Там, дзе табе рады

ВОСЕНЬ — выдатны час для таго, каб гуляць каля сярэднявяковых дамоў, сядзець у скверах каля старажытных замкаў, праводзіць гадзіны каля пляцовак вулічных музыкаў. Але што рабіць, калі візы няма, кашалёк глядзіць з дакорам, а Гродна і Брэст вывучанны “на зубок”? У пошуках адказу, я і выбрала для сябе максімальна бюджэтны і займальны варыянт. І ўжо праз тыдзень трэслася ў аўтобусе Мінск — Львоў.

Жыллё браніравала ў спешцы і, шчыра, за дзесяць беларускіх рублёў нічога сур’ёзнага не чакала. Якое ж было маё здзіўленне, калі аказалася, што адно акно майго пакоя выходзіць на велічны помнік барока — храм Святога Юрыя, на званіцы якога знаходзіцца найстаражытны ва Украіне звон — 1341 года. А другое — на класічны львоўскі «глухі» дворык, ва ўнутраным перыметры якога працягнуты балкончыкі. Вокны заўсёды былі расчынены, і раніца пачыналася з бойкага голасу дыктара навін, крыкаў гаспадынь, паху парашка ад развешанай праз пралёты бялізны і водару сняданку. А калі не зачыніць фортку, то вечарам можна знайсці ў сябе на падаконніку суседскага ката. Складана было адшукаць лепшы варыянт, каб акунуцца ў мясцовую атмасферу.

Горад

Львоў створаны для доўгіх пешых прагулак. На якую вуліцу не зазірні — абавязкова натрапіш на маляўнічы фасад. У самых заняпалых дворыках можна адшукаць архітэктурны. Але па-сапраўднаму заблукаць у мяне так і не атрымалася.

Адпраўной кропкай прагулкі варта выбраць парк «Высокі замак». Першыя згадкі пра Львоў у летапісах 1256 года звязанны якраз з гэтым месцам. Парк жа з’явіўся ў XIX стагоддзі, на месцы старой абарончай крэпасці.

Зараз тут на кожным кроку крамы з сувенірамі, а днём не праціснуцца ў натоўпе. Але панарама, якая адкрываецца з вяршыні, таго варта. Толькі выбірайце максімальна зручны абутак, бо пад’ём можа быць цяжкім. «Высокі замак» — адна з лепшых назіральных пляцовак. Калі хочацца больш гарадскога пейзажу, можна падняцца на дах ратушы, якая знаходзіцца ў будынку старога гарадскога савета на Плошчы Рынак — не пераблытаеце. Але будзьце гатовы да чатырох соцень прыступак, і разлічвайце час так, каб не апынуцца наверсе ў пачатку гадзіны. Я паднялася на ратушу акурат да бою звана, які вісіць прама над назіральнай пляцоўкай. Незабыўнае акустычнае ўражанне. Дарэчы, гадзіннік быў зроблены ў 1852 годзе і лічыцца адным з самых старых ва Украіне.

Менш вядомая, але таксама вельмі выгадная панарама адкрываецца са званіцы храма Лізаветы і Вольгі. Сам храм выглядае грозна — паўразбураныя скульптуры на фасадзе, сляды ад куль і снарадаў. Адчуванне, што яму не менш за тысячу гадоў, хоць на самай справе яго пабудавалі ў 1903 годзе, але дзве сусветныя вайны не прайшлі незаўважна.

Да канца дня я нахадзілася так, што ногі не слухаліся. І таму вырашыла пракаціцца на знакамітым львоўскім трамваі. Усе трамвайныя маршруты ў горадзе вельмі маляўнічыя, але было вырашана сумясціць прыемнае з карысным і дабрацца да Лычакаўскіх могілак. Вячэрнія экскурсіі — забава не для слабанервовых. Змрок, рэдкія ліхтары і абсалютная цішыня — прыгожа, але страшнавата. Гісторыя могілак пачынаецца з 1786 года, але першае пахаванне было зроблена яшчэ раней — у 1657-ым. Усяго на могілках можна знайсці да 300 000 помнікаў. Сярод іх багатыя капліцы, грабніцы і скульптуры. Нагуляўшыся па шырокіх пратаптаных дарогах,  сышла на вузкія сцяжынкі і зайшла ў самую глыб могілак. Многія помнікі тут разбураныя, пляцоўкі зараслі травой, але ёсць у гэтым асаблівая прыгажосць. Цікава было хадзіць міма, чытаць надпісы і ўяўляць, кім былі гэтыя людзі амаль пяць стагоддзяў таму.

Для каго прагулкі па могілках — занадта экзатычны від адпачынку, а паказытаць нервы хочацца, ёсць выдатны варыянт — падзямеллі. Самыя папулярныя: падвалы аптэкі-музея, келлі пад Дамініканскім саборам і тунэлі пад касцёлам езуітаў. У апошнім былі месцы, дзе даводзілася паўзці на карачках — сапраўднае выпрабаванне для тых, хто пакутуе на клаустрафобію.

На наступны дзень, я выбрала больш традыцыйны адпачынак і адправілася ў рэзідэнцыю Патоцкіх. Чымсьці яна падобная на палац у Гомелі. Аўтэнтычныя інтэр’еры і мэбля з гісторыяй. Тут не абавязкова браць экскурсію, добразычлівыя жанчыны-кантралёры з задавальненнем раскажуць вам гісторыю кожнай залы.

А калі хочацца разбавіць роскаш, то лепшы варыянт — зазірнуць у “Арсенал”. Сам будынак, які знаходзіцца ў бастыёне прыгоннай сцяны, ужо захапляе. Гэта сапраўдны двухпавярховы зброевы рай для аматараў халоднай (і не толькі) зброі. Калекцыя — адна з самых вялікіх у краіне.

Трэба сказаць, што практычна ва ўсіх гэтых месцах праводзяцца цэнтралізаваныя экскурсіі. І гэта значыць, што кожны ў стане сам спланаваць свой дзень, і няма неабходнасці заказваць комплексныя туры.

 

Ежа

Афармленне кафэ ў Львове — гэта асобны від мастацтва. Рэкламшчыкі імкнуцца пераплюнуць адзін аднаго і робяць усё, каб прыцягнуць турыстаў. «Музей Сала», як першы ў свеце, нават патрапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса. Сярод соцень кафэ ёсць і вядомыя нават за межамі краіны: «Кріівка», «Мазох», «Гасавая Лямпа», «Кава-капяльня». Што самае прыемнае, вычварнасць афармлення ніяк не ўплывае на якасць ежы, пры гэтым цана застаецца ў разумных межах. А ў некаторых кафэ нават не абавязкова нешта заказваць, можна проста зайсці паглядзець.

Самы папулярны варыянт для тых, хто любіць смачна паесці і не развітацца з кашальком — «Пузата хата». Турысты жартуюць, што ў Львоў можна вяртацца толькі за іх кіеўскай катлетай. Цяжка не пагадзіцца.

А калі перад ад’ездам у вас застанецца крыху грыўняў, варта проста прагуляцца па старым горадзе і паспрабаваць розныя прысмакі і стрытфуд, варыянтаў якога вялікае мноства. У якасці сувеніраў традыцыйна вязуць салодкае з «Майстэрні шакаладу» і «Майстэрні карамелі».

Людзі

Добразычлівыя адкрытыя мясцовыя — візітная картка горада. У першую ж раніцу я спусцілася ў краму за малаком, павіталася: “Добры дзень”, і ў адказ пачула: “О! Пане беларуска!”. У выніку, замест таго, каб снедаць, паўгадзіны мела зносіны з прадаўшчыцай, аказалася, у яе ў Беларусі сваякі. І такое паўсюдна. Можна спытаць, як прайсці, а ў выніку цябе за руку правядуць да патрэбнага месца, нават калі чалавеку зусім у іншы бок. Ды яшчэ і міні-экскурсію правядуць, з такімі падрабязнасцямі, якія могуць быць вядомыя толькі мясцовым, і гісторыі з жыцця раскажуць: у якім дворыку ўпершыню пацалаваўся, а дзе прапанову жонцы зрабіў.

Дзяўчына-экскурсавод доўга захаплялася тым, што я: а) з Беларусі (ну любяць яны нас); б) добра разумею ўкраінскі. А ў выніку атрымалася так, што наша група зачаравала яе. І пасля заканчэння экскурсіі яна яшчэ паўтары гадзіны вадзіла нас па незапланаваных месцах.А самым яркім і паказальным было маё развітанне з горадам. Да цягніка заставалася ўсяго гадзіна, і я ўжо зашнуроўвала боты, калі адна з пастаянных жыхарак хостэла дагнала мяне ў калідоры.

— Сашанька, а вы куды?

— Дадому.

— Дадому? А як жа боршч?

І ўгаворвала мяне па-хуткаму пачаставацца талерачкай сапраўднага ўкраінскага баршчу. Я потым яшчэ доўга шкадавала, што адмовілася.

У гэтым уся сутнасць «амаль еўрапейскага» горада Львова: неверагодна ветлівыя людзі, прыгожая архітэктура і смачная ежа. А галоўнае, адчуванне таго, што табе тут рады.

Аляксандра ГАРАЧКА.

Фота аўтара.



07 кастрычнiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Падарожжы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Фотападарожжа

Лебедзі на Нарачы лебедзі на Мястры Царква ў Слабадзе dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси