Форум народных абраннікаў

ДЭПУТАЦКІ корпус Мядзельшчыны ў аўторак абмяркоўваў выкананне параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну за першае паўгоддзе бягучага года, а таксама пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва азёрнага краю. 

У рабоце сходу, які адбыўся ў актавай зале райвыканкама, акрамя дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў, сельскіх Саветаў дэпутатаў, старэйшын сельскіх населеных пунктаў, кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна, удзел прынялі старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатолій Вайнілка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Герасімовіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталія Жыбуль і начальнік упраўлення спорту і турызму абласнога выканаўчага камітэта Яўген Булойчык.
З вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Мядзельшчыны за першае паўгоддзе гэтага года прысутных пазнаёміла намеснік старшыні райвыканкама Наталля Апановіч. Яна, у прыватнасці, паведаміла, што за гэты перыяд выкананы тры з сямі паказчыкаў прагнозных параметраў: экспарт тавараў (склаў 288,8% да ўзроўню мінулага года), колькасць працаўладкаваных грамадзян і вытворчасць валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях (амаль 116% пры заданні 109,5%). Тэмп росту прамысловай вытворчасці ў фактычных цэнах склаў больш за 112%, а рост аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі ў супастаўных цэнах — 110,3%. Напрыклад, па УП “Ілаўскае” павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці паднялося на 18,9 працэнтнага пункта, а па УП “Мядзельская ЖКГ” — на 2,1. Пры гэтым на ілаўскім заводзе выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі (кальвадосу) дазволіў выканаць гадавы план на 58%. Выкананне паказчыка па колькасці працаўладкаваных забяспечана за кошт стварэння новых арганізацый у 2016-2017 гадах (29 чалавек) і за кошт дадаткова ўведзеных рабочых месцаў на новых аб’ектах (13 чалавек). Выкананне трэцяга паказчыка ў многім абумоўлена тым, што ўсе 14 сельскагаспадарчых арганізацый раёна ў гэтым годзе перавысілі ўзровень вытворчасці адпаведнага мінулагодняга перыяда. Вытворчасць малака ў цэлым па раёне павялічылася больш, чым на 11%, у свінагадоўлі тэмп росту склаў 119%, а вырошчванне буйной рагатай жывёлы павялічылася амаль на 13%.
Як паведаміла Наталля Расціславаўна, нявыкананымі засталіся чатыры паказчыкі прагнозных параметраў: экспарт паслуг (91,3% пры заданнi 104% на першае паўгоддзе), прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове, якія “не дацягнулі” да запланаванай сумы ў 300 тыс. долараў ЗША больш за 75 тыс., аб’ём будаўніча-мантажных работ (51,2% пры заданні 60%), а таксама паказчык прагнозу па рознічным тавараабароце, які склаў 94,7% пры заданні 102,5. Стратных арганізацый у раёне 6, што складае больш за 22,2% да агульнай колькасці.
На 101% выканана заданне па росце заработнай платы за студзень — чэрвень 2017 года. Памер намінальнай налічанай зарплаты па раёне склаў 600,8 руб., пры гэтым толькі за чэрвень — 658,8 руб.
Што тычыцца выканання бюджэту раёна, то за пазначаны перыяд забяспечана выкананне плана па асноўных даходных крыніцах. Як і раней, асноўную ўдзельную вагу ў фарміраванні бюджэту Мядзельшчыны займае падаходны падатак — 51%. Значна меншая (15%) частка належыць падатку на дабаўленую вартасць, амаль столькі ж — падатку на ўласнасць і інш. Калі казаць пра расходы, то, напрыклад, на сістэму аховы здароўя было зрасходавана амаль 23%, на ўтрыманне ўстаноў адукацыі — 33%, устаноў культуры — 3,6%.
Грунтоўным быў даклад старшыні раённага Савета дэпутатаў Алега Бароўкі. Алег Алегавіч спыніўся на дзейнасці Саветаў, якая засяроджана на сацыяльна значных праблемах грамадзян.
На думку старшыні райсавета найбольш аб’ектыўным зрэзам праблем жыхароў Мядзельшчыны з’яўляецца тэматыка зваротаў грамадзян. За пазначаны перыяд у райвыканкам іх паступіла 102 (91% да ўзроўню мінулага года). Больш за ўсё людзей хвалююць пытанні камунальнай і дарожнай гаспадаркі, жыллёвыя пытанні, аховы навакольнага асяроддзя, а таксама землекарыстання, аховы правапарадку і іншыя. Тры з іх на працягу 2015-2017 гадоў выносіліся на разгляд сесій раённага Савета дэпутатаў.
Адной з важнейшых задач у дзейнасці Саветаў застаецца навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне населеных пунктаў. На ўтрыманне месцаў агульнага карыстання, падтрымку тэрыторый у належным стане ў гэтым годзе зрасходавана амаль 125 тыс. рублёў, на аплату расходаў па вулічным асвятленні сельскіх населеных пунктаў — больш за 170 тыс. рублёў. Але вырашэнне пытанняў добраўпарадкавання праводзіцца далёка за межамі выдзеленага фінансавання. Гэта і месячнікі па навядзенні парадку на зямлі, суботнікі, індывідуальная работа з людзьмі, а пры неабходнасці прадпісанні і пратаколы. Пад кіраўніцтвам старшынь сельскіх Саветаў дэпутатаў сёлета ліквідавана 329 несанкцыянаваных звалак, убрана 469 старых дрэў. Не застаюцца без увагі грамадзянскія могільнікі (іх па сельсаветах налічваецца 146), воінскія пахаванні і помнікі.
Праводзіцца работа і па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 100 “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых дамоў у сельскай мясцовасці”. Уласнікам такіх пабудоў накіроўваюцца прадпісанні аб спыненні безгаспадарчага ўтрымання дамоў і зямельных участкаў, прывядзенні іх у належны выгляд. У першым паўгоддзі гэтага года знесена 35 пабудоў (за 2015 — 74, 2016 — 64). Работа ў гэтым накірунку працягваецца.
Традыцыйнай застаецца падтрымка асабістых падсобных гаспадарак. На пачатак года іх у раёне налічвалася 7088. За два гады колькасць іх скарацілася на 275. А колькасць кароў за апошнія пяць гадоў зменшылася на добры статак — 373 галавы. Аднак сістэма збору малака аднасельніцтва па-ранейшаму зладжана працуе. Своечасова праводзіцца і аплата за здадзеную прадукцыю. Напрыклад, за ліпень у насельніцтва закуплена 146 тон малака, з пачатку года — 812, што складае 1470 кг ад каровы.
Да канца года сельскім Саветам дэпутатаў сумесна са спецыялістамі ветслужбаў трэба правесці работу па выкананні плана мерапрыемстваў па ідэнтыфікацыі жывёлы, якая ўтрымліваецца на прыватных падворках. Кожная жывёла павінна мець электронны чып, без наяўнасці якога з 1 студзеня 2018 года рэалізацыя прадукцыі, у тым ліку і малака, будзе немагчымай.
Алег Алегавіч падкрэсліў, што мясцовыя Саветы дэпутатаў разглядаюць самы шырокі спектр пытанняў, у тым ліку эканамічных, сацыяльных, культурных, палітычных. Склад дэпутацкага корпуса Мядзельшчыны паспяхова вырашае пастаўленыя задачы. Сярод тых, хто забяспечвае высокую працоўную і тэхналагічную дысцыпліну, дастойную зарплату ў сваіх калектывах і вырашэнне многіх сацыяльных праблем — дэпутаты раённага Савета дэпутатаў Аляксей Шапяцько (дырэктар РСКУП “Санаторый “Прыазёрны”), Мікалай Варабей (дырэктар ААТ “Сваткі”), Віктар Васілевіч (дырэктар ААТ “Мядзельскае аграпрамэнерга”). Дасягае значных вынікаў у выхаванні сваіх навучэнцаў дырэктар СДЮШАР Андрэй Малько, пры гэтым актыўна прапагандуе здаровы лад жыцця, пастаянна вывучае пытанні сваіх выбаршчыкаў. Адзначыў Алег Алегавіч і актыўную грамадзянскую пазіцыю дэпутатаў сельскіх Саветаў дэпутатаў Сяргея Грышкевіча (Княгінінскі с/с), Івана Пятроўскага (Будслаўскі с/с), Аляксандра Гурскага і Рамана Іванюценкі (Занарацкі с/с), Алены Босай і Еўфрасінні Лутчыной (Слабадскі с/с), Анатоля Грынкевіча (Свірскі с/с), Георгія Вайцюльяна (Мядзельскі с/с), Святланы Каўзовіч (Крывіцкі с/с), Ігара Барысаўца і Галіны Тумелі (Нарацкі с/с). Сярод старэйшын, якія могуць быць прыкладам у вырашэнні надзённых запытаў насельніцтва і карыстаюцца заслужанай павагай у аднавяскоўцаў — Кацярына Клімовіч і Тамара Блізнюк са Слабадскога, Галіна Лявіцкая са Свірскага, Ірына Ракецкая з Княгінінскага, Вікторыя Клямяціч са Сваткаўскага, Алена Каток з Крывіцкага, Іван Мурзо з Нарацкага, Аліна Хацяновіч з Будслаўскага, Людміла Волчак з Мядзельскага, Аляксандр Усовіч з Занарацкага сельсаветаў.
Змястоўным было і выступленне дэпутата сельскага Савета дэпутатаў па Засвірскай выбарчай акрузе, старшыні Свірскага сельскага Савета дэпутатаў Віктара Субача. Ён падрабязна ахарактарызаваў жыццё сельсавета, спыніўся на дасягненнях і праблемах, што дазволіла зрабіць выснову пра актыўнае і выніковае ўзаемадзеянне ўсіх слаёў насельніцтва гэтага куточка Мядзельшчыны. Ды і сам Віктар Іосіфавіч адзначыў, што работа, якая імі праводзіцца, дае аддачу. Канечне, не ўсё атрымліваецца хутка і адразу, але, як запэўніў старшыня, з праблемамі свірчане сам-на-сам не застаюцца.
Пра тое, якім чынам вырашаюцца пытанні грамадзян на самых высокіх узроўнях, расказалі Наталія Жыбуль і Святлана Герасімовіч. Яны падзякавалі мясцоваму кіраўніцтву за адкрытасць і супрацоўніцтва ў вырашэнні агульных праблем, адзначылі выніковую работу дэпутацкага корпуса раёна, выказалі спадзяванне на далейшую плённую працу ў адной з важнейшых задач развіцця дзяржаўнасці ў Рэспубліцы Беларусь — фарміраванні эфектыўнай сістэмы мясцовага кіравання і самакіравання.

Іна ЯРЧАК.



25 жнiўня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Афіцыйна

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

_dsc1133-3 Сядзіба Максіма Танка  0-170 Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси