Удзельнікі фестывалю ў Сочы: «Пачуцці і эмоцыі, мабыць, ні з чым не параўнаюцца»

Амаль 29 тысяч удзельнікаў, якія прыехалі з больш чым 180 краін. Бясконцыя майстар-класы і лекцыі, канферэнцыі са знакамітымі навукоўцамі, палітыкамі і спартсменамі. Усё гэта было на XIX Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў, які нядаўна прайшоў у Сочы. А яшчэ тут працавала багата разнастайных тэматычных пляцовак: дыскусійных, культурных, адукацыйных… Удзельнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з равеснікамі з многіх краін свету, падзяліцца вопытам працы, абмеркаваць шляхі вырашэння найбольш актуальных праблем. Яшчэ наведалі парк забаў «Сочы-парк» і найбуйнейшы гарналыжны курорт Расіі «Ружа Хутар». А якіх знакамітасцей маглі пабачыць — ад расійскіх да сусветных: матывацыйнага аратара Ніка Вуйчыча, групу «OneRepublik», пісьменніка Фрэдэрыка Бегбедэра…

Беларусь падчас фестывалю арганізавала маштабную выставу. Таксама рэспубліка была прадстаўлена як краіна-гаспадыня Еўрагульняў-2019 і чэмпіянату свету па хакеі, які ў 2021 годзе будзе прымаць разам з Латвіяй. Апроч турыстычнага і адукацыйнага патэнцыялаў Беларусі, акцэнт у экспазіцыі зрабілі на падтрымцы моладзі, яе ўдзеле ў грамадскім жыцці.
Сярод удзельнікаў з нашай краіны былі прадстаўнікі Мядзельшчыны — супрацоўнікі Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня». Запытаў у іх, якія ўражанні засталіся ад фестывалю і якія моманты форуму ўразілі найбольш?

Кацярына Шаркель, загадчык аддзела па арганізацыі выхаваўчай работы структурнай адзінкі «Лазурная»:
— Уражанняў ад форуму — безліч, але ўсе яны выключна станоўчыя. Пачуцці і эмоцыі, якія давялося перажыць у Сочы, мабыць, ні з чым не параўнаюцца. Быць прадстаўніком свайго народа “гэтай моцнай і гордай краіны”, адчуваць сябе часцінкай свету, на якой ляжыць адказнасць за будучае, удзельнічаць у рабоце пляцовак, на якіх не побач, а разам працавала моладзь з рознымі поглядамі, менталітэтам і ўзростам, знаёміцца са шматлікімі, зусім не падобнымі адна на адну культурамі, убачыць цэлы шэраг знакамітасцей… — усё гэта не можа не атрымаць эмацыянальнага адказу. Упэўнена, што кожны з удзельнікаў будзе распавядаць пра гэту важную падзею ў сваім жыцці не толькі дзецям, але і ўнукам, і праўнукам.

Што да момантаў фестывалю, то выбраць найбольш уражваючыя, сапраўды, не так проста. Усё ж такі сярод мерапрыемстваў выдзеліла б адкрыццё фестывалю пад назвай «Абуджэнне». Гэта неверагоднае шоу, мне здаецца, стала магутным пачаткам фестывалю, сапраўдным абуджэннем. Менавіта яно заклала важны, непахісны пласт адзінства для ўсіх прысутных.

Сярод момантаў, якія ўразілі падчас фестывалю, не магу не назваць і адносіны да беларусаў. Вельмі прыемна было часта чуць ветлівыя словы пра родную краіну, пра людзей, якія жывуць у Беларусі, пра чысціню, прыгажосць, гасціннасць, усё тую ж ветлівасць… Гэта, сапраўды, уразіла і надало нейкі своеасаблівы каларыт знаходжанню ў Сочы. Ды і ўвогуле, упэўнена, што наша краіна была больш, чым годна, прадстаўлена на фестывалі. Гэтым можна ганарыцца.

Антон Гулецкі, настаўнік інфарматыкі і матэматыкі:
— Кожны дзень фестывалю ў мяне быў вельмі разнастайным. Імкнуўся напоўніць дні рознымі мерапрыемствамі, дыскусіямі, лекцыямі, кантактамі з іншымі ўдзельнікамі. Хацелася напоўніць на ўсе 100% — атрымалася на 95%. Больш запомніліся людзі, чым падзеі. У кожным чалавеку жыве велізарны свет, пры кантактаванні з ім, ён дзеліцца гэтым светам, а ты з ім — сваім! Кожны дзень усё больш вольна пачынаў размову з людзьмі з іншага канца планеты. А калі браць мерапрыемствы, то ўразіла, вядома, адкрыццё, якое было грандыёзным. Гэты фестываль зрабілі цудоўныя людзі.

Сяргей Сечын, выхавальнік:
— Мае ўражанні — толькі самыя станоўчыя. Вельмі рады, што пашчасціла стаць удзельнікам гэтага фестывалю. Самым яркім уражаннем стала яго адкрыццё і, вядома ж, тыя новыя знаёмствы і людзі, з якімі там знаходзіўся. Наведванне пляцовак медыя-цэнтра дазволіла мне акунуцца, хоць і не надоўга, у тую ці іншую краіну, пазнаёміцца, хай і не з усімі, але з некаторымі традыцыямі краін-удзельніц. Пры любым зручным выпадку зноў з задавальненнем паеду на такога роду фестываль.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.



13 лiстапада 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Моладзь

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   06-043 0-170 84

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси