ТАМАРА МІНЧУК: “УСЕ ПРАЦУЮЦЬ СТАРАННА”

ХТО б спрачаўся: вынікі працы аграрыяў моцна залежаць ад надвор’я. Бо поле — не офіс, у якім не высахне ды не вымакне. Але і ў сельскай гаспадарцы нельга скідваць з рахунку чалавечы фактар. Гэта добра разумеюць у ААТ “Сваткі”. Па стане на ўчарашнюю раніцу там з запланаваных 850 га пасеялі 615 (300 га пшаніцы, 250 — трыцікале, 65 — жыта). 

Днямі мы пабывалі ў гаспадарцы.

Тры адзінкі тэхнікі працавалі ва ўрочышчы Васілёў Хутар. Валерый Роўда “Амкадорам” збіраў каменне. Глебу да сяўбы рыхтавалі Сяргей Звяруга (“Фэндт”з дыскатарам) і Мікалай Субач (“Беларус-3022” з дыскатарам).
— Як працуецца? — пацікавіліся мы.
— Гектараў па трыццаць за дзень зрабіць паспяваю, — адказаў Сяргей.
— Тут пры пясочку, дык працаваць можна, — далучыўся да размовы Мікалай. — А ёсць палі, дзе вада стаіць. Каб не дажджы, да гэтай пары адсеяліся б. Ды сёлета ўсё затрымалася: і веснавая пасяўная, і жніво… Пастараемся хутчэй адсеяцца — не будзе ж зямля пуставаць…
***
Ва ўрочышча Дубавое, дзе вялася сяўба трыцікале, прыехалі надвячоркам. Але дахаты ніхто з механізатараў пакуль не збіраўся. Глебу рыхтаваў Аляксандр Кашурэнка. На сяўбе быў заняты Віктар Сівіцкі (“Беларус-826” з сеялкай “СЗУ-3,6”), а збожжа падвозіў Кірыл Карабейнікаў.
— Сёння за дзень мяркую пасеяць дваццаць тры гектары, — расказаў Віктар. — Пакуль дадому — дык і цёмна будзе.
***
— Многае цяпер залежыць ад надвор’я. Людзей і тэхнікі ў нас хапае. Нікога з механізатараў не магу вылучыць: усе адказныя, працуюць старанна, якасна, — кажа галоўны аграном гаспадаркі Тамара Мінчук. — Большасць мае вялікі вопыт. А вось Кірыл Карабейнікаў — яго вы толькі што бачылі — уладкаваўся да нас зусім нядаўна, але ўжо добра сябе зарэкамендаваў. Хлопец мясцовы, сёлета адслужыў у войску…
— Калі ласка, назавіце занятых на пасяўной механізатараў, з якімі мы сёння не сустрэліся.
— На трактары “Беларус-3022” з шасціметровай сеялкай “АППМ-6” працуе Ігар Янэль. На ўзорванні глебы заняты Уладзімір Швайкоўскі (“Беларус-3522” з плугамі “Рабэ”) і Сяргей Герасімовіч (“Беларус-3022” з “ППА 8-40”).
Наталля ЛІСІЦКАЯ.

ПРА ход пасяўной у гаспадарках Мядзельшчыны расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама-начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір ДЫТКО:
— Добры тэмп работ у “Занях”, дзе на раніцу 26 верасня засеяна 80% ад запланаваных плошчаў. У “Сватках” і “Будслаўскім” маюць па 72%. А вось адстаюць “Свір-Агра” (32% ад плана), “Пруднікі-Агра” — (43%), “Нарачанская Ніва 2004” (44%)…
Асноўныя фактары запавольвання тэмпаў работ — як умовы надвор’я (яны яшчэ нядаўна перашкаджалі сяўбе), так і арганізацыйныя недапрацоўкі. Апошнія маюць месца там, дзе слабая тэхналагічная дысцыпліна, дзе кіраўнікі і спецыялісты надаюць недастаткова ўвагі арганізацыі вытворчасці. Між тым ёсць патрабаванне: у сем раніцы ўжо быць на полі і ў восем вечара яшчэ быць на полі. Найлепш арганізацыйныя пытанні вырашаны ў Сватках і Дзягілях.
Стрымлівае сяўбу незавершаная ўборка саломы. Неабходна павялічыць тэмпы — а гэта звязана з правільным размеркаваннем трактароў. У кожнай гаспадарцы трэба вызначыць, дзе сканцэнтраваць тэхніку, каб у поўным аб’ёме выканаць работы па звозцы саломы, узорванні і падрыхтоўцы глебы, сяўбе.
Што да ўзорвання — ёсць пытанні па своечасовым рамонце і аптымальным выкарыстанні энерганасычаных трактароў. Па прычыне недастатковай колькасці механізатараў не заўсёды магчыма арганізаваць работу ў дзве змены. Таму асабліва важна задзейнічаць тэхніку ўвесь светлавы дзень.
У асобных гаспадарках недастатковымі тэмпамі вядзецца ўнясенне ўгнаенняў. Па фосфарных недапрацоўваюць “Занарацкі”, “Пруднікі-Агра” і “Нарачанская Ніва 2004” — нягледзячы на тое, што ўгнаенні ёсць. Па калійных — “Слабадская зара”, “Будслаўскае”, “Зані”, “Занарацкі”. Між тым прамаруджванне негатыўна адаб’ецца на ўраджаі наступнага года…



27 верасня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

0-170 Касцёл у Засвіры   Рэчка Нарачанка        dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси