Выпрабаванне на мужнасць

ПАВАЖАНЫЯ супрацоўнікі аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь!

Віншуем вас са знамянальнай датай — 65-годдзем з Дня ўтварэння службы аховы. Вы выконваеце вельмі важную місію па ахове нашых грамадзян і аб’ектаў. Прафесіяналізм, адказнасць і зладжаныя дзеянні дазваляюць вам выдатна спраўляцца з пастаўленымі задачамі. За шматгадовы вопыт работы вы даказалі надзейнасць сваёй службы.

Жадаем усяму калектыву службы аховы моцнага здароўя, удачы, дабрабыту і далейшых поспехаў у высакароднай справе служэння на карысць жыхароў Мядзель­шчыны! Няхай моц духу і прафесійная ўпэўненасць заўсёды спадарожнічаюць у вашай нялёгкай працы, а ў дамах заўсёды пануюць радасць і шчасце! Мірнага неба, святочнага настрою вам і вашым блізкім!

                                       Раённы выканаўчы камітэт.

                                     Раённы Савет дэпутатаў.

У НЯДЗЕЛЮ Дэпартамент аховы МУС Рэспублікі Беларусь адзначыць 65-годдзе з дня ўтварэння службы. Сталі гісторыяй больш за шэсць дзесяцігоддзяў станаўлення, развіцця і ўдасканалення аднаго з самых мабільных і тэхнічна аснашчаных міліцэйскіх падраздзяленняў. Хто янысупрацоўнікі службы аховы? Пра свой асабісты шлях у прафесію расказвае начальнік аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Аляксей ПРУДНІКАЎ:

— Пагоны насіў мой бацька Анатолій Іосіфавіч. Ён быў марскім афіцэрам, капітанам першага рангу, праходзіў службу на Паўночным флоце на пасадзе камандзіра атамнай падводнай лодкі. Просты хлопец з Балькаўшчызны па прызыве на тэрміновую службу трапіў у марскі флот, служыў у авіяцыі. Таму маё дзяцінства (у прыватнасці, першыя шэсць гадоў) прайшлі ў Мурманскай вобласці. Старэйшы мой брат таксама ў мора хадзіў, праўда, на рыбалоўным судне. А я, прыехаўшы з сям’ёй пасля адстаўкі бацькі на яго радзіму, так на Мядзель­шчыне і застаўся. Адвучыўся ў Свірскай сярэдняй школе, потым — у мясцовым сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі па спецыяльнасці “лясная гаспадарка”.

Хто ці што накіравала вас у іншае рэчышча?

— Напэўна, усё ж такі дзякуючы матулі Валянціне Цімафееўне адразу пасля ліцэя паступіў у Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь на юрыста. Яна, маючы вышэйшую адукацыю (мела за плячыма гістарычны факультэт БДУ), падштурхоўвала і мяне вучыцца. Такім чынам, вучыўся завочна і працаваў. Адразу — аператарам мыйкі машын у адной са сталічных арганізацый, потым, з 2007 года, — ахоўнікам падраздзялення вартавой аховы Мядзельскага аддзялення Дэпартамента аховы. У Мядзел прыехаў ужо з жонкай Алесяй, у хуткім часе нарадзіўся сын Іван. Атрымаўшы дыплом, стаў камандзірам узвода міліцыі. А з верасня 2015 года ўзначаліў аддзяленне.

Калі прыйшло адчуванне, што вы на сваім месцы?

— Мне адразу спадабалася служба, асабліва калі стаў камандзірам узвода. Бачыў вынікі работы, актыўна ўдзельнічаў з таварышамі па службе ў розных спаборніцтвах, і мы не аднойчы перамагалі. Набіраўся вопыту, удасканальваў уменні і навыкі. Яшчэ мне пашанцавала ў тым плане, што заўсёды меў падтрымку жонкі. Яна з разуменнем і раней, і зараз адносіцца да спецыфікі маёй службы. У любы момант дня ці ночы магу сарвацца на працу, а яна не тое што не выказвае незадавальненне, а, наадварот, часта дапамагае сабрацца.

Аляксей Анатольевіч, што значыць для вас насіць пагоны? Гэта цяжка?

— Хутчэй, вельмі адказна. Чалавек, які носіць пагоны, павінен быць мэтанакіраваным, ведаць, чаго хоча, бо даводзіцца пераадольваць рознага плана складанасці падчас службы. Плюс неабходна мець добрую фізічную падрыхтоўку і трывалы маральны падмурак.

Служба выхоўвае сілу, ці трэба мець яе першапачаткова?

— У нас ёсць два варыянты: ці загартуешся, ці ўцячэш. Усё вельмі індывідуальна. Пэўны працэнт “адсеву” ўсё ж такі маецца, не ўсе вытрымліваюць патрабаванні дысцыпліны і так далей. Але мяне радуе, што апошняе наша кадравае папаўненне вельмі дастойнае. Хлопцы — моцныя, загартаваныя, ніякіх праблем з імі.

Нашэнне формы, увогуле служба патрабуюць пэўных абмежаванняў. Калі марыш пра кар’­еру міліцыянера, трэба быць гатовым ад нечага адмовіцца?

— Гэта проста іншы стыль паводзін, выхоўваецца дысцыпліна, унутраная культура. Заўсёды трэба мець акуратны знешні выгляд, пачынаючы ад свежа паголенага твару да адпрасаванай кашулі і стрэлак на форменных штанах. Ды і наогул, разгільдзяй у нас доўга не працягне.

Колькі зараз чалавек у вас працуе?

— Усяго — амаль сотня, сярод іх атэставаных — трыццаць, у тым ліку чатыры афіцэры (разам са мной). Ёсць і вакансіі. І звязаны яны з вельмі сур’ёзным адборам падчас афармлення да нас на службу. Нехта фі­зічна слабаваты, не можа падцягнуцца на перакладзіне, а некаму не хапае цярпення падрыхтаваць пакет дакументаў (напрыклад, паз­біраць характарыстыкі з іншых месцаў працы). Яно можа і не горш, што такія людзі адсейваюцца ўжо на першапачатковым этапе.

А вы можаце пахваліцца сваёй фізічнай падрыхтоўкай?

— Хваліцца — не сціпла, але калі трэба, то разоў дваццаць на турніку падцягнуся ў свае трыццаць два гады. Ды і заўсёды ўсе спартыўныя нарматывы здаваў выключна на “выдатна”. Добрую падрыхтоўку маюць і астатнія хлопцы. Ва ўсялякім разе, найвышэйшы нарматыў у дванаццаць падцягванняў выконваюць усе.

Мядзельскі раён не адносіцца да крымінагенных рэгіёнаў. Гэта аблягчае службу?

— Канечне, нам крыху прасцей. Але расслабляцца гэта не дазваляе. Вось і сёлета папярэдзілі некалькі злачынстваў, калі па сігнале трывогі прыехалі ва ўскрытыя магазіны і там затрымалі зладзеяў. Пранікненні на аб’екты, якія ахоўваем, перыядычна здараюцца. Як разумееце, учыняецца гэта не з лепшых памкненняў — аматараў на чужое хапае. Нарад групы затрымання па сігнале трывогі прыязджае ў тэрмін да сямі хвілін. Звычайна, як паказвае практыка, хапае і трох, крыху больш патрабуецца, каб з аграгарадка Нарач, куды паступіў сігнал, хутка даехаць да курортнага пасёлка.

Можна казаць, што паслуга аховы сярод простых грамадзян набывае папулярнасць?

— Гэта на самай справе так. Людзі ўсё больш актыўна здаюць пад нашу ахову дамы, кватэры, дачы, гаражы. Напэўна, разумеюць, што лепшага сродку ад узломаў пакуль няма. Ды і злодзей, убачыўшы на акне ці варотах надпіс, што аб’ект знаходзіцца пад аховай, ці ўключаную сігнальную лямпачку, наўрад будзе рызыкаваць. Крадуць часцей з аб’ектаў, якія не ахоўваюцца.

З якімі дасягненнямі сустракаеце свята?

— Апошнія гады маем някепскія вынікі. За мінулы 2016 атрымалі трэцяе месца ў вобласці па выніках службовай дзейнасці. Па спорце таксама трэцюю пазіцыю маем. Наша падраздзяленне моцнае, я асабіста ўдзячны ўсім супрацоўнікам — афіцэрам, прапаршчыкам, цывільным — за іх адказны падыход да справы, добрыя адносіны да службы.  Віншую ўсіх са святам, жадаю моцнага зда­роўя, поспехаў і выдатнага настрою не толькі ў святочныя дні.

Матэрыялы да друку падрыхтавала Іна ЯРЧАК

фота Аляксандра Высоцкага.



31 кастрычнiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

06-043 Царква ў Слабадзе Касцёл у Засвіры   возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси