І станоўчае, і адмоўнае

У АДПАВЕДНАСЦІ з загадам № 841 ад 31 чэрвеня бягучага года Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь «Аб медыцынскім забеспячэнні масавых сельскагаспадарчых уборачных работ», а таксама Пастановы № 25 ад 6 красавіка 2017 года «Аб дзяржаўным санітарным наглядзе за сельскагаспадарчымі арганізацыямі і льнозаводамі ў перыяд масавых палявых работ 2017 года» памочнікамі ўрача-гігіеніста ДУ «Мядзельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Святланай Далібай і Аленай Фёдаравай праведзены маніторынг сельгасаб’ектаў ААТ «Сваткі», «Пруднікі-Агра» і АСП «Вузлянка» КГУП «Мінскі Камароўскі рынак». Яго мэта — высветліць, што робіцца на месцах для папярэджання ўзнікнення і распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў, забеспячэння санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту і ўхілення недахопаў, якія былі выяўлены падчас раней праведзеных маніторынгаў.
Першае на шляху — ААТ «Сваткі». Дырэктара таварыства Мікалая Вараб’я сустрэлі на машынным двары. Разам з ім агледзелі сельскагаспадарчыя аб’екты. Прыемна адзначыць, што тэрыторыя машыннага двара ўтрымліваецца ў належным санітарным стане. Тут своечасова скасілі пустазелле, арганізавалі ўборку і вываз вытворчых адыходаў. У чысціні ўтрымліваецца рамонтная майстэрня. Не ўзнікла заўваг і па бытавых памяшканнях. Удзельнікі ўборачнай кампаніі, як расказаў дырэктар таварыства, забяспечаны спецвопраткай, сродкамі індывідуальнай аховы, аптэчкамі першай медыцынскай дапамогі.
На перыяд масавага жніва ў адпаведнасці з санітарнымі патрабаваннямі для яго ўдзельнікаў быў арганізаваны падвоз пітной якаснай вады на палеткі. Дарэчы, артсвідравіна, з якой бралі пітную ваду, утрымліваецца ў адпаведнасці з санітарнымі патрабаваннямі.
АСП «Вузлянка». Тэрыторыя машыннага двара ўтрымліваецца ў належным санітарным стане толькі з аднаго боку. Далёка не ўсюды абкошана трава. Ля воданапорнай вежы паламана агароджа, і тут уладарыць пустазелле. Своечасова не вывозіцца смецце пасля ўборкі мехмайстэрні, таму кантэйнеры перапоўнены. На дзень маніторынгу выконваліся работы па рамонце даху будынка рамонтнай майстэрні. Варта таксама сказаць, што для работнікаў створаны някепскія санітарна-бытавыя ўмовы: ёсць сучасны ўмывальнік для мыцця рук, электраручнік, дазатар вадкага мыла.
— Дзе сёння знаходзяцца камбайны? Хто з камбайнераў лідзіруе на жніве? — цікавімся ў галоўнага інжынера прадпрыемства Аляксандра Пяцько.
— Камбайны працуюць ва ўрочышчы «Селівонаўка» ля вёскі Вераб’і. А лідзіруе экіпаж у складзе камбайнера Васіля Нехвядовіча і яго памочніка Вадзіма Бохана (на здымку) (Васіль Нехвядовіч — справа, аўт.), — чуем у адказ.
Кіруемся ў названае ўрочышча. На палетку азімай пшаніцы ўбачылі тэхніку. Хлебаробы чакалі, пакуль падсохне збажына пасля ранішняй расы, каб неадкладна прыступіць да жніва.
— Ці ёсць у вас аптэчкі для першай медыцынскай дапамогі? — пытаемся ў камбайнераў.
— А як жа, ёсць, — чуем у адказ. — Усім выдалі.
Васіль Нехвядовіч хуценька падняўся ў кабіну свайго камбайна і прынёс аптэчку. Яна новага ўзору, адпавядае ўсім патрабаванням.
— Вось толькі нам не выдаюць спецвопратку. І гэта не першы год, — паскардзіўся хтосьці з хлебаробаў.
З далейшай размовы даведаліся, што для ўдзельнікаў жніва арганізавана друхразовае харчаванне. Няма праблемы і з пітной вадой. Акрамя таго, хлебаробам дастаўляецца мінеральная вада ў дастатковай колькасці. Словам, для выніковай працы на прадпрыемстве створаны някепскія ўмовы.


Апошні прыпынак — ААТ «Пруднікі-Агра». Адразу трэба сказаць, што тут недахопаў выяўлена шмат. Рэкамендацыі і прадпісанні, якія выдаваліся на працягу 2016-2017 гадоў па навядзенні парадку на тэрыторыях сельскагаспадарчых аб’ектаў тут не выконваюцца, у тым ліку на аб’ектах водазабеспячэння. Вось і на гэты раз удзельнікі маніторынгу пераканаліся, што пытанням абкошвання пустазелля тут не надаецца ўвага. Не ўпарадкавана захоўванне металалому. Адсутнічае агароджа каля артсвідравіны, якая знаходзіцца на тэрыторыі машыннага двара. А менавіта з яе бярэцца пітная вада, а таксама вада для прыгатавання страў механізатарам. Для работнікаў не абсталяваны санітарна-бытавыя памяшканні, хоць у будынку раммайстэрні ёсць дастатковая колькасць памяшканняў, якія не выкарыстоўваюцца і ўтрымліваюцца ў нездавальняючым стане…
Але не ўсё так кепска. Са станоўчага варта адзначыць, што ў гаспадарцы набыта спецадзенне для ўдзельнікаў жніва, арганізавана двухразовае харчаванне і падвоз пітной якаснай вады да месца работы камбайнераў.
Заўвагі пра недахопы, выяўленыя падчас маніторынгу, былі выказаны дырэктару таварыства Аляксандру Дзяконскаму. Ён паабяцаў прыняць меры па іх ухіленні.
Па выніках маніторынгу матэрыял да друку падрыхтаваў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота аўтара.



25 жнiўня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Экалогія

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

06-043 wjx6x-f4hhi Касцёл у Мядзеле  від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси