З музыкай — па жыцці | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

З музыкай — па жыцці

Для выкладчыка па класу цымбалаў Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў Вольгі Клімовіч музыка — неад’емная частка жыцця. Без яе жанчына, наогул, не ўяўляе свайго існавання.

Як узгадвае дырэктар ДШМ Алена Касарэўская, Вольга была адной з першых вучаніц, якія авалодвалі ігрой на цымбалах у тагачаснай дзіцячай музычнай школе райцэнтра. А з часам яна так палюбіла гэты інструмент, што і сама вырашыла прысвяціць сваё жыццё навучанню хлопчыкаў і дзяўчынак ігры на ім. Паступіла ў Маладзечанскае музычнае вучылішча. Закончыла яго і па накіраванні вярнулася на радзіму ў сваю родную школу.

Тут яе сустрэлі з радасцю і прынялі ў сваю дружную сям’ю. Вольга Святаславаўна з удзячнасцю ўспамінае сваіх калег, з якімі разам пазнавала веліч мастацтва. І вось ужо трынаццаць гадоў яна дапамагае дакрануцца да чароўнага свету музыкі пачынаючым юным цымбалістам. Вельмі хочацца выкладчыку, каб яе навучэнцы палюбілі гэты інструмент, як некалі і яна сама, і авалодалі сакрэтамі ігры на ім.

Адной са сваіх самых таленавітых вучаніц педагог называе Адэлію Савіцкую. Яна ўжо закончыла музычную школу, але і зараз па-ранейшаму разам у складзе дуэта іграе на сцэне. Хто бачыў іх выступленне, мяркую, як і я, захапляўся віртуознай ігрой педагога і вучаніцы. Дарэчы, Адэлія была ўдзельніцай рэспубліканскага конкурсу імя Жыновіча і прайшла на абласны тур.

— Напэўна, любіце сваю работу? — пытаюся ў Вольгі Святаславаўны.

— Так, — чую ў адказ. — Для чалавека вельмі важна займацца тым, што падабаецца, да чаго ляжыць душа. Мне асабіста ў гэтым плане проста пашанцавала. Работа прыносіць радасць і задавальненне. Цяпер разумею, што маё прызванне — працаваць з дзецьмі, паступова весці іх па прыступках усё вышэй і вышэй у чароўны музычны свет. Вядома, не ўсе могуць стаць таленавітымі музыкантамі, але заўважаць, захапляцца і цаніць вакол сябе прыгожае, яны будуць. А гэта так важна!

Дырэктар Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Касарэўская называе Вольгу таленавітым педагогам і шчырым, душэўным чалавекам. Яна ніколі не адмаўляецца ад прапаноў выступіць на сцэне, дапамагчы калегам. З’яўляецца нязменнай удзельніцай народнага ансамбля народнай песні “Скарбніца”. Акрамя таго, Вольга Клімовіч — яшчэ і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў музычных школ.

— Да свайго грамадскага даручэння ставіцца не фармальна, — кажа Алена Іванаўна. — На кожнае свята стараецца сюрпрыз нам усім падрыхтаваць. Не стаў выключэннем і сёлетні Дзень настаўніка. Хочацца сказаць, што прафесіяналізм педагога не адзін раз адзначаўся граматамі. Ды і замежныя госці, якія чулі гучанне цымбалаў падчас выступлення педагога са сваёй вучаніцай Адэліяй Савіцкай, былі проста ў захапленні. Я маю на ўвазе канцэрт у санаторыі “Прыазёрны”, на якім прысутнічалі пераважна расіяне, а таксама ў НДЦ “Зубраня” падчас адпачынку там сірыйскіх дзяцей, дзе наш дуэт дастойна прадстаўляў мастацтва сінявокай Беларусі.

Засталося дадаць, што Вольга Святаславаўна яшчэ і любячая жонка, пяшчотная матуля, а выхоўвае яна з мужам Даніілам Раманавічам дачку Насцю і сына Мікіту. Маміна любоў да музыкі перадалася і дачушцы, якая з задавальненнем наведвае дзіцячую школу мастацтваў. Толькі займаецца яна па класу фартэпіяна.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
На здымку: выкладчык па класу цымбалаў Вольга Клімовіч са сваімі вучаніцамі Юліяй Шушкевіч, Дзіянай Макарэвіч і Вікторыяй Тункевіч.
Фота Аляксандра Высоцкага.



17 кастрычнiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        img_4257 Царква ў Слабадзе Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси