САКРЭТЫ “БЯРОЗАВАГА РАЮ”

ПАКУЛЬ той-сёй скардзіцца на цяжкасці ў “індустрыі адпачынку”(халоднае дажджлівае лета ды прыкметна збяднелыя турысты), многія аграсядзібы працуюць паспяхова. Не сакрэт: у гэтай справе таксама ёсць свае правафланговыя. Па рэцэпты поспеху паехалі ў вёску Шымкі (гэта ў Мядзельскім сельсавеце), да гаспадыні аграсядзібы “Бярозавы рай” Наталлі Уцюговай.
— Утульная хата, дагледжаны ўчастак, усё прадумана да дробязей… Наталля Пятроўна, хто ўсё гэта стварыў?
— З мужам стараемся ўсё рабіць сваімі рукамі. Пачыналі — тут была звычайная хатка. Памаленьку рамантавалі, нешта выкідалі, нешта замянямі… Шмат мэблі муж зрабіў сваімі рукамі, шмат — адрэстаўраваў. Ён у мяне будаўнік, а я… (смяецца) — дызайнер! Ну і швачка. Хаця таксама ўсімі інструментамі валодаю: магу габляваць, пілаваць. Калі трэба нешта зрабіць хутка — дзелім фронт работ. Бяромся за рэалізацыю планаў, як толькі згоніць снег. А ў маі ўжо людзі прыязджаюць на адпачынак.
— Хто выбірае адпачынак у вашай сядзібе?
— Арыентуемся пераважна на сем’і з дзецьмі. Я педагог з вялікім стажам (Наталля Пятроўна працуе трэнерам у спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву раёна — Аўт.), магу дапамагчы бацькам у выхаванні, нешта падказаць. Іншы раз яны потым мне тэлефануюць, кансультуюцца. І ўмовы для адпачынку з дзецьмі ў нас створаны: ёсць пясочніцы, арэлі, гульнявыя зоны, альтанкі, сажалка. Але, здараецца, і групы прыязджаюць — не на працяглы тэрмін, а на выхадныя.
— Як атрымліваецца ладзіць з кліентамі? Яны ж такія розныя…
— Дапамагае веданне псіхалогіі. Мне цікава працаваць з людзьмі. Прыязджаюць стомленыя, іншы раз — раззлаваныя нават, знерваваныя. А ад’язджаюць — і абдымаемся, і цалуемся. Важна ўлічыць усе дробязі, зрабіць, каб людзям было камфортна. Маем падушкі большыя і меншыя, коўдры цяплейшыя і халаднейшыя… Ну і гэтак далей.
— А фізічна цяжка даводзіцца?
— Я ж спартсменка! (Смяецца.) Муж таксама — былы спартсмен.
— Каму адназначна не параілі б брацца за стварэнне аграсядзібы?
— Хто не ўмее нічога рабіць сваімі рукамі. Хто баіцца фізічнай працы — яе будзе шмат. Хто не ўмее кантактаваць з людзьмі. Так, зносіны — таксама праца. Гэта важна — умець па тэлефоне размаўляць так, каб да вас захацелі прыехаць. Умець сустрэць гасцей (так, я адношуся да кліентаў, як да гасцей!). А ўвогуле, сваю справу трэба любіць. Не трэба працаваць там, дзе не падабаецца. Нават калі гэта прынясе грошы — ад іх не будзе радасці. А здароўе страціш! Мне падабаецца гэта справа — таму ўсё і атрымліваецца.
— Ці былі ў вас якія памылкі?
— Стараліся іх не дапускаць. Мы ж паступова да ўсяго ішлі. Была просценькая маленькая хатка — пачыналі здаваць яе, умоўна кажучы, за тры капейкі. Потым пашыраліся, стваралі выгоды, пакрысе падымалі цану… Цяпер на адпачынак сюды прыязджае сярэдні клас — гэта ўжо іншае матэрыяльнае становішча, узровень інтэлігентнасці вышэйшы…
— Адкрыць аграсядзібу — сур’ёзныя выдаткі?
— Так, асабліва спачатку. Ці з нуля пачаць, ці старэнькую хатку купіць і паступова рэстаўраваць — у любым выпадку грошай спатрэбіцца шмат. Нават цяпер амаль усё, што зарабляем, укладаем у сядзібу. Але ж гэта інвестыцыі ў нерухомасць.
— Ці наступіць момант, калі не трэба будзе ўкладваць у развіццё? А толькі лічыць прыбыткі?
— Думаю, не наступіць: прыватны дом — гэта бясконца. Іншая справа, што ўсё застанецца дзецям, унукам, праўнукам. Не будзе здароўя, не зможаш працаваць — сядзібу можна закрыць, дастаткова выдаліць інфармацыю з інтэрнэта.
Гутарыла Наталля ЛІСІЦКАЯ.
P.S. Размову пра сакрэты поспеху ў арганізацыі вясковага адпачынку і “падводныя камяні” на гэтым шляху мы працягнем. У адным з бліжэйшых нумароў спецыялісты падкажуць, як не нарабіць памылак. Вас чакае таксама завочнае падарожжа ў байдарачную аграсядзібу і гутарка з яе гаспадаром.



30 жнiўня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Прадпрымальнасць, Свет тваіх захапленняў

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Сядзіба Максіма Танка  Лебедзі на Нарачы  возера Мястра  Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси