Разумны ў горы не пойдзе? | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Разумны ў горы не пойдзе?

“НАЙЛЕПШЫ адпачынак той, пасля якога патрэбны яшчэ адзін адпачынак”. Гэта думка і падштурхнула мяне адправіцца ў горы Заходняга Каўказа. Ды не проста на адпачынак, а ў сапраўдны турысцкі паход, альбо трэк, да Імерыцінскіх і Дукінскіх азёр.
У інтэрнэце знайшла сайт, які прапаноўваў паслугі гідаў, і пачала рыхтавацца. Фізічныя практыкаванні, збор неабходных рэчаў і пошук білетаў Мінск — Масква — Нявіннамыск. Калі абагульняць, то да месца старту дабіралася амаль тры дні. Начлег у Нявінцы (так называюць горад тутэйшыя), сустрэча з групай і яшчэ чатыры гадзіны ў маршрутцы.
Спачатку я, як і ўсе, вырашыла паспаць, але, як толькі пакінулі горад, у мяне пачаўся “сіндром беларуса”. Гэта, калі ў тваёй краіне найвышэйшая кропка над узроўнем мора — не больш за чатырыста метраў, а ты амаль упершыню бачыш сапраўдныя горы: трымаць рот закрытым не атрымліваецца.
— Ці ж гэта горы! — смяецца з мяне гід. — Паглядзім на цябе, калі падымемся да азёр.
Па дарозе атрымалі пропуск у запаведнік і паставілі лагер ля “кардона” Закан. За вячэрай знаёміліся з групай. Усе даволі вопытныя турысты. Для кагосьці гэта пяты паход, а хтосьці ходзіць ужо восьмы год. Только для мяне і яшчэ аднаго хлопчыка-беларуса гэта першы трэк.
На наступны дзень перайшлі ў даліну ракі Імерыцінкі, там жа правялі ноч, а ўжо раніцай выйшлі да азёр. Пад’ём быў прыгожы, складаны і месцамі нават страшны. Сцяжынка вяла ўздоўж ракі, на некалькі метраў вышэй за ўзровень вады. Паглядзеў не туды — рызыкуеш зваліцца. Вось і я спатыкнулася, а ў наступны момант ужо вісела над невялікім абрывам, чапляючыся за траву. Дзякуй, хлопцы хутка мяне выцягнулі. І спалохацца нават не змагла, бо разумела, што наперадзе доўгі пад’ём.
На працягу шляху мы пераходзілі рэчку ўброд, лазілі па курумніку (камяністы восып) і прадзіраліся праз зараснік рададэндрану. Бачылі Вялікі Імерыцінскі вадаспад, а таксама шмат маленькіх вадаспадзікаў.
Раз-пораз я спынялася і глядзела ўверх, думала: “Не, я ніколі туды не забяруся”, — але працягвала ісці — і праз дваццаць хвілін была на самым версе.
У сярэдзіне дня адпачылі каля першага, Вялікага імерыцінскага возера і нават рызыкнулі акунуцца. Тэмпература вады была не вышэйшай за восем градусаў.
Вада ў горных азёрах незвычайная, колеру бутэлечнага шкла: ад светла-блакітнага да бірузовага і цёмна-сіняга. І чым вышэй падымаешся, тым больш насычаным становіцца колер. Пасля дзвюх тысяч пачынаюць сустракацца квітнеючыя рададэндраны. Такія ж белыя, як і “снежнікі”, што ў гэтай даліне не таюць і ўлетку. Дакрануца да снегу ў чэрвені — сапраўдны цуд. Калі спускаешся ніжэй, рададэндранаў ужо няма, але ўсюды пахучае разнатраўе і кветкі, здаецца, усіх колераў вясёлкі. Па дарозе сустракаюцца дзікія туры. А аднойчы нам пашчасціла ўбачыць гарнастая.

Вышэйшая кропка нашага трэка — возера Буша, гэта чацвёртае возера з пяці, але на пятае, самае высокае — Паднябеснае — падняцца ўжо не паспелі.
Наступны шлях вёў у даліну ракі Дука. Спачатку доўга ішлі па палявой дарозе. Затым гадзіну ехалі на адкрытым “бобіку”, ва ўмовах горных дарог гэта было сапраўдным атракцыёнам. А пасля абеду заблукалі ў лесе — як па раскладзе. Усю дарогу па ім нам трапляліся мядзведжыя сляды. Але напрыканцы дня я думала: “Лепш сустрэць мядзведзя, толькі каб адчапіліся камары”. Яны на Каўказе вельмі агрэсіўныя, прайшоў ужо месяц, а ўкусы яшчэ не загаіліся.
На захадзе выйшлі да перавала. Здаецца, гэта лепшае месца, што бачыла ў жыцці. Наперадзе аблокі, быццам хвалі, пераліваюцца за хрыбет, справа стаяць “трохтысячнікі”, злева — плато. Навокал — толькі травяністае мора — чырвона-залатое ў святле сонца. І калі спыніцца і памаўчаць, наступае неверагодная цішыня, у якой пошчак птушкі здаецца толькі рэхам.
У гэты дзень прайшлі семнаццаць кіламетраў. Вельмі балелі ногі, але затое вячэра здалася самай смачнай за ўвесь тыдзень, і спалася вельмі добра.
Як толькі дайшлі да ракі Малая Дука, трапілі пад град. Але не прайшло і гадзіны, як надвор’е наладзілася і зноў запякло сонейка. Яшчэ праз гадзіну, калі сабраліся радыяльна (без рукзакоў) падняцца да першага дукінскага возера — Рыбкі, пачалася навальніца. Выходзілі ў дождж, але і ён хутка закончыўся. Вось якое горнае надвор’е.
На зваротным шляху я няўдала ўпала і зламала трэкінгавую палку. А яна мне вельмі спатрэбілася на наступны дзень, бо пад’ём на другое дукінскае возера, Казка Каўказа, быў вельмі складаны. Часта здавалася, што сцежкі ўвогуле няма, і нам даводзілася прабірацца скрозь кусты рададэндранаў, ісці па “сыпусе”, рызыкуючы атрымаць па галаве каменем, які сарваўся. Спусціліся зацемна, пры святле ліхтарыкаў, і ледзь падзялілі сцяжынку са статкам кароў.
Апошнюю ноч правялі на падвор’і гаспадыні ў горадзе Архыз. Я ўпершыню паспрабавала сапраўдныя айран і хычын. А ўжо ў чатыры гадзіны былі ў Нявіннамыску. Было сумна развітвацца са спадарожнікамі, але вырашыла, што горы — гэта маё. І, спадзяюся, што наступным летам зноў сустрэнуся з імі.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота аўтара.



25 жнiўня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Падарожжы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_dsc1133-3 dsc_5774-3 від на Мядзел Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси