Слухаць і гаварыць — аснова «Дыялога».

Традыцыйна ў пачатку кастрычніка ў вобласці праходзіць педагагічны марафон. — Цэлы тыдзень, падчас якога вядзецца праца па розных накірунках дзейнасці. Кожны дзень прысвечаны якой-небудзь катэгорыі працаўнікоў. Адным з ключавых з’яўляецца дзень маладога спецыяліста. Трэцяга кастрычніка новых настаўнікаў сустракала Мядзельская сярэдняя школа №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. У гэтым годзе Марафон праходзіць ужо сёмы раз, яго тэма: «Кампетэнтэсны падыход у адукацыі: ад тэорыі да практыкі». З ім жа супадае першая сустрэча ў Школе маладога педагога “Дыялог”, якая працуе на базе раёна.

— Першае пасяджэнне — арганізацыйнае, — распавядае Лілія Вярбіцкая, загадчык раённага метадычнага кабінета, — мы знаёмімся са спецыялістамі, яны — з намі. Для больш канкрэтных вынікаў работы Школы маладога педагога былі распрацаваны анкеты. Нам неабходна дакладна разумець, дзе маладыя педагогі адчуваюць складанасці, і якую дапамогу чакаюць ад нас.

Усяго такіх сустрэч плануецца правесці тры. Пры гэтым, наступная сустрэча Школы «Дыялог» будзе праходзіць падчас зімовых канікул, і асноўная ўвага на ёй будзе ўдзяляцца не столькі правядзенню ўрокаў, колькі арганізацыі пазакласнага часу.

Ірына Глінская, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, распавядае, што апошнія некалькі гадоў колькасць маладых спецыялістаў у раёне моцна зменшылася. Таму тое, што сёлета па размеркаванні прыехала 38 маладых педагогаў — вялікае дасягненне.

— Усе яны атрымалі першыя працоўныя месцы ў адпаведнасці са сваёй адукацыяй і спецыяльнасцямі, — адзначае Ірына Васільеўна. — Па ўмовах калектыўных дагавораў педагогам аказваецца матэрыяльная дапамога для арэнды жылля. Кіраўніцтва навучальных устаноў і прафсаюз не пакідаюць маладых спецыялістаў без увагі. І, у выпадку неабходнасці, гатовы аказаць матэрыяльную дапамогу таксама і для аплаты праезду на працу, закупкі паліва і агародніны на зіму.

Таксама Ірына Васільеўна запэўніла, што працоўныя ўмовы ва ўстановах адукацыі максімальна камфортныя. Школы аснашчаны ўсім неабходным для плённай працы. Абсталяваны камп’ютарныя класы, спартыўныя і трэнажорныя залы. Педагогам прадастаўлена магчымасць харчавацца ў школьных сталовых.

У рамках марафона з маладымі спецыялістамі праводзяцца адкрытыя ўрокі, дзе яны пераймаюць вопыт сваіх старэйшых калег. На гэтых занятках у моладзі ёсць магчымасць задаць настаўнікам пытанні, якія іх цікавяць.

— Гэта прыводзіць да плённага, актыўнага дыялогу, — кажа Лілія Вярбіцкая. — Практыка паказвае, што маладыя спецыялісты зацікаўлены ў такіх уроках. Яны заўсёды актыўна задаюць пытанні, бывае, нават затрымліваюць заняткі. І старэйшыя выкладчыкі з вялікім задавальненнем дзеляцца сваімі ведамі.

Таксама Ірына Глінская пазнаёміла калег з заканадаўчымі асновамі працы маладога спецыяліста. Патлумачыла, як выстройваюцца працоўныя адносіны, фарміруецца заработная плата, адбываецца атэстацыя педработнікаў. І падрабязна распавяла пра функцыі прафсаюзнай арганізацыі.

У завяршэнні дня з маладымі спецыялістамі сустрэўся старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Башко.

— Існуе меркаванне, што да 2050 года знікне больш за дзве тысячы прафесій. Аднак, на дадзены момант прафесія настаўніка адна з самых запатрабаваных. І я ўпэўнены, што выміранне ёй не пагражае. Педагогаў шанавалі заўсёды. Успомніце «На ростанях» Якуба Коласа. Вядома, зараз настаўнікаў стала нашмат больш, але прыемна бачыць, што павага да нас не знікла. І мы павінны яе апраўдваць. Асабліва ў школах раёна, бо, пагадзіцеся, вы можаце не ведаць кагосьці, але вас, настаўніка, ведаюць усе, — падкрэсліў прафсаюзны лідар.

Мікалай Мікалаевіч нагадаў маладым спецыялістам, што ім пашанцавала працаваць у сферы, дзе кожны сам здольны кантраляваць узровень свайго камфорту на рабоце. Не дапускаць залішняга шуму ў класах, самастойна распараджацца сваім часам пасля заканчэння ўрокаў.

— Я прыхільнік таго, каб у педагагічных класах была працоўная, дзелавая абстаноўка, — прадоўжыў Мікалай Башко. — Кажуць, што настаўнік ўжо не той, што раней. Але гэта было б не правільна, калі б ён быў “той”. Дзеці б не зразумелі і не прынялі. Час змяняецца імкліва, і педагог абавязаны таксама хутка прыстасоўвацца, адпавядаць свайму часу, каб заўсёды ведаць, што зараз хвалюе дзяцей. Любоў да сваёй працы і да вучняў — гэта самы верны шлях да прафесіяналізму.

У завяршэнне Мікалай Башко папрасіў маладых калег не замоўчваць праблемы і не баяцца прасіць парады. Бо толькі ў такім выпадку атрымаецца карысны дыялог.

Аляксандра ГАРАЧКА. 



20 кастрычнiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-043 на Блакітных азёрах        Касцёл у Шэметава

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси