Аэробіка па-мядзельску

З сярэдзіны верасня ў Мядзельскім фізкультурна-аздараўленчым цэнтры праходзяць заняткі па аэробіцы. Вядзе іх малады спецыяліст Анастасія Мацюшонак.

— Увогуле, заняткі аэробікай некалі раней праводзіліся ў цэнтры, вёў іх іншы спецыяліст, — расказвае яна. — Потым быў перапынак. Цяпер проста прадоўжыла гэту справу. У нас сфарміраваны тры групы. У кожнай запісаны па 15 чалавек. Займаемся па аўторках, чацвяргах і суботах.

— Чаму вы гэтым заняліся: былі нейкія схільнасці?
— Спортам заўжды займалася. Мне самой падабаецца жаночы фітнес і прыемна адчуваць, што дапамагаеш людзям цягнуцца да спорту. Сёлета закончыла навучанне ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка па спецыяльнасці «лячэбная фізічная культура». Ва ўніверсітэце, сярод іншага, чатыры гады вывучала аэробіку, для лепшага досведу праходзіла дадатковыя курсы. І па размеркаванні трапіла ў фізкультурна-аздараўленчы цэнтр.
— Якія ўражанні пра першае месца працы?
— Раней на практыцы два месяцы рабіла тут летам у трэнажорнай зале. Так што, прызвычаілася хутка, мне ўсё падабаецца.

— Якога ўзросту жанчыны прыходзяць займацца аэробікай?
— Пераважна ад 25 да 45 год. Але самай пажылой — больш за 60 год, наймаладзейшай — 21.

— Вось жанчыны прыйшлі першы раз, ці дзяліліся, што чакаюць ад заняткаў?
— Некаторыя раней займаліся аэробікай, ведаюць, што і як — але гэта прыкладна дзясятая частка. А некаторыя цікавіліся, што гэта такое.

— З чаго складаюцца заняткі?
— Яны кожны раз розныя. Ёсць пілатэс, функцыянальная і інтэрвальная трэніроўкі, стэп-аэробіка… Плануем раз у месяц праводзіць заняткі па аквааэробіцы. Але гэта пакуль у распрацоўцы.

— І якія першыя ўражанні паступаюць?
— Мяркую, калі пасля першых заняткаў людзі вяртаюцца і прыходзяць новыя наведвальніцы, значыць, працуем недарэмна.

— На ваш погляд, што аэробіка дае жанчынам?
— Па-першае, гэтыя заняткі вельмі добрыя для падтрымання эмацыянальнага тонусу, здорава ўздымаюць настрой. Многія прыходзяць, каб пахудзець, а яшчэ — проста для сяброўскіх зносін: і да трэніроўкі, і пасля яе.

А якія ўражанні ад заняткаў у наведвальніц? Дзеліцца Вольга Аўдыцкая:
— Вельмі добрыя ўражанні, і трэнер у нас старанны. Мы доўга чакалі падобных заняткаў. Хацелася, каб яны працягнуліся як мага даўжэй і ні ў якім разе не спыняліся.

 

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымку: Анастасія Мацюшонак.
Фота аўтара.



14 лiстапада 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Моладзь, Спорт

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   Царква ў Слабадзе img_4257 Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела