Асеннія клопаты вузлянцаў

ВОСЕНЬ прыспешвае хлебаробаў, маўляў, варушыцеся: зіма на парозе. Ціскане мароз, выпа­дзе снег, тады крыху адпачнеце. А пакуль выкарыстоўвайце кожную магчымасць, каб папоўніць запасы кармоў для грамадскага статка. Зараз самы час для ўборкі кукурузы. А падмерзне — мала толку з яе будзе…

Разумеюць гэта ў АСП «Вузлянка», а таму і стараюцца механізатары найбольш эфектыўна выкарыстоўваць тэхніку на нарыхтоўцы кармоў. Праўда, дажджы значна ўскладнілі ўборку кукурузы.

— Некалькі дзён не было даж­джу, і глеба крыху падсохла. Гэту акалічнасць імкнёмся выкарыстаць спаўна, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Корзюк. — На ўборцы кукурузы задзейнічаны два «КЗРы», якімі кіруюць Валерый Масевіч і Уладзімір Рачыцкі. На адвозцы масы спачатку былі заняты нашы «МАЗы», імі кіравалі Вячаслаў Клямяціч і Мікалай Русак. А яшчэ ў нас былі памочнікі — працавалі пяць «МАЗаў», якія прыслаў інвестар «Мінскі Камароўскі рынак». З-за пераўвільготненай глебы аўтамабілі выкарыстоўваць стала практычна немагчыма, таму асноўную нагрузку ўзялі на сябе механізатары: Ігар Грыгаровіч, Аляксандр Кавалёнак і Анатолій Захарэвіч. Гэта асноўная сіла. Па магчымасці ўключаем у работу і іншыя трактары.

Аляксандр Вайцехавіч паведаў, што сёлета было пасеяна 300 гектараў кукурузы. Хлебаробы зрабілі ўсё магчымае, каб атрымаць някепскую ўраджайнасць. Праўда, пакуль яна не вельмі радуе: гектар дае ў сярэднім па 241 цэнтнеру масы.

— Пару дзён — і мы закончым уборку кукурузы, — працягвае размову Аляксандр Корзюк. — Засталося гектараў трыццаць.

— Дзе закладваеце сілас? — цікаўлюся.

— Зараз напаўняем чарговую траншэю ля фермы «Пузыры», — чую ў адказ.

Каб атрымаўся якасны корм, масу неабходна добра ўтрамбаваць. Аляксандр Вайцехавіч зазначыў, што гэту важную справу даручылі таксама адказным механізатарам.

— На трамбоўцы задзейнічаны Васілій Гарошка і Юрый Гурло, — кажа аграном. — Паступае кукурузная маса павышанай вільготнасці. Таму дадаём здробненую салому. Непасрэдна ля траншэі паставілі здрабняльнік. Гэтай справай займаецца механізатар Ігар Садоўскі, а падвозіць рулоны Юрый Апанасевіч. А яшчэ дадаём атаву шматгадовых траў.

Аляксандр Вайцехавіч расказаў, што ва ўрочышчы «Вузлянка» падбіраюць валкі атавы. За­зірнулі ў названае месца. Здалёку ўбачылі шмат тэхнікі: магутныя «МТЗ-3022», «КВК-800».

— Стараемся падабраць усю траву, каб зімой рагулі не былі галоднымі, — усміхаецца гаспадар «КВК» Андрэй Грышкевіч. — Ведаеце,
хлопцы адпачываць не даюць. Трава — не вельмі, пакуль напоўніш адзін прычэп, ужо другі чакае загрузкі. І так цэлы дзень. І на фермы зялёнку возім, і ў сіласную траншэю…

Не лішнім будзе сказаць, што ўсе, хто заняты на нарыхтоўцы кармоў, забяспечаны гарачым харчаваннем. Абеды, па словах механізатараў, повары гатуюць смачныя. І плаціць за іх трэба толькі 30 працэнтаў ад кошту. Дбаюць пра людзей у гаспадарцы.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымках: гаспадар “КЗРа” Уладзімір Рачыцкі; ва ўрочы­шчы «Вузлянка» (злева направа) механізатары Аляксандр Кавалёнак, Ігар Грыгаровіч, Андрэй Грышкевіч і Анатолій Захарэвіч.

Фота Аляксандра Высоцкага.



24 кастрычнiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

223_ 84 wjx6x-f4hhi на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси