Калі праца падабаецца

Напярэдадні прафесійнага свята начальнік аддзела статыстыкі раёна Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінскай вобласці Леанід Берняковіч з гонарам канстатаваў важнасць працы сваіх падначаленых. Шчырыя словы падзякі ён адрасаваў усім работнікам органаў і асабліва ветэранам.
— Не адно дзесяцігоддзе свайго жыцця прысвяцілі дзяржаўнай статыстыцы Ірына Аляксандраўна Несцяровіч, Яніна Альфрэдаўна Варанец, Альфрэда Баляславаўна Апанасевіч, Святаслаў Рыгоравіч Літвіновіч. Сёння яны знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Аднак іх прафесіяналізм, адданасць любімай справе — добры прыклад для пераймання і для мяне асабіста, і для ўсіх маіх калег. У кагорце ветэранаў органаў дзяржаўнай статыстыкі, дарэчы, і Часлава Іосіфаўна Козел, якая дагэтуль працуе ў нашым аддзеле. Напішыце, калі ласка, пра гэту цудоўную жанчыну. Яна заслугоўвае самых удзячных слоў за сваю руплівую працу.
Падчас размовы з Чаславай Іосіфаўнай даведалася, што яна родам з Пастаўшчыны. Закончыла Дунілавіцкую сярэднюю школу. Затым вучылася ў Ашмянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Па размеркаванні ў 1975 годзе прыехала на работу на Мядзельшчыну, ды і засталася тут назаўсёды. Пачынала аператарам ЭВМ на машыналічыльнай станцыі райцэнтра. Пасля не адзін раз змяняліся пасады, якія займала, а таксама назва ўстановы, але месца працы заставалася ранейшым. Не здраджвае яму жанчына і сёння.
— У 1990 годзе мне прапанавалі заняцца абследаваннем дамашніх гаспадарак. Практычна адразу пагадзілася, — кажа мая суразмоўца. — Мне па душы прыйшлося гэта даручэнне. Даводзіцца мець справу з людзьмі, гутарыць з імі і падчас размовы вывучаць узровень жыцця, абагульняць атрыманыя даныя. Ці ж гэта не цікава? Апошнія пяць год працую з жыхарамі Мядзела. Перыядычнае вывучэнне расходаў на харчаванне ў разліку на аднаго чалавека, а таксама на набыццё тавараў нехарчовай групы, на іншыя розныя патрэбы дазваляе рэальна ацэньваць сітуацыю аб фінансавым становішчы грамадзян. Прыемна ўсведамляць, што атрыманыя, у тым ліку і мной, даныя ўлічваюцца на дзяржаўным узроўні пры вызначэнні глабальных рашэнняў, якія ўплываюць як на развіццё эканомікі краіны, так і павышэнне дабрабыту яе жыхароў.
— Часлава Іосіфаўна — добразычлівы, шчыры чалавек і, разам з тым, вельмі сумленны, адказны работнік, — працягвае пачатую намі размову начальнік аддзела статыстыкі раёна Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінскай вобласці Леанід Сцяпанавіч Берняковіч. — Згадзіцеся, далёка не кожнага пусцяць пабочныя людзі ў сваю сям’ю, а тым больш давераць яму канфідэнцыяльную інфармацыю, якая датычыць блізкіх, а толькі таго, каго паважаюць, каму давяраюць, як самім сабе. Як мне здаецца, у выкананні гэтых няпростых службовых абавязкаў вельмі дапамагаюць Чаславе Козел яе душэўная дабрыня, ветлівасць, тактычнасць, уменне ладзіць з людзьмі рознага ўзросту і знаходзіць з імі агульную мову. А яшчэ тое, што Часлава Іосіфаўна сама ніколі не распускае плёткі і цярпець не можа тых, хто гэтым займаецца.
— Вы пастаянна маеце справу з лічбамі. Вам гэта не дакучае? — цікаўлюся ў жанчыны.
— Наадварот, мне вельмі падабаецца лічыць, — тлумачыць Часлава Іосіфаўна. — Лічбы — маё жыццё. Ці ж бы я столькі год працавала ў статыстыцы, калі б мне гэта не падабалася. А па шчырасці, я вельмі ўдзячна лёсу, што прывёў мяне ў гэту сферу. Напярэдадні нашага прафесійнага свята віншую сваіх калег — і тых, з кім раней працавала, і тых, з кім маю справу сёння, з гэтай нагоды. Жадаю ўсім моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў у працы, удачы ва ўсіх справах і пачынаннях, сямейнага шчасця, мірнага неба над галавой.
Я, у сваю чаргу, віншую са святам гераіню гэтай газетнай публікацыі і ад душы зычу ёй усяго самага найлепшага ў працы і ў жыцці. Заставайцеся і надалей, Часлава Іосіфаўна, такой жа шчырай, сардэчнай жанчынай. Няхай і надалей ваша самаадданая, сумленная праца будзе запатрабаванай у грамадстве, а людзі па-ранейшаму кажуць у ваш адрас толькі добрыя словы.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
На здымку: Часлава Козел.
Фота Аляксандра Высоцкага.



23 жнiўня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Кадры, Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

dsc_5774-3 Царква ў Крывічах возера Мястра img_4257

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси