Засцерагальная моц прафілактыкі

ВЫПІЎКІ на рабочых месцах, невысокая працоўная дысцыпліна, нядбайнасць і абыякавасць кадраў нярэдка і сёння прыводзяць да няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Таму відавочна, што Дырэктыва №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”, прынятая яшчэ ў сакавіку 2004 года, не згубіла сваёй актуальнасці і зараз. Наконт рэалізацыі яе патрабаванняў, папярэджання гібелі людзей ад знешніх прычын вялася размова і на апошнім пасяджэнні райвыканкама ў мінулую пятніцу. Патрабавальны тон пры абмеркаванні гэтых пытанняў задаў кіраўнік Мядзельшчыны Анатолій Вайнілка. Па меркаванні Анатолія Мар’янавіча, хібы ў справе ўмацавання дысцыпліны і аховы працы, у першую чаргу, тлумачацца недапрацоўкамі ўсіх зацікаўленых у прафілактычнай рабоце. А менавіта яна, пры належнай пастаноўцы, дае найбольшы эфект. З дакладам выступіла намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Адзначалася, што ў выніку сумесных намаганняў, прынятых на працягу апошніх год, жыццё грамадзян у нашым рэгіёне стала больш бяспечным і камфортным. Знізіўся ўзровень злачыннасці, паступова нармалізуецца сітуацыя з аварыямі на дарогах, змяншаецца колькасць пажараў і іншых надзвычайных здарэнняў. Разам з тым, існуючыя тут праблемы вырашаны не цалкам. Адной з прычын здарэнняў, якія выклікаюць гібель людзей, з’яўляюцца нядбайныя адносіны грамадзян да асабістай бяспекі. Нельга скідваць з рахунку і чалавечы фактар, заснаваны на невысокім узроўні культуры насельніцтва, безразважнасці. Хто не ведае, што п’янстваваць на рабочым месцы нельга, а калі заспеюць за пляшкай ці нецвярозым, то пакарання не пазбегнуць? Ведаюць усе! Тым не менш, супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў выявілі за дзевяць месяцаў 30 работнікаў, якія знаходзіліся на вытворчасці ў нецвярозым стане. І ўсе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Найбольш з таварыстваў “Мядзелаграсэрвіс” — шэсць, і “Пруднікі-Агра” — чатыры, жыллёва-камунальнай гаспадаркі — пяць… Адных звольнілі, другіх — пазбавілі прэмій і даплат, трэція, апрача ўсяго іншага, панеслі дысцыплінарныя спагнанні. Як бачым, “па галоўцы” такіх ніхто не гладзіць, аднак да поўнага вырашэння праблемы яшчэ далекавата.

За парушэнні працоўнай дысцыпліны за студзень-жнівень звольнены 34 гора-работнікі. Зарэгістравана за гэты перыяд і два няшчасныя выпадкі на вытворчасці. У прыватнасці, у выніку дарожна-транспартнага здарэння на аўтобусе прадпрыемства атрымала траўму, якая не адносіцца да ліку цяжкіх, ветфельчар свінакомплексу “Брусы”. А вось у Нацыянальным парку “Нарачанскі” парушэнне правілаў дарожнага руху закончылася смяротным зыходам — загінуў трактарыст. З пачатку года выяўлена шэсць механізатараў, якія кіравалі сельскагаспадарчым транспартам у стане алкагольнага ап’янення. Тут “вызначыліся” таварыствы “Свір-Агра” (двойчы), “Слабадская зара”, “Занарацкі”, “Сваткі” і СГФ “Дзягілі”. Для параўнання: летась нецвярозых механізатараў выявілі ў паўтара раза больш. Перадрэйсавы кантроль вадзіцеляў і асоб, дапушчаных да кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі і самаходнымі машынамі, арганізацыі праводзяць самастойна ці заключаюць дамовы з цэнтральнай раённай бальніцай. Хаця і ў гэтай важнай справе не ўсё бязвоблачна. Так, 18 кастрычніка ў ходзе маніторынгу наконт медыцынскага агляду вадзіцеляў перад пачаткам рабочага дня на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм выяўлены фармальны падыход.

Мабільная група райвыканкама за дзевяць месяцаў абследавала 72 аб’екты і выявіла 1029 парушэнняў патрабаванняў аховы працы. У іх пераліку прэваліруюць допуск да работы людзей без сродкаў індывідуальнай аховы, без медаглядаў, а таксама машын, механізмаў і абсталявання са знятымі засцерагальнымі агароджамі. Дзе-нідзе адсутнічаюць яны і ў механічных майстэрнях гаспадарак на ўчастках мантажу і дэмантажу шын. Вялікую пагрозу ўяўляюць і вароты на фермах, машынных дварах, калі яны не абсталяваныя надзейнымі прыладамі для іх фіксацыі ў адкрытым стане. З-за няўчаснага праходжання медагляду адхіляліся ад работы жывёлаводы

таварыстваў “Нарачанская Ніва 2004”, Свір-Агра”, “Слабадская зара”, “Мядзелаграсэрвіс”, а адказныя асобы за гэта прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу. Кепска тое, што ёсць гаспадаркі, дзе кіраўніцтва не спяшаецца рэагаваць на слушныя рэкамендацыі мабільнай групы. Пра гэта сведчыць хаця б той факт, што ў таварыствах “Зані”, “Слабадская зара” яна толькі сёлета пабывала па пяць разоў і амаль у кожным выпадку фіксаваліся практычна адны і тыя ж недапрацоўкі. Значны ўклад у справу выяўлення і ўхілення вытворчых хібаў уносіць таксама Маладзечанскі міжраённы аддзел Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы.

Як адзначыла Іна Іванаўна, сёлета назіраецца зніжэнне агульнай колькасці як крымінальна-каральных дзеянняў, так і злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку. Менш стала сур’ёзных правапарушэнняў у грамадскіх месцах, скарацілася колькасць крадзяжоў. Ёсць і адмоўныя моманты: прагрэс па лініі эканамічнай злачыннасці, а па лініі крымінальнага вышуку — у сельскай мясцовасці. Нямала праблем прыносяць і злачынствы, учыненыя асобамі ў стане алкагольнага ап’янення. Што датычыць апошніх, то больш за 65 працэнтаў гэта крадзяжы — 13, кіраванне транспартнымі сродкамі нецвярозымі вадзіцелямі — 8, і хуліганства — 5. Увогуле, найбольшая колькасць злачынстваў зарэгістравана ў райцэнтры і на тэрыторыі Нарацкага сельвыканкама — больш, чым па трыццаць. Іх прыкметны рост зафіксаваны ў Сваткаўскім, Свірскім і Занарацкім сельсаветах. Да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне ў п’яным выглядзе і ўжыванне спіртнога ў грамадскіх месцах прыцягнуты 434, дробнае хуліганства — 142, зладзейства — 39, наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання і іншыя гвалтоўныя дзеянні — 45 грамадзян, а за выраб ці набыццё моцных алкагольных напояў (самагону) і захоўванне апаратаў для іх прыгатавання — 23.

Актуальнай задачай з’яўляецца і прафілактыка дарожнага траўматызму. Колькасць зарэгістраваных дарожна-транспартных здарэнняў за 9 месяцаў у параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года скарацілася з 17 да 13, а параненых у іх — з 25 да 14. Аварыі адбываюцца ў асноўным па прычыне незахавання бяспечнай хуткасці руху — 58,1 працэнта ад іх агульнай колькасці. У раёне пастаянна праводзяцца прафілактычныя акцыі “Пешаход”, “Бяспечныя канікулы”, “Тэхагляд”, “Дзеці”, “Цвярозы вадзіцель”, “Хуткасць”, “Колаў менш — небяспекі больш”, “Скрыжаванне”… Менш стала ў нас і пажараў, а вось колькасць ахвяр у іх з адной узрасла да чатырох. Бяда прыходзіць у выніку неасцярожнага абыходжання з агнём, парушэння правілаў эксплуатацыі і абуладкавання печак, электрасетак і абсталявання, дзіцячага свавольства.

Выклікае трывогу сітуацыя з гібеллю людзей ад знешніх прычын — па выніках васьмі месяцаў пайшлі на той свет 23 чалавекі. У параўнанне з леташнім гэта на 6 менш, аднак заспакойвацца не даводзіцца, бо ўзровень смяротнасці перавышае абласны ў паўтара раза. Мы маем па чатыры выпадкі самазабойства і выпадковага атручвання алкаголем, тры — траўмы, звязаныя з транспартнымі сродкамі, па два — забойствы і гібель на пажарах… А для змяншэння іх да мінімуму трэба працаваць і працаваць. Добра тое, што сёлета не дапушчана гібелі людзей у зоне дзеяння выратавальных станцый. Не зафіксавана таксама дзіцячага і дарослага траўматызму ў месцах адпачынку.

Па сутнасці дапоўнілі дакладчыка ў сваіх выступленнях пракурор раёна Іван Малафей, намеснік начальніка РАУС Юрый Жалубоўскі, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Каркоцкі. У прыватнасці, Іван Іванавіч акцэнтаваў увагу на тым, што пры правядзенні рэйдавых мерапрыемстваў амаль ва ўсіх гаспадарках выяўляюцца не адзінкавыя выпадкі парушэнняў працоўнага заканадаўства, заканадаўства аб захаванасці маёмасці і правілаў пажарнай бяспекі. Нярэдкія факты выпівак на рабочых месцах, знаходжання вартаўнікоў на службе “пад мухай”, выпуску вадзіцеляў і механізатараў у рэйсы без медыцынскага агляду. Усё гэта можа прывесці да дарожна-транспартных здарэнняў, пашкоджання маёмасці і прычынення ўрону здароўю грамадзян. Або, як у таварыстве “Слабадская зара”, да канфіскацыі ў даход дзяржавы трактара “МТЗ-82.1”. Там раней механізатара Міхаіла Ходзіна надоўга пазбавілі права кіравання транспартнымі сродкамі за тое, што другі раз на працягу года быў за рулём у нецвярозым стане. Яго перавялі на пасаду слесара рамонтных майстэрань. Тым не менш, хаця ўстаноўлены судом тэрмін яшчэ не закончыўся, 12 ліпеня гэтага года механізатар зноў кіраваў трактарам. І зноў — у нецвярозым стане. Высветлена, што перад выхадам на лінію Міхаіл Ходзін перадрэйсавага агляду не праходзіў, а трактар “МТЗ-82.1” — тэхнічнага. Адсутнічаў і дагавор абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў…

За сур’ёзныя недапрацоўкі на пасяджэнні заслухалі справаздачы старшынь Свірскага сельвыканкама Віктара Субача, Занарацкага — Уладзіміра Зелянкевіча, дырэктара таварыства “Слабадская зара” Сяргея Роўды. У прынятым рашэнні работа шэрагу кіраўнікоў арганізацый і службаў па выкананні патрабаванняў Дырэктывы №1 прызнана недастатковай. Намечаны таксама меры па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны, папярэджанні гібелі людзей ад знешніх прычын з акцэнтам на прафілактыку негатыўных з’яў. У рабоце пасяджэння прыняў удзел і выступіў загадчык сектара сакратарыята Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Павел Чычко.

Павел ЖУКАЎ.



03 лiстапада 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў З пасяджэння райвыканкама

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

0-178 06-043 img_4257 на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси