Падарункі для немаўлят

З’яўлення на свет маленькага чалавека з радасцю чакаюць матулі і таты. І зусім няважна, якое гэта дзіця па ліку — першае, другое, трэцяе… Яно ўсё роўна вельмі дарагое і жаданае.

Напярэдадні Дня маці ў радзільным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы адбылася ўрачыстая рэгістрацыя нованароджаных падчас выпіскі іх з матулямі дадому. Такім чынам, на аднаго чалавека стала больш у сем’ях Віктара і Лідзіі Малько з Раманаўшчыны, Валянціна і Марыны Яцынаў з г. п. Крывічы. У абедзвюх з’яві­ліся на свет дачушкі. Ім шчаслівыя бацькі пажадалі даць імёны Соф’я і Ніна. Дарэчы, у сям’і Малько гэта другое па ліку дзіця, а ў Яцынаў — трэцяе.

Начальнік аддзела загс райвыканкама Галіна Калмук, звяртаючыся да бацькоў, пажадала выхаваць немаўлят добрымі, спагадлівымі людзьмі, дастойнымі грамадзянамі нашай краіны. “Засталіся ззаду доўгія месяцы чакання гэтага вялікага цуда, і наступіў час радасцей і клопатаў. Таму што бацькоўства і мацярынства — гэта абавязак і вялікая праца. Памятайце: сапраўдная школа сардэчнасці, душэўнай цеплыні, праўдзівасці, прыстойнасці — у сям’і, — падкрэсліла Галіна Іосіфаўна. — А ў ёй галоўныя настаўнікі — вы! Выхаванне дзяцей — ваш самы адказны і цяжкі жыццёвы экзамен. Ад усёй душы жадаю вытрымаць яго з гонарам. Шчасця вам і вашым дзецям!”

Бацькі замацавалі подпісамі акты аб нараджэнні дачушак Сонечкі і Ніначкі. Атрымалі яны і першы дакумент сваіх дзяцей — пасведчанне аб нараджэнні.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

З прывітаннем да малышоў і іх матуль з татамі звярнулася старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Ганна Падгол. Ганна Мікалаеўна павіншавала іх, пажадала немаўляткам расці здаровымі і шчаслівымі, радаваць сваіх бацькоў. А матулям і татам зычыла  выхаваць сваіх дзяцей шчырымі і працавітымі людзьмі, за якіх ім ніколі не будзе сорамна. Цёплыя словы адрасавала старшыня названага грамадскага аб’яднання азёрнага краю і Ілоне Падгайскай, якая падчас Тыдня маці нарадзіла сыночка Кірыла. Акрамя таго, уручыла Ганна Мікалаеўна ад жансавета раёна віншаванні-наказы бацькам нованароджаных.

Атрымалі юныя грамадзяне Беларусі таксама падарункі ад Дацкага Таварыства Чырвонага Крыжа, якія перадала для іх старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Сёмка.

Дарэчы, забіраць сястрычак з радзільнага аддзялення ЦРБ прыехалі разам з татамі  Леначка Малько і Алінка Яцына. Дзяўчынкі вельмі сумавалі па матулях і былі рады спатканню з імі. З дзіцячай непасрэднасцю і цікаўнасцю разглядалі малышкі і сваіх сястрычак.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Фота Аляксандра Высоцкага.



19 кастрычнiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  лебедзі на Мястры Касцёл у Шэметава   Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела