Край беларускага сэрца — Мядзельшчына

АЎТАРЭСТАЙЛІНГ, караоке-пляцоўка, конкурс гарманістаў, ушанаванне сямейных пар, прэзентацыі, конкурсы… Мядзяльчане і госці райцэнтра з размахам адзначылі ў суботу Дзень горада “Наш светлы дом адкрыты для гасцей”.
Святочныя пляцоўкі, якія ў гэты дзень разгарнулі сваю работу ў цэнтры горада, задавальнялі самыя розныя інтарэсы як дарослых, так і дзяцей. Не бяруся пералічыць усе, спынюся ж на некаторых, з дапамогай якіх можна адчуць усю ўрачыстасць свята, яго непаўторнасць і маштабнасць.

ЧАС І ЛЮДЗІ
Чым адметны наш горад? Думаю, пагадзіцеся, калі скажу, што ў першую чаргу — жыхарамі. Тымі, якія стваралі яго, і тымі, дзякуючы якім ён мае сучаснае аблічча. Калі звяртацца ў мінулае, то вельмі дарэчы будзе днямі зазірнуць у бібліятэкі Мядзельшчыны за новай кнігай пад назвай “Край беларускага сэрца — Мядзельшчына”, прэзентацыя якой адбылася якраз на свяце. Там — гісторыя, геаграфія, архіўныя звесткі, фотаздымкі і імёны, шмат імён, якія праславілі нашу Мядзельшчыну. Аўтар кнігі — Ігар Пракаповіч, які жыве і працуе на суседняй Пастаўшчыне, аднак сур’ёзна цікавіцца і Мядзельскім раёнам, бо адсюль яго карані. Кніга атрымалася сапраўднай энцыклапедыяй — больш за 650 старонак. Таму не дзіўна, што ў такой стваральнай працы ў аўтара былі дапамагатыя. На прэзентацыі іх адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Словы падзякі за работу прагучалі ў адрас загадчыцы цэнтральнай раённай бібліятэкі Таццяны Нырцовай, дырэктара музея народнай славы Наталлі Бурак, мастацкага кіраўніка народнага клуба аматараў песні “Верасень” гарадскога Дома культуры Стэлы Івановай, бібліятэкатара гарадской гімназіі Людмілы Несцяровіч. А вось больш падрабязна пра гісторыю стварэння кнігі і яе асаблівасці чытачы змогуць даведацца ў інтэрв’ю з самім аўтарам, якое будзе надрукавана пазней.
Традыцыйна на свяце ўшаноўваюцца самы юны і самы сталы жыхары горада. Віншаванні і падарункі ад старшыні раённага аддзялення грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Вячаслава Клімовіча на гэты раз атрымала Вольга Езэпчук, у якой 11 верасня нарадзіўся Марк (дарэчы, трэці сын). А вось самай пажылой мядзяльчанкай з’яўляецца Ядвіга Іванаўна Самко, якая перасягнула 98-гадовы жыццёвы рубеж.
Цікавасць у гледачоў выклікае і цырымонія ўшанавання сямейных пар, якія адзначаюць юбілейныя даты з дня рэгістрацыі шлюбу. Каханне, загартаванае гадамі, прадэманстравалі Аляксандр і Ганна Падголы, якія адзначаюць 25-годдзе сумеснага жыцця. Жамчужнае вяселле, ці 30-гадоў трывалага шлюбу, святкуюць у гэтым годзе Сяргей і Людміла Антановічы. Сорак гадоў разам па жыццёвай сцяжынцы крочаць Уладзімір і Ніна Мялешкі. З залатым юбілеем — 50-годдзем сумеснага жыцця — супрацоўнікі аддзела загс Галіна Калмук і Галіна Красоўская віншавалі Мікалая і Клаўдзію Кулакоў. Кветкі, падарункі, памятныя пасведчанні, вальс і фота на памяць. Думаецца, што ўрачыстая цырымонія надоўга застанецца ў памяці як удзельнікаў урачыстасці, так і гледачоў.
З ГАСПАДАРСКІМ
ПАДЫХОДАМ
У рамках свята горада адбылося падвядзенне вынікаў конкурсу “Лепшы падворак”, дзе ацэньваўся ўклад жыхароў Мядзела ў добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый горада і наданне ім эстэтычнага выгляду. Як адзначыла намеснік дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі Іна Толак, якая абвяшчала вынікі, кандыдатаў на прызавое месца было шмат. Радуе, што многія мядзяльчане надзяляюць гэтаму пытанню шмат увагі, прычым наводзяць прыгажосць з творчым і індывідуальным падыходам. Пераможцамі ж конкурсу былі прызнаны жыхары дваровай тэрыторыі дамоў № 40-42 па вуліцы Кастрычніцкай райцэнтра, якія не знаходзяцца на тэхабслугоўванні ў мясцовым камунгасе. Знаёмлюся з жыхаркай, якая паднялася на сцэну за заслужанай узнагародай:
— Людміла Ходзіна, — прадстаўляецца жанчына. — Гэта перамога — заслуга гаспадароў яшчэ трох кватэр: Сяргея і Лідзіі Папко, Таццяны Атрошчанкі і Мікалая Карабейніка. Стараемся, каб наш двор быў акуратным і ўтульным. Што ацаніла журы? Мы самі адрамантавалі дах, пафарбавалі фасад, лаўкі ўсталявалі, ліхтарыкі. Прыемна, што нашы старанні заўважылі.
НЯЗГАСНАЯ ПАМЯЦЬ
Пакуль у цэнтры горада гучалі песні, каля брацкай магілы па вуліцы Юбілейнай адбыўся мітынг-рэквіем. Удзячныя гараджане сабраліся, каб ушанаваць памяць абаронцаў нашага краю, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны ахвяравалі свае жыцці дзеля таго, каб іх нашчадкі сёння маглі цаніць мірнае неба, адчуваць напоўненасць і радасць кожнай хвіліны, марыць, планаваць… У памятным мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня раённых арганізацый грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” і Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Юрый Мяркулаў, першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ” Марына Апанасёнак. Тут жа адбыўся ўрачысты прыём у рады ГА “БРСМ”. Значкі і білеты грамадскага аб’яднання ў гэты дзень атрымалі Ангеліна Апановіч, Ягор Чарняўскі, Лізавета Надтачэева, Марыя Жыхар, Паліна Травіцкая, Яніна Шаўчэнка, Яўген Дабранскі, Дар’я Адамовіч, Раман Бабровіч і Артур Тузаў.
МЯДЗЕЛ —
ГОРАД КРЭАТЫЎНЫ
Так, выдумкі і крэатыву таксама на свяце хапала. Чаго толькі варты конкурс святочнага ўбранства службовых аўтамабіляў арганізацый і ўстаноў горада (так званы аўтарэстайлінг)! Праўда, смеласці і таго самага крэатыву хапіла толькі васьмі прадстаўнікам. Сярод іх — філіял КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ-133”, райПО, Мядзельская ЖКГ, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, цэнтральная раённая бальніца, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, вузел электрасувязі РУП “Белтэлекам”. Конкурс праходзіў упершыню і
выклікаў непадробны інтарэс і ў гледачоў, і, як аказалася з далейшай размовы, удзельнікаў. Павел Данільчук, вадзіцель ЦРБ, адразу згадзіўся паўдзельнічаць у конкурсе. Расказвае, што работа прыбраць аўтамабіль была калектыўнай. Разам прыдумвалі вобраз, нехта маляваў вусны для іх Машанькі, нехта шыў стылізаваную спаднічку. Працэс захапіў многіх, таму конкурс прадстаўнікам
медустановы падаўся вельмі цікавым. Напрыклад, аўтамабіль Мядзельскага ТЦСАН ехаў пад дэвізам “Наша работа — о людях забота”. Уразіў прысутных і аўтамабіль-удзельнік ад ЖКГ — цэлы смеццявоз. Але які! Такі вы не ўбачыце ў сваіх дварах, толькі на конкурсе аўтарэстайлінгу. Не буду апісваць усе аўтамабілі, прыходзьце самі на наступны год убачыць усё на свае вочы ці пытайцеся ў відавочцаў. Пераможцу выбіралі шляхам галасавання тут жа на плошчы: кідалі паперкі з адпаведнымі нумаркамі ў скрынку. Ну а паколькі на свяце прысутнічала шмат школьнікаў, то вынікі сталі досыць прадказальнымі. Перамог “Жыгулёнак” аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама! Прынамсі, прычына перамогі — не мая здагадка, пра гэта казалі самі работнікі аддзела. Як на маю думку, то сярод удзельнікаў не было лепшых і горшых, кожны атрымаў шмат увагі і зацікаўленых, нават захапляльных позіркаў і водгукаў.
МЯДЗЕЛЬСКІ ГАРМОНІК
Гэты конкурс, без перабольшвання, аказаўся самым звонкім, вясёлым, з моцнай энергічнай падачай. А ўдзельнікі! Адно задавальненне назіраць, як яны віртуозна перабіраюць кнопкі і клавішы сваіх баянаў, гармонікаў і акардэонаў, каб уразіць гледачоў і членаў журы. Дарэчы, судзілі музыкаў дырэктар музычнай школы г. Мядзела Алена Касарэўская, вышэйузгаданы Юрый Мяркулаў і выконваючая абавязкі дырэктара ДУ “Мядзельскі ТЦСАН” Наталля Шаранговіч. Назаву і ўдзельнікаў. Гэта ансамбль “Суседзі” з аграгарадка Занарач, сольна выступаў удзельнік ансамбля Аляксандр Усовіч, а яшчэ Валерый Драгун з Ілава з жаночай групай падтрымкі, Пётр Маўчан са Сватак і інструментальны квінтэт з Нарацкай дзіцячай музычнай школы мастацтваў у складзе Мікіты Гурскага, Мікіты Бепершча, Паўла Навіцкага, Аліны Ліхач і Арцёма Лушчыка пад кіраўніцтвам свайго нястомнага выкладчыка музыкі Уладзіміра Калекі.
Усе канкурсанты — людзі творчыя, натхнёныя, з радасцю дзеляцца сваёй жыццярадаснасцю і аптымізмам. Інакш сярод музыкаў і не бывае, іх талент не ведае стомы, і кожны мае сваю адметнасць, глыбіню. Не дзіўна, што ад выканання полек і лявоніх ногі самі прасіліся ў скокі, а прафесійнае валоданне клавіятурай зачароўвала. Таму выбраць пераможцу аказалася справай дастаткова складанай. Аднак, журы вырашыла прыз уручыць юным выканаўцам, і ў гэтым, безумоўна, ёсць свая справядлівасць. А вось Аляксандр Усовіч па выніках конкурсу атрымаў ганаровую магчымасць прадстаўляць Мядзельшчыну на абласным фестывалі-конкурсе “Ветэранскі гармонік”, які ў кастрычніку адбудзецца ў цэнтральным Доме ветэранаў у сталіцы. Пажадаем яму поспехаў і натхнення для перамогі.
***
Адкрасавала свята, імкліва праімчала, адгукнуўшыся ў святочных перазвонах гарадскіх храмаў, зазірнуўшы ў творчую майстэрню людзей з абмежаванымі магчымасцямі, на дзіцячыя пляцоўкі, далучыўшыся да тэатралізаваных экскурсій па горадзе, датыкнуўшыся да рыдлёўкі ў гістарычнай пясочніцы… Засталіся ўспаміны і ўпэўненасць, што ўсе мы — родныя, блізкія і маем гонар любіць Радзіму.
Іна ЯРЧАК.



27 верасня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

84 на Блакітных азёрах        1-12 dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси