“Круглы стол” — турызму дапамога

Разнастайныя навучальныя мерапрыемствы праводзяцца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам. На днях у курортным пасёлку Нарач адбыўся “круглы стол” пры ўдзеле прадстаўнікоў турыстычнага рынку Мядзельшчыны.
Удзельнічалі ў ім гаспадары аграсядзіб, прадстаўнікі здраўніц і выканаўчай улады, у тым ліку намеснік начальніка аддзела спорту, турызму і арганізацыйнай работы ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама Інга Малашкевіч і намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Праводзіўся “круглы стол” з мэтай вызначэння ключавых пунктаў супрацоўніцтва дзеля агульнай выгады ва ўмовах канкурэнцыі і ўмацавання канкурэнтаздольнай пазіцыі курорта на міжнародных рынках, абмеркавання прыярытэтаў стратэгічных дзеянняў, развіцця малой турыстычнай інфраструктуры, абмеркавання патэнцыялу турысцка-інфармацыйнага цэнтра.
Вёў мерапрыемства эксперт праекта па маркетынгу і развіцці турызму доктар геаграфічных навук Андрыс Клеперс з Латвіі. Расказаў ён пра вопыт прыбалтыйскіх курортаў, як там працуюць турысцка-інфармацыйныя цэнтры. Удзельнікі “круглага стала” абмеркавалі стварэнне цэнтра, задавалі пытанні. Цікавілі іх падрыхтоўка спецыялістаў для працы ў падобных цэнтрах, арганізацыя выстаў, наладжванне супрацоўніцтва паміж аграсядзібамі і здраўніцамі… Вызначылі, якія пытанні хацелі б абмеркаваць на наступным “круглым стале”.
Напрыканцы ўдзельнікі падзяліліся меркаваннямі. Вось адно з іх — начальніка аддзела маркетынгу санаторыя “Прыазёрны” Сяргея Нехвядовіча:
— Мы гатовы супрацоўнічаць — вядома, калі будзе добры цікавы прадукт. У нас ёсць розныя экскурсіі: Мінск, Полацк, Гервяты. Туды людзей возім надоўга. Але не заўсёды так атрымліваецца з-за працэдур. І адпачываючыя хацелі б наведаць экспрэс-экскурсіі — каб можна было паехаць пасля абеду і вярнуцца да вечара. Вось зрабілі аглядную экскурсію па Нарачанскім курорце. Калі будзе больш падобных экскурсій, то гэта будзе толькі вітацца. Але трэба такія экскурсіі чымсьці насыціць, каб людзі змаглі пабачыць розныя аб’екты — тады ім стане цікава. Але ж мы не будзем самі хадзіць і ўпрошваць: «Давайце, гэта зробім». Ініцыятыва павінна сыходзіць ад таго, хто хоча на гэтым зарабляць. Што тычыцца турысцка-інфармацыйнага цэнтра, проста дастаткова скарыстацца чужым вопытам. На выставе сустракаліся з дырэктарам падобнага цэнтра ў Друскінінкаі. Яны ездзяць па ўсіх выставах і прадстаўляюць не канкрэтна той ці іншы санаторый, а на адным стэндзе — усіх ахвотных. І ўдзел такі абыходзіцца танней. Словам, нічога не трэба вынаходзіць — проста трэба паўтарыць чужы вопыт.
Па заканчэнні сустрэчы задаў некалькі пытанняў Андрысу Клеперсу.

Андрыс Клеперс

— Якую інфармацыю сёння хацелі данесці ўдзельнікам?
— Самае галоўнае — знайсці мэты супрацоўніцтва. Зразумець: тое, што можам зрабіць разам, мацнейшае за тое, што кожны можа дасягнуць у адзіночку. Гэта тычыцца развіцця, маркетынгу, ажыццяўлення маленькіх праектаў. Асноўнае — каб, нягледзячы на канкурэнцыю, было жаданне супрацоўнічаць і бачыць агульныя мэты. Многія кажуць, што не хапае грошай, што без іх ніякага развіцця не будзе. Але часам з дапамогай каардынацыі мясцовай грамадскасці мы можам дасягнуць многага. Ад сённяшняй сустрэчы бачу большы ўплыў на нейкія пытанні, якія ўжо доўга не вырашаліся. І ёсць канкрэтныя ідэі, як іх можна пачынаць вырашаць.
Андрыс на Нарачы не ўпершыню — прыехаў пяты раз. За гэты час пагутарыў з большасцю ключавых гульцоў турыстычнага рынку.
— У Прыбалтыцы ці памятаюць пра Нарач?
— Так, помняць, ведаюць. Ад тых, хто пабываў тут, чую, што якасць захавалася, цэны ніжэйшыя, чым у нас, утульна і прадказальна, без вялікіх сюрпрызаў. Наогул, людзям падабаецца наведваць іншыя краіны. І нават лячэбныя паслугі, якія якраз развіваюць на Нарачы, часам патрабуюць пэўнай ананімнасці, бо не заўсёды людзі з нейкай праблемай паедуць у бліжэйшую здраўніцу, а лепш — у чужое месца.
— З якім прыбалтыйскім курортам маглі б параўнаць Нарач?
— Можна параўнаць з Друскінінкаем. Таму што і там, і тут няма ні мора, ні гор. Да таго ж, Друскінінкай таксама не вельмі далёка ад Вільнюса. Таму сітуацыя падобная.
— Самыя галоўныя прапановы па развіцці нарачанскага курорта?
— Лічу, што патрэбна павысіць прыярытэт турызму ў рэгіёне. І яшчэ адно пытанне: было б вельмі добра, калі б Беларусь змагла зрабіць пяцідзённы безвізавы рэжым не толькі для тых, хто прылятае ў Мінск, але і прыязджае з боку Вільнюса. Сярод прапаноў па маркетынгавых пытаннях: стварэнне каардынацыйнага турысцкага цэнтра і вэб-сайта — платформы, якая валодае ўсёй інфармацыяй.
Аляксандр ВЫСОЦКІ.
Фота аўтара.



30 жнiўня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Курорт

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

возера Мястра 0-178 від на Мядзел img_4257

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси