Зямля бацькоў — зямля дзяцей

Лічыцца, што вялікі патрыятызм пачынаецца з малога — з любові да таго месца, дзе жывём. Дарэчы, такой думкі прытрымліваюцца і многія вучні Будслаўскай сярэдняй школы імя Паўліны Мядзёлкі. Яны самым цудоўным месцам на зямлі лічаць сваю маленькую радзіму — аграгарадок Будслаў, Пузыры, іншыя населеныя пункты, дзе нарадзіліся і праводзяць лепшыя гады жыцця. Менавіта і першая спроба пяра васьмікласнікаў — пра любыя сэрцу куточкі. З іх тры паведамленні пра Будслаў, адно — пра Пузыры.Як сведчаць летапісы, дзякуючы цудоўнаму аб’­яўленню Маці Божай пустэльня на Сэрвачы стала вельмі папулярнай. У хуткім часе тут была пастаўлена драўляная капліца, у якой змясцілі абраз Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, прывезены з Вільні. А само святое месца стала называцца Будаю, Будславам. І сёння гонарам населенага пункта застаецца касцёл бернардзінцаў — Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Некалькі гадоў таму святыні нададзены тытул Базілікі Меншай, а Маці Божая Будслаўская абвешчана Апякункай Беларусі. Будслаў вабіць вандроўнікаў і адпачываючых, захапляе хараством тутэйшых мясцін. Вылучаецца прыгажуня Сэрвач, на беразе якой размясціўся аграгарадок. Я яе вельмі люблю. Нездарма кажуць, што для кожнага чалавека найдаражэйшая рака — рака яго дзяцінства. За Сэрваччу раскіну­ліся заліўныя лугі. Яны пакрыты густой травой, кветкамі. У паветры стаіць пчаліны перазвон. Пахне мёдам. А па другі бок населенага пункта расце лес. Хораша ў ім! Паветра чыстае, пахне хвоямі, на розныя галасы заліваюцца птушкі. Будслаўшчына — шчодрая на таленты зямля. Ураджэнкай мястэчка з’яўляецца адна з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі ў аднайменнай п’есе Янкі Купалы Паўліна Мядзёлка. З яе лёгкай рукі дзяўчына з суседняга Палесся — Галіна Бальчэўская — таксама звязала свой лёс з тэатрам. Галоўнае багацце аграгарадка — сённяшнія будслаўчане. Іх працавітыя рукі робяць яго больш багатым і прывабным. За ўсе твае дары, за прыгажосць я люблю цябе, мой Будслаў, і ганаруся табой.

Аляксей РУДКОЎСКІ.

♦ ♦ ♦

Здалёку бачна купалы вядомага ў свеце Будслаўскага касцёла. Непаўторны і дзіўны кут вабіць сюды людзей. Гэта святое месца з багатай гісторыяй. Напачатку была пабудавана невялікая “старожка-буда”, адсюль і пайшла назва населенага пункта. У 1732 годзе вялікі князь Аўгуст Моцны надаў Будславу статус мястэчка. Штуршком для яго далейшага развіцця стала пракладзеная чыгуначная лінія паміж Полацкам і Маладзечнам. Рака Сэрвач таксама дапамагала мясцовым жыхарам. Па ёй перапраўлялі драўніну, займаліся рыбнай лоўляй. Сёння Будслаў — прыгожы аграгарадок. Яго цэнтр упрыгожвае парк, дзе знаходзіцца помнік воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць таксама сельскі Дом культуры, бібліятэка, кафэ, магазіны, сярэдняя школа, лясніцтва, аддзяленні паштовай сувязі і ААТ “Беларусбанк”. У будынку маёнтка пана Аскеркі размяшчаецца ўрачэбная амбулаторыя, непадалёку ад яе — дзіцячы сад. З прамысловых прадпрыемстваў на тэрыторыі Будслаўскага сельсавета знаходзіцца УП “Ілаўскае”. Будслаўскую зямлю праслаўлялі вядомыя выхадцы: дзяржаўны дзеяч БССР Іван Васілевіч, спявак, арганіст і кампазітар Іахім Глінскі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Паўліна Мядзёлка. У цяперашні час  старшынёй райвыканкама працуе ўраджэнец Будслава Анатолій Вайнілка. Слаўная і багатая гісторыя ў нашага аграгарадка. Я ганаруся тым, што жыву на зямлі, дзе знаходзіцца Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай — заступніцы ўсёй Беларусі. І нездарма гавораць, што ўсе шляхі вядуць у Будслаў.

Максім Грузд.

♦ ♦ ♦

Будслаў — край маляўнічых пейзажаў, працавітых, гасцінных людзей і велічнага старажытнага касцёла. Самае вядомае месца ў аграгарадку — касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, пабудаваны ў XV стагоддзі. Паводле падання, населены пункт напачатку меў назву Слаўная Буда. Шмат ёсць легенд пра абраз Маці Божай і яе дапамогу людзям у розных жыццёвых сітуацыях. Мабыць, таму на зямлі, якую апякае Маці Божая, нарадзіліся добрыя, гасцінныя і сціплыя людзі. Многія з іх праславілі сваю малую радзіму і Беларусь. У аграгарадку  шмат садоў, разнастайных кветак і прыгожых двароў. Яго самае цудоўнае месца — цэнтр. Тут знаходзяцца кафэ “Паўлінка”, будынак сельскага Дома культуры і бібліятэкі, стары парк і касцёл. Як сонечныя прамяні, адыходзяць ад цэнтра вуліцы: 1 Мая, Паштовая, 17 верасня, Зялёная і іншыя. На першай з іх размяшчаецца музычная школа, на другой — сярэдняя школа імя Паўліны Мядзёлкі. Ёсць у родным кутку і шмат таямнічых месцаў. Напрыклад, каля аграгарадка знаходзяцца парк і маёнтак пана Аскеркі. На жаль, захаваўся толькі будынак, дзе размяшчаецца амбулаторыя. Многія чулі, як ноччу там раздаецца музыка, гучаць галасы. Шмат Будслаў зведаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Пра яе і сёння напамінаюць помнік воінам, якія загінулі, а таксама двое яўрэйскіх могілак. Будслаў уражвае турыстаў, здзіўляе багатай гісторыяй. Запрашаю наведаць мой родны край!

Дар’я ЮХНЕВІЧ.

♦ ♦ ♦

Я нарадзіўся ў Будславе. Для мяне гэта вельмі дарагая і цікавая мясціна. Пад’язджаючы да аграгарадка, здалёк бачны касцёл, які стаіць шмат стагоддзяў. Ён — помнік архітэктуры. Гісторыя сведчыць, што цудоўнае аб’яўленне Маці Божай айцам-бернардзінцам адбылося на гэтым месцы ў 1588 годзе. Здаўна 1 і 2 ліпеня ідуць сюды з усіх куткоў Беларусі і з-за яе межаў пілігрымы. Едуць на транспарце, крочаць па сто і больш кіламетраў пя­шком, каб аддаць хвалу і пашану Маці Божай Будслаўскай. У аграгарадку ёсць усё неабходнае: урачэбная амбулаторыя, дзіцячы сад, Дом культуры і бібліятэка, некалькі мага­зінаў. А яшчэ школа, якая месціцца ў прасторным трохпавярховым будынку. Яна вельмі цёплая і ўтульная, а працуюць там душэўныя і добрыя настаўнікі. У рацэ Сэрвач, якая працякае за Будславам, водзіцца рыба. А таямнічы бор дорыць людзям свае шчодрыя дары — грыбы і ягады, прыносіць поспех паляўнічым. Зямля, дагледжаная стараннымі і руплівымі рукамі хлебаробаў, дае багаты ўраджай. За ўсё гэта я вельмі люблю наш аграгарадок. Лічу сябе шчаслівым чалавекам, бо тут жыву. Перакананы, што такога цудоўнага населенага пункта, як у нас, больш нідзе няма.

Ілья ЗАЛАТУХА.

♦ ♦ ♦

Я жыву ў Пузырах. Цяпер гэта аграгарадок. А месціцца ён у краі сінявокай Нарачы, славутага Будслава. Населены пункт знаходзіцца ў вельмі прыгожым месцы. Непадалёку ад яго шумяць лясы, багатыя на грыбы і ягады. Кожную вясну Пузыры патанаюць у квецені садоў і дыване з разнастайных кветак. Паводле падання, назва вёскі пайшла ад імёнаў братоў, якія першымі тут пасяліліся. А гэта Паўлюка, Захара і Рыгора. Раней была тут сярэдняя школа. З яе дзвярэй выйшла ў свет шмат добрых, працавітых людзей. Многія і цяпер сваёй руплівасцю праслаўляюць сваю малую радзіму. Выхадцам з Пузыроў з’яўляецца паэтка, вершы якой неаднаразова змя­шчаліся на старонках раённай газеты “Нарачанская зара”, Святлана Роўда. Тут здаўна жыло шмат людзей з залатымі рукамі, якія маглі ўсё неабходнае змайстраваць самі. Жыхары Пузыроў заўсёды былі надзвычай дружнымі. Яны пастаянна прыходзілі адзін аднаму на дапамогу падчас бяды, падбадзёрвалі, падтрымлівалі. Мае землякі годна адстойвалі свабоду і незалежнасць Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Многія змагаліся з ненавісным ворагам у партызанскіх атрадах, на фронце. За гэта ім наша пашана і хвала! Накіраваўшыся з населенага пункта на ўсход, можна патрапіць у Будслаў. А калі паедзеш на захад, завітаеш у райцэнтр. Як і любы чалавек, які любіць сваю малую радзіму, запрашаю ўсіх наведацца ў Пузыры. Каб на свае вочы пабачыць хараство і прыгажосць нашых мясцін. Пацешыцца разам са мной, што ёсць такі цудоўны куточак на зямлі.

Ілья ГРЫШКЕВІЧ.



06 кастрычнiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Нам пішуць

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_dsc1133-3 возера Глубелька  возера Мястра

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси