Праграмістам стаць хацеў? – Навучылі

ПАСПРАБУЙЦЕ зараз адказаць на пытанне, кім вы марылі стаць у дзяцінстве? Касманаўтамі, урачамі, ветэрынарамі? А кім сталі? І чаму? Наш герой ведае адказы на ўсе гэтыя пытанні. І хоць яго дзіцячая мара так і не ажыццявілася, ён не шкадуе аб сваім па-сапраўднаму дарослым выбары.
Аляксей Сабалеўскі родам з вёскі Старое Сяло Мінскага раёна. Вучыўся ў Навапольскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжы па спецыяльнасці «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». А цяпер працуе ў ААТ «Будслаўскае» інжынерам-праграмістам. Пра тое, што яго прывяло ў Будслаў, Аляксей распавядае «Нарачанскай зары».

— Калі быў маленькі, хацеў стаць пажарным, а больш правільна сказаць — служыць у МНС. Не ведаю, чаму мяне так прыцягвала менавіта гэта прафесія. Думаю, як і многім, хацелася быць героем, ратаваць людзей і здымаць кацянят з дрэў (смяецца). Але не ўдалося ажыццявіць сваю мару, таму што пашкадаваў маму. Неяк яна прызналася, што баіцца, каб ёй калі-небудзь не патэлефанавалі і не сказалі: “Ваш сын гераічна загінуў…” А так, раз я ў сям’і адзіны сын і нясу адказнасць за маму і дзвюх сясцёр (малодшую і старэйшую), пагадзіўся з бацькоўскім словам і пачаў шукаць новую мару. Пайшоў вучыцца на праграміста практычна выпадкова. Праўда, заўсёды любіў разбіраць і збіраць камп’ютары, як быццам гэта канструктар, але вырашыў, што пара абзавесціся паўнавартаснымі навыкамі па працы з гэтай тэхнікай.
— Чаму абралі менавіта Навапольскі каледж?
— Паступіў туды таму, што спадабалася будучая спецыяльнасць. Але, па праўдзе, адыграла ролю яшчэ і яго геаграфічнае становішча — усяго дваццаць тры кіламетры ад дома. Бацькі на той момант, калі я падаваў дакументы ў каледж, былі за мяжой на адпачынку. Да гэтага мы абмяркоўвалі, што, магчыма, мне варта пайсці вучыцца на повара. Таму, калі даведаліся, што паступіў на праграміста, былі вельмі здзіўлены. Думаю, што прыемна.
— А як апынуліся ў Будславе?
— Трапіў па размеркаванні, можна сказаць, выпадкова. Так атрымалася, што тыя месцы, якія сам сабе знайшоў, скажам так, не спадабаліся загадчыцы практыкі ў каледжы, і таму мае дакументы з дзвюх арганізацый былі адхілены — і застаўся толькі Будслаў. Але я зусім не шкадую, што размеркаваўся менавіта сюды.
— Вы ўжо “ўліліся” ў калектыў?
— Мяркую, “уліўся” амаль адразу. На новым працоўным месцы сустрэлі даволі добра. Калегі імкнуліся даведацца пра мяне як мага больш, каб дапамагчы адаптавацца ў калектыве. Прапаноўвалі і прапаноўваюць сваю дапамогу, калі нешта незразумела. Хоць на самай справе асаблівых складанасцей з працай у мяне не было. Напэўна, самае цяжкае на новым месцы — запомніць увесь калектыў у твар і па імёнах (смяецца). Цяпер, вядома, ужо ўсіх ведаю і таму дакладна магу сказаць, што праблем няма.
— А чым вы займаецеся ў вольны час? Можа, ёсць нейкае хобі?
— Шчыра сказаць, вольнага часу ў мяне не вельмі шмат. Пасля пераезду пачаў хутка заводзіць новыя знаёмствы. Там дапамог ноўтбук паправіць, там з камп’ютарам разабрацца — і вось пачало ўжо працаваць “сарафаннае радыё”. Таму ў вольны час таксама працую, але ў сваё задавальненне. А калі знаходзіцца гадзінка-другая на адпачынак, стараюся праводзіць яго з дзяўчынай, з якой пазнаёміўся тут жа, у Будславе.
— Вы тут усяго некалькі месяцаў, але, можа, ужо задумваліся пра тое, што будзеце рабіць пасля таго, як адпрацуеце размеркаванне?
— Вырашыў, што пасля таго, як закончыцца адпрацоўка, пайду вучыцца далей, хачу атрымаць вышэйшую адукацыю. Аўтамабільнага электрыка, напрыклад. Бо цяперашняе аўтамабілебудаванне вельмі развіта, і машына са звычайнага сродку перамяшчэння ператвараецца ў сапраўднага разумнага памочніка з поўным камп’ютарным забеспячэннем. Мне вельмі цікавая гэта галіна. Я б хацеў працягнуць сваю працу ўжо не з простымі камп’ютарамі, якія стаяць у офісах, а з аўтамабілямі, у якіх ёсць дзе разгарнуцца ў праграмным забеспячэнні. Упэўнены — гэта будзе вельмі цікава.
— А ці ёсць у вас нейкая грандыёзная мара? Да чаго імкняцеся?
— Хацеў бы паехаць са сваёй сям’ёй куды-небудзь у Італію або Іспанію. Не ведаю, чаму мяне прыцягваюць паўднёвыя краіны, можа, сваёй гісторыяй або менталітэтам мясцовых жыхароў.
— Якімі жыццёвымі прынцыпамі кіруецеся ў сваім жыцці?
— Думаю, тымі ж, якімі і ўсе астатнія: дзяўчынак не крыўдзіць, старэйшым месца ў аўтобусе саступаць. А яшчэ імкнуся дапамагаць людзям бяскарысліва. Гэта можа быць мне самому не заўсёды зручна, але ўпэўнены, што дапамагаць трэба не толькі тады, калі цябе ўсё задавальняе. Мне важна, каб людзі ведалі, што я добры і сумленны чалавек, што да мяне заўсёды можна звярнуцца па дапамогу — не адмоўлю і дапамагу настолькі, наколькі змагу.
— Калі б вы не працавалі цяпер па спецыяльнасці, чым яшчэ хацелі б заняцца?
— Калі б у мяне не было адпрацоўкі, а проста дыплом у руках, хацеў бы пайсці працаваць у інкасацыю. Мне здаецца, што гэта праца досыць прэстыжная, хоць і на сваю цяперашнюю не скарджуся.

Гутарыла
Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота Аляксандра Высоцкага.



24 лiстапада 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Моладзь

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Красавік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  

Фотападарожжа

84 0-178 на Блакітных азёрах        Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси