. Актывізацыі дзелавой актыўнасці і росту даходаў насельніцтва паспрыяе развіццё малога і сярэдняга прадпрыемніцтва. На тэрыторыі раёна працягне сваю дзейнасць таварыства з дадатковай адказнасцю “Цэнтр развіцця сельскага прадпрыемніцтва “Камарова” і аднайменны бізнес-інкубатар. І самае галоўнае — эканоміка раёна і на новы год захоўвае сваю сацыяльную арыентацыю.

Павел ЖУКАЎ.



30 лiстапада 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

img_4257 0-178 Касцёл у Засвіры   Касцёл у Мядзеле

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси