СВЯТА З ВОДАРАМ ВОСЕНІ

ЧЫМ запомніцца раённае свята “Добры дзень, школьная пара!” яго шматлікім удзельнікам? Цудоўным надвор’ем? Выдатным настроем? Цікавым канцэртам? Бясплатным марожаным? Усё гэта было ў суботу на мядзельскай плошчы Шаранговіча. Школьнікі развітваліся з летам…
Адкрыла мерапрыемства метадыст метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларыса Севярын. Яна ж уручыла Пасведчанні Спецыяльнага Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў пераможцам рэспубліканскіх даследчых конкурсаў. А гэта — леташнія выпускнікі гімназіі-інтэрната Дзяніс Марач, Таццяна Кавалёнак і Алёна Грыгалёнак.
А другі сакратар райкама БРСМ Наталля Шчамель адзначыла самых актыўных удзельнікаў студатрада “Сонечны”, што працаваў на збожжатаку ААТ “Пруднікі-Агра” — навучэнцаў Княгінінскай СШ Віктара Звоніка і Сваткаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу д/сад-СШ імя Максіма Танка Рыту Саковіч. Узнагароду атрымала і пераможца інтэрнэт-конкурсу на лепшае выказванне пра лета — юная жыхарка нашага горада Алеся Лукашонак. Падзяка райкама за ўдзел у Дні моладзі аб’яўлена калектыву “Акварэлі” Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў.
На імправізаванай сцэне — канцэртная праграма. Але ж цікавае — не толькі там. Вось дэманструюць спецвопратку і абсталяванне выратавальнікі. Быццам і нічога новага — без гэтага не абыходзіцца ніводнае свята — але “народная сцяжынка” туды не зарастае. Прэзентуюць свае пляцоўкі ўстановы адукацыі. Тут ужо хто на што здатны! Многае заслугоўвае асобнага артыкула. Як, напрыклад, самаробная драўляная мэбля з Крывіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа. Або валанцёрскі атрад са Старагабскага. Ці гліняныя свістулькі з Будслаўскай сярэдняй школы. І літаратурны гурток з гімназіі-інтэрната…
Але што ж гэта я? На свяце працуе “Юн-прэс-цэнтр”! Слова — юным карэспандэнтам…
Марыя НОВАК, Валянціна АДАМОВІЧ (Мядзельская СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі):
— Упэўнены, што ўсе атрымалі шмат радасці і ўражанняў. Канцэрт быў яркім і відовішчным: выступілі творчыя калектывы з Масквы, Віцебска і Мінска (яны адпачываюць у НДЦ “Зубраня”). Уразіла мноства інтэрактыўных пляцовак. Асабліва зацікавілі “Справа майстра”, “Шлях добрых спраў”, “На парозе птушыных адкрыццяў”, “Лета тысячы цудаў”. На “Уроку бяспекі” праводзіліся гульні па правілах дарожнага руху і бяспечных паводзінах. Больш даведацца пра Мядзельшчыну можна было на пляцоўцы “Пазнай свой родны край”. Спадабаліся дэфіле з дэманстрацыяй летняга і школьнага адзення і флэш-моб. Нечаканым і вельмі прыемным сюрпрызам стала акцыя “Дзень салодкага смаку” — кожны атрымаў порцыю марожанага “Гоша”…
Ксенія РОЎДА, Анастасія КУРНІЦКАЯ (гімназія-інтэрнат горада Мядзела):
— У свяце прынялі ўдзел дэлегацыі з усіх школ раёна. Навучэнцы і настаўнікі атрымалі задавальненне ад цікавай канцэртнай праграмы. Хацелася б адзначыць і выдатных вядучых, якія ўвесь час трымалі ўвагу гледачоў. А па-сапраўднаму “выбуховым” момантам стала выступленне дзяцей, што адпачываюць у “Зубраняці”. Іх нумары “трансліравалі” энергію і добры настрой.
Працягнула праграму дэфіле — калекцыі летняга і школьнага адзення прэзентавалі чатырнаццаць устаноў адукацыі.
Надзея АЎРЭЙЦАВІЧ, Вікторыя ВАРАНОВІЧ (Мядзельскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад-сярэдняя школа):
— У мерапрыемстве ўдзельчала мноства дзяцей.
На пляцоўцы Крывіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа можна было ўбачыць мэблю, зробленую рукамі настаўніка і навучэнцаў. І самому павучыцца шліфаваць драўніну.
Наша ўстанова адукацыі прапаноўвала пазнаць па паху, якія зёлкі знаходзяцца ў палатняным мяшочку. А яшчэ зрабілі выставу экалагічных праектаў і экалагічную пляцоўку “ЭкаСвет. Жыві выдатна!”.
“Урок бяспекі” праводзілі дзяржаўтаінспекцыя і райаддзел па надзвычайных сітуацыях. Будслаўцы вучылі рабіць з гліны звонкія свістулькі. А намаляваць карціну з завязанымі вачыма ці ў пальчатках прапаноўвалі на пляцоўцы для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.
У “Карагодзе захапленняў” вучылі майстраваць цацкі, маляваць нацыянальны арнамент, вязаць бранзалет-абярэг… Працавалі мастакі бодзі-арту — і на дзіцячых тварыках “распускаліся” рамонкі і валошкі.
Увагу прыцягнуў паказ школьнай моды. Хапала і музыкі, песень, танцаў. Прыемна было атрымаць бясплатнае марожанае.
На пляцоўцы Занарацкай СШ мы сарвалі лісток з Дрэва прадказанняў… Навучальны год абяцае быць удалым.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
P.S. На пляцоўцы Мядзельскай СШ №1 пазнаёмілася з трэцякласнікам Уладам Пашкевічам. Хлопчык ахвотна падзяліўся ўражаннямі пра канікулы (самым яркім момантам была сямейная паездка ў боўлінг), а школьнікам пажадаў добра вучыцца і не рабіць памылак… Зычу таго ж усім вам — незалежна ад узросту. Бо не нарабіць памылак важна не толькі ў школьных заданнях. А вучыцца дык і наогул ніколі не позна…


Фота Аляксандра Высоцкага.



29 жнiўня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя, Грамадства

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе Касцёл у Шэметава   1-12 06-043

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси