“А карані мае з Мядзельшчыны…”

Да 90-годдзя Галіны Сідзельнікавай, заслужанай артысткі Беларусі, дыктара беларускага радыё.ЧАС бяжыць імкліва. А вось тыя далёкія і імёны, якія высвятляе гісторыя падчас іх юбілейных дат, не павінны знікаць у забыцці, а, наадварот, падтрымліваць у нас непахісную веру ў любоў да айчыны, яе нацыянальных традыцый, павагі да роднай культуры, мовы. Менавіта з кагорты такіх людзей Галіна Феліксаўна Сідзельнікава. Хочацца ўзгадаць тое, што звязана з лёсам гэтай жанчыны, якая некалі сказала: “Я лічу, што карані мае з Мядзельшчыны, з Нарэйшаў…”

Калі мы пацікавіліся звесткамі пра жыццё Галіны Сідзельнікавай, то даведа­ліся, што нарадзілася яна 25 кастрычніка 1927 года ў Мінску, а вось бацька яе, Фелікс Іосіфавіч Місюк, родам з Нарэйшаў. І зараз жывуць тут яго сваякі. Пагутарыўшы з Леангінай Пятроўнай Місюк (жонкай стрыечнага брата бацькі славутай зямлячкі Івана Іосіфавіча Місюка), даведаліся, што ў Мінску зараз дзеці Галіны Феліксаўны — Наталля і Ігар Сідзельнікавы. Яны былі шчыра ўзрушаныя тым, што там, дзе іх першавытокі, пра іх памятаюць. Перш, чым гаварыць пра Галіну Сідзельнікаву, трэба адзначыць, што многае ў жыцці чалавека перадаецца ў спадчыну. Вельмі актыўным, але, разам з тым, і лірычным быў бацька. Ды і ці дзіва? Наўкол такія прыгожыя лясы, гаі, блакітныя азёры. Але пакінуў Фелікс Іосі­фавіч гэтыя мясціны ў пошуках лепшае долі вельмі рана — у чатырнаццацігадовым узросце. Ён трапіў у Пецярбург, дзе працаваў рабочым завода імя Міхельсона, уліўся ў рэвалюцыйны рух, удзельнічаў у штурме Зімняга палаца і быў камандзірам эскадрона ў час грамадзянскай вайны. Потым, калі вярнуўся ў Беларусь, яго чакалі праца на заводзе, вучоба, прычым, ён настойліва займаўся самаадукацыяй. Маці будучай артысткі, Надзея Палікарпаўна, спявала ў хоры Тэатра оперы і балета. Такія вось творчыя здольнасці, актыўная жыццёвая пазіцыя бацькоў і знайшлі свой адбітак у лёсе самой Галіны Феліксаўны.

Сама ж яна ў 1935 годзе пайшла ў школу. Вучобу перапыніла Вялікая Айчынная вайна. Пасля ваенных падзей у 1947 годзе Галіна Сідзельнікава атрымлівае сярэднюю адукацыю і паступае ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. У гэты ж час працуе яна і карэктарам у штабе тылу БВА. Па сцёку жыццёвых абставін у 1950 годзе пакідае вучобу і з 1 лістапада, калі выйшаў у свет першы нумар “Мінскай праўды”, становіцца першым карэктарам гэтай газеты. Тонкае адчуванне мовы дало магчымасць бездакорна апрацоўваць матэрыялы да друку.

Праз пэўны час Галіна Сідзельнікава ўладкоўваецца дыктарам Беларускага радыё, вытрымаўшы перад гэтым вельмі строгі экзамен. Тыя, хто яе ацэньваў, вельмі дакладна ахарактарызавалі яе здольнасці. Народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка адзначыў: “Добрае валоданне беларускай мовай!”. А тагачасны старшыня Дзяржтэлерадыё паэт Генадзь Бураўкін даў  наступную характарыстыку: “Характэрныя рысы Галіны Сідзельнікавай — гіб­касць, эмацыянальнасць, выдатнае валоданне мовай, натхнёнасць, тэмперамент. Прыемны тэмбр голасу, добрае беларускае вымаўленне, прыродная музыкальнасць. Далікатнасць, душэўная цеплыня…”. У 1975 годзе Галіна Феліксаўна атрымлівае званне заслужанай артысткі Беларусі, а ў 1980 годзе яе назначаюць на пасаду кіраўніка аддзела дыктараў радыё.

Калі Галіну Сідзельнікаву папрасілі ўзгадаць найбольш памятныя падзеі ў жыцці, яна расказала, як у 1970 годзе яе камандзіравалі ў Маскву, дзе давялося ладзіць святочную кампазіцыю да 50-годдзя ЛКСМБ. Партнёрам быў славуты дыктар Юрый Левітан. А праз 10 год яны сумесна вялі рэпартаж з плошчы імя Леніна ў Мінску. Дастойнымі людзьмі выраслі і дзеці Галіны Феліксаўны. Дачка Наталля з’яўлялася галоўным рэжысёрам музычных перадач Белтэлерадыёкампаніі. А сын Ігар, юрыст па адукацыі, кандыдат юрыдычных навук, працаваў у кіруючым апараце краіны: намеснікам начальніка Галоўнага юрыдычнага кіравання дзяржкаммаёмасці Рэспублікі Беларусь і начальнікам юрыдычнага кіравання “Белбізнесбанка”. Затым стаў міжнародным юрыстам і доўгі час працаваў у замежжы.

Адзін з былых кіраўнікоў БССР Пётр Міронавіч Машэраў неяк заўважыў: “Калі раніцою ўключаю радыё і навіны чытае Галіна Сідзельнікава, значыць, гэты дзень дакладна будзе ўдалым”. У ціхім водгуллі з далёкае гісторыі гучаць словы заслужанай артысткі Беларусі Галіны Феліксаўны Сідзельнікавай: “А карані мае з Мядзельшчыны…”.

Паліна Малькевіч,

Паліна Марчанка.

Вучаніцы 9 класа

ДУА “Свірскі ВПК д/с-СШ”.

 



26 кастрычнiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   Рэчка Нарачанка        _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси