Рамонт жыллёвага фонду: за чый кошт?

Многія чытачы не ведаюць, якім чынам ажыццяўляецца планаванне і правядзенне капітальнага рамонту жыллёвага фонду. Вось і ўзнікаюць часам неапраўданыя скаргі наконт таго, што дом суседа чамусьці рамантуецца, а іх — не. Растлумачыць узнікшую сітуацыю дапаможа прапанаванае ніжэй інтэрв’ю з начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Жаннай АПАНОВІЧ:

— Пачну з таго, што ў адпаведнасці з пунктам 25 артыкула 1 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, капітальны рамонт — гэта жыллёва-камунальная паслуга па ўзнаўленні асноўных фізіка-тэхнічных, эстэтычных і спажывецкіх якасцей жылога дома, яго канструктыўных элементаў, інжынерных сістэм, страчаных у працэсе эксплуатацыі. Парадак планавання і правядзення капітальнага рамонту жылых дамоў у цяперашні час рэгулюецца Палажэннем аб парадку планавання, правядзення і фінансавання капітальнага рамонту жыллёвага фонду, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 красавіка 2016 года № 324 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку планавання, правядзення і фінансавання капітальнага рамонту жыллёвага фонду”. У адпаведнасці з гэтым дакументам, правядзенне капітальнага рамонту жылых дамоў, іх канструктыўных элементаў, інжынерных сістэм ажыццяўляецца на падставе перспектыўных (на пяць гадоў) праграм і бягучых (на адзін год) графікаў. Пры гэтым бягучыя графікі складаюцца з улікам фінансавых, матэрыяльных рэсурсаў, якія маюцца ў наяўнасці для правядзення рамонтных работ. Прычым яны ў першую чаргу накіроўваюцца на заканчэнне работ па капітальных рамонтах тых аб’ектаў, якія з’яўляюцца пераходнымі.
— Графікі рамонту жыллёвага фонду, напэўна, ёсць ва ўсіх раёнах?
— Так. Перспектыўныя праграмы і бягучыя графікі капітальнага будаўніцтва райвыканкамы зацвярджаюць на сваіх пасяджэннях у перыяд да 1 лютага. Напрыклад, на бягучы год такі графік у нас, на Мядзельшчыне, зацверджаны рашэннем раённага выканаўчага камітэта № 95 ад 31 студзеня 2017 года. Дадзены спіс быў надрукаваны ў раённай газеце “Нарачанская зара”. На афіцыйным сайце райвыканкама таксама ў раздзеле “Жыхарам” змешчана інфармацыя аб чарговасці правядзення работ па капітальным рамонце жылфонду. Сфарміраваны і перспектыўны план правядзення работ, які ўключаны ў праграму “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2016-2020 гады. У цяперашні час, згодна з бягучым графікам капітальнага рамонту на 2017 год, вядуцца работы па капітальным рамонце двух дамоў №2 і №6 па вуліцы Кастрычніцкай у к. п. Нарач. Акрамя таго, рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на рамонт дахаў жылых дамоў № 30 і № 32 па вуліцы Кастрычніцкай у г. Мядзел і праводзіцца тэхнічнае абследаванне дома № 22 па вуліцы 17 верасня ў г. Мядзел. Дарэчы, трэба памятаць, што згодна з названымі графікамі капітальна рамантуецца толькі жыллё, якое знаходзіцца на абслугоўванні ва УП “Мядзельская ЖКГ”.
— Якім чынам вызначаецца неабходнасць правядзення капітальнага рамонту жылых дамоў і ўключэнне іх у перспектыўныя праграмы і бягучыя графікі?
— Толькі на аснове тэхнічнага стану жылога дома ў цэлым, а таксама яго канструктыўных элементаў і інжынерных сістэм. Тэхнічны стан жылога дома вызначаецца арганізацыямі, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду і (альбо) прадастаўляюць жыллёва-камунальныя паслугі, на падставе праведзенага ў адпаведнасці з заканадаўствам яго абследавання.
— Жанна Сцяпанаўна, калі вас правільна зразумела, сродкі на фінансаванне аб’ектаў лімітаваны. Скажыце, калі ласка, а ці можна адрамантаваць запланаваны ў пазнейшыя тэрміны дом раней графіка?
— Выдзяленне фінансавых сродкаў сапраўды лімітавана. А таму перакінуць рамонт дома, запланаванага на 2018 год, скажам, на 2017-ы, можна толькі за кошт іншага аб’екта. А ўвогуле перанос тэрмінаў капітальнага рамонту і змяненне аб’ёмаў фінансавання работ, устаноўленых бягучым графікам, ажыццяўляецца пры наяўнасці аб’ектыўных прычын (форс-мажорныя абставіны; значныя аб’ёмы дадатковых работ, неабходнасць выканання якіх выяўлена ў ходзе правядзення рамонту, уплываючых на забеспячэнне бяспечнай эксплуатацыі жылых дамоў і гарантаванае прадастаўленне асноўных жыллёва-камунальных паслуг; адсутнасць фінансавых сродкаў на правядзенне дадатковых работ) па рашэнні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.
— Якія віды работ выконваюцца ў ходзе капітальнага рамонту жылых дамоў?
— У пералік работ, якія ў цяперашні час выконваюцца падчас правядзення капітальнага рамонту жылых дамоў за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, прадугледжаных на капітальны рамонт, і сродкаў ад унясення ўласнікамі, наймальнікамі жылых памяшканняў і членамі арганізацыі забудоўшчыкаў платы за капітальны рамонт, уваходзяць наступныя: рамонт і замена ўнутрыдамавых інжынерных сістэм электра-, цепла-, газа- і водазабеспячэння, водаадвядзення; рамонт і замена інжынернага абсталявання, якое забяспечвае спажыванне камунальных паслуг, а таксама ўстаноўка цеплаабменнікаў і сістэм аўтаматычнага рэгулявання цеплавой энергіі (за выключэннем прыбораў індывідуальнага ўліку расходу газу, вады, цеплавой і электрычнай энергіі, у тым ліку тых, што знаходзяцца ў дапаможных памяшканнях); рамонт страхі, у тым ліку пераабсталяванне сумешчаных стрэх пад паддашкавыя, з павышэннем пры неабходнасці супраціўлення цеплаперадачы прамерзлых канструкцый пакрыццяў (перакрыццяў тэхнічных паверхаў) да ўстаноўленага тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі для капітальнага рамонту будынкаў нарматыўнага ўзроўню, майстраванне выхадаў на дах; рамонт фасадаў з ухіленнем сырасці і прадзімання асобных іх фрагментаў (без давядзення супраціўлення цеплаперадачы абгароджваючых канструкцый да нарматыўнага значэння); замена запаўненняў аконных і ўваходных дзвярных праёмаў, размешчаных у дапаможных памяшканнях; рамонт і ўзнаўленне нясучай здольнасці канструктыўных элементаў, у тым ліку балконаў і лоджый, замена абгароджванняў балконаў і лоджый; абсталяванне і замена казыркоў над уваходамі ў пад’езды, падвалы і над балконамі верхніх паверхаў; рамонт фундамента, узнаўленне адмосткі; устройванне сістэм ураўноўвання патэнцыялаў і маланкааховы; устаноўка сігналізатараў выяўлення чаднага газу; аднаўленне прыдамавога добраўпарадкавання і азелянення, аддзелка дапаможных, жылых і (ці) падсобных памяшканняў жылых дамоў, пашкоджаных пры правядзенні работ па капітальным рамонце.
— Жанна Сцяпанаўна, скажыце, калі ласка, а за чый кошт зараз рамантуюцца пад’езды жылых дамоў?
— У адпаведнасці з дадаткам 2 да Інструкцыі аб парадку планавання, правядзення бягучага рамонту жыллёвага фонду, зацверджанай пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 30 сакавіка 2016 года №5 “Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку планавання, правядзення і фінансавання бягучага рамонту жыллёвага фонду і прызнання страціўшай сілу пастановы Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 2014 года
№ 12”, рамонт пад’ездаў адносіцца да пераліку відаў работ па бягучым рамонце жыллёвага фонду, крыніцамі фінансавання якога з’яўляюцца сродкі ад унясення ўласнікамі, наймальнікамі жылых памяшканняў і членамі арганізацый забудоўшчыкаў платы за бягучы рамонт, гэта значыць, за кошт уласных сродкаў грамадзян.
— Наколькі ведаю, зараз пры правядзенні капітальнага рамонту не прадугледжана ўцяпленне фасадаў жылых дамоў. Гэты від работ можна зрабіць таксама за кошт уласных сродкаў?
— Перад пачаткам капітальнага рамонту дома з уласнікамі жылых памяшканняў праводзіцца сход, на якім ім прапаноўваецца правесці ўцяпленне кватэр за ўласныя сродкі, абгаворваецца кошт работ, спосаб аплаты і закупкі матэрыялаў, а таксама варыянты аплаты за выкананыя работы. Дарэчы, у нас ёсць прыклады, калі жыхары згаджаюцца на такую прапанову. Напрыклад, жыхары дамоў №2 і №6 па вуліцы Кастрычніцкай у к. п. Нарач, дзе цяпер вядуцца рамонтныя работы, на агульным сходзе вырашылі набыць самастойна матэрыялы і ўцяпліць жыллё. Уцеплены сіламі жыхароў і дом №2 па вуліцы Юбілейнай у г. Мядзел. Дарэчы, грамадзяне, якія жадаюць выканаць вонкавае ўцяпленне кватэр, могуць звярнуцца па гэтым пытанні ва УП “Мядзельская ЖКГ” за атрыманнем дазволу на дадзены від работ.
Гутарыла  Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



25 верасня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Жыллёва-камунальная гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

возера Мястра Лебедзі на Нарачы возера Глубелька  возера Мястра

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси