“Прадаваць не жадаю — дару”

«Нарачанка» зазірнула ў госці да Галіны Антонаўны Карпекінай, якая жыве ў пасёлку Занарач. У двары ходзіць бусел, плаваюць лебедзі між кветак на клумбе, а над альтанкай расцягнулася павуціна з самаробным павучком. Што ў хаце жывуць творчыя людзі, зразумела адразу. Заходзіш унутр — яшчэ больш прыгажосці. У пярэднім пакоі — вязаныя фіранкі, на канапе — падушкі-рыбкі, на сценах — карціны, вышытыя крыжыкам.
— Не ўсё гэта я рабіла, — прызнаецца гаспадыня. — Крыжыкам вышывае дачка, карціны ўнучка падарыла. Яна нам яшчэ і сервант стары ўпрыгожыла. А падушкі ў тэхніцы «пэчворк» — гэта праца маёй сястры.
Галіна Антонаўна дваццаць гадоў адпрацавала майстрам-тэхнолагам трыкатажнай вытворчасці ў Бялынічах Магілёўскай вобласці. А пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі разам з мужам пераехала ў Занарач.
— Даўно вырашылі заняцца вязаннем?
— Гадоў пяць таму мяне навучыла дачка. Яна сама вучылася ў бабулі, маёй мамы, і я пачынала разам з ёй, але прапусціла асновы і далей не пайшла. А потым неяк аднойчы гасціла ў яе ў Мінску, рабіць не было чаго, і дачка сказала: «Што ты проста так сядзіш, нудзішся? Давай пакажу».
— Вяжаце толькі шыдэлкам або пруткамі таксама?
— І пруткамі ўмею, і на машынцы часам вяжу, але шыдэлкам усё ж такі больш за ўсё падабаецца. Пруткамі вязаць мне трохі нудна, вяжаш і вяжаш, узор асабліва не мяняецца. А калі шыдэлкам, кожны новы рад чапляецца за папярэдні, ствараючы ўзор. Нават рызыка нейкая адчуваецца, хочацца хутчэй закончыць і паглядзець, што атрымаецца. Спрабавала яшчэ з газет кошыкі плесці. Накруціла трубачак, але цярпення не хапіла, і кінула. Не маё гэта.
— А на кірмашах бываеце? Ці можа праз «сарафаннае радыё» прадаяце свае вырабы?
— Не прадаю, а раздаю на падарункі. Ведаеце, так выхавана, што прадаваць не ўмею, ды і не асабліва жадаю. На кірмашы была толькі аднойчы ў НДЦ «Зубраня» вельмі-вельмі даўно. Узяла з сабой тады некалькі сурвэтак, ды і тое не на продаж выстаўляла, а проста як прыклад.
— І на заказ не робіце?
— Ну чаму ж. Калі знаёмыя просяць ім нешта звязаць, заўсёды згаджаюся. Прашу толькі, каб ніткі купілі такія, як ім самім хочацца, і схему падабралі. Незадаволеных яшчэ не было (смяецца). Знаёмыя маю працу любяць і шануюць. І грошай я з іх, вядома, не бяру. Але часам хтосьці адказвае падарункамі ў знак удзячнасці.
— Але ж на вырабы траціцца, напэўна, нямала часу, не шкада?
— Калі як. Бывае сурвэтку за тры дні зраблю. А вось неяк знаёмым вязала абрус на сервант метр семдзесят на пяцьдзясят сантыметраў, так, вядома, часу нашмат больш сышло. Але мне вязаць не ў цяжар, вельмі падабаецца, дык чаму б не падзяліцца гэтай радасцю яшчэ з кімсьці.
— Вы спачатку вяжаце, а потым думаеце, каму падарыць, ці мэтанакіравана для сяброў нешта прыдумваеце?
— Па-рознаму. Звычайна, як набярэцца, так і раздорваю. Але ёсць у мяне адна традыцыя. Да Новага года вяжу цацку-сімвал будучага года. Вось у гэтым годзе быў певень, звязала ўсім родным і знаёмым такіх маленькіх пеўнікаў. Кожны раз штук дваццаць навяжу і раздорваю. Ну і па адным сабе пакідаю, як талісман на год.
— А схемы дзе бераце?
— Адзін час выпісвала тэматычныя часопісы, цяпер часта звяртаюся да інтэрнэта. Гэта так зручна, увёў запыт: «сурвэткі шыдэлкам, схема» і сядзі, выбірай, якая больш падабаецца — вочы разбягаюцца.
— Можа і фотаздымкі ў інтэрнэт выкладаеце?
— Хіба што ў «Аднакласніках» некалькі фота сурвэтак і тапачак выстаўляла. Прыемна, што «лайкаюць» не толькі сябры, але і незнаёмыя людзі пішуць, што падабаецца.
— Спіс таго, што хочацца зрабіць, напрыклад, за месяц не складаеце?
— Часам бывае, што вырашу нешта канкрэтнае. Напрыклад, на зіму запланавала звязаць пакрывала на канапу. Пакуль лета — часу не так шмат. І за агародам трэба сачыць, і ў лес за грыбамі і ягадамі ездзіць. А вось зімой, калі няма чаго рабіць, можна бавіць вечары за вязаннем.
— Кажуць, вязанне супакойвае, а што вы адчуваеце, калі працуеце?
— Вось калі недзе раблю памылку і даводзіцца распускаць, то гэта натуральна не супакойвае, а яшчэ больш нервуе. А ў цэлым адчуваю нецярпенне. Хочацца як мага хутчэй закончыць работу, каб паглядзець, як усё ў выніку атрымаецца.
Аляксандра ГАРАЧКА.


Фота Аляксандра Высоцкага.



30 жнiўня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Свет тваіх захапленняў

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   img_4257 0-170

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси